Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якім стала дзяржаўнае тэлебачаньне без Ягора Рыбакова?


Ігар Карней, Менск Якія зьмены адбыліся на Беларускім тэлебачаньні пасьля арышту Ягора Рыбакова і з прыходам на пасаду кіраўніка кампаніі былога ідэалягічнага начальніка аб’яднаньня “Полацак-шкловалакно” Ўладзімера Матвейчука? Супрацоўнікі Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі перакананыя, што ў цяперашніх варунках ад зьмены старшыняў кампаніі нічога істотнага ў структуры вяшчаньня зьмяніцца ня можа, паколькі пазбаўленыя самастойнасьці кіраўнікі выконваюць палітычную волю ўладаў.

Супрацоўнікі тэлебачаньня ў кулюарах апавядаюць, што цяпер у эфіры наскрозь дамінуюць закупленыя сэрыялы, спартовыя ды забаўляльныя праграмы, архіўныя фрагмэнты фэстываляў кшталту “Славянскі базар” ці “На скрыжаваньнях Эўропы”. Вытворчасьць уласных праграмаў практычна згорнутая. Тэлекамэнтатарка Ганна Арцюшкевіч, якая працавала пад кіраўніцтвам Ягора Рыбакова, лічыць: цяперашняе тэлебачаньне вылечыць ужо немагчыма, а заганную сыстэму трэба ламаць.

(Арцюшкевіч: ) “Яе трэба разбураць дзеля таго, каб стварыць якаснае тэлебачаньне. Бо карупцыя і прага асабістай нажывы штурхаюць да закупаў нізкавартасных перадачаў... Неабходна, каб прыйшоў чалавек, які добра ва ўсім разьбіраецца, прыстойны спэцыяліст; каб яму былі дадзеныя паўнамоцтвы на разбурэньне ўсяго гэтага. Каб ён прыйшоў з камандай аднадумцаў і потым на абсалютна роўным месцы стварыў новае тэлебачаньне. Цяпер ніякага толку ад гэтага тэлебачаньня ня будзе. Нічога там стварыць немагчыма”.

Як сказала спадарыня Арцюшкевіч, цяпер назіраецца тэндэнцыя на вяртаньне кадраў, звольненых пры Рыбакове. Дый сам кіраўнік Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Ўладзімер Матвяйчук неаднойчы выказваўся, што ён за “працоўныя дынастыі”. Тэлежурналісты, у сваю чаргу, канстатуюць, што ўсе апошнія кіраўнікі тэлебачаньня перасталі быць самастойнымі. Цяпер яны толькі выканаўцы ўладных загадаў.

Між тым, адзін з былых ідэолягаў БТ, а цяпер генэральны дырэктар “Сталічнага тэлебачаньня” Аляксандар Зімоўскі перакананы, што менавіта апошнім часам у сыстэме тэлевяшчаньня адбыліся зрухі да лепшага.

(Зімоўскі: ) “Цяпер кожны з нацыянальных каналаў мае свой твар. І калі нават на канале адсутнічае лягатып, глядач зь лёгкасьцю вызначыць: дзе Беларускае тэлебачаньне (Першы нацыянальны канал), дзе “Лад”, дзе СТВ ці ОНТ. Іншымі словамі, склалася дыфэрэнцыяцыя ў падыходах, фарматах, наборах. Але, натуральна, што Першы канал застаецца самым вялікім, самым паважаным, самым салідным. І гэта брэнд усяго тэлебачаньня”.

Былы старшыня Дзяржтэлерадыёкампаніі Генадзь Бураўкін лічыць, што палітычныя мэты, якім цяпер служыць тэлебачаньне, замінаюць рэалізавацца творчым ідэям.

(Бураўкін: ) “На першым пляне — чыста прагматычныя мэты. А творчыя праблемы, якіх вышэй за галаву, адсунутыя на другі плян. І ўрэшце, наіўна гаварыць, што ў нас тры каналы. Практычна ў нас адзін канал, бо астатнія два — несамастойныя, нераўнацэнныя. Тое, што яны маюць быццам сваё творчае аблічча, дык гэта толькі коштам расейскіх праграмаў, якія яны ў сябе ўключаюць. У астатнім гэта абсалютна тыя ж самыя праграмы, да якіх мы ўжо, на жаль, прызвычаіліся і зьменаў у якіх чакаць не даводзіцца”.

У гісторыі незалежнага Беларускага тэлебачаньня гучнай справе Ягора Рыбакова папярэднічаў арышт генэральнага дырэктара БТ Бахціяра Бахціярава, абвінавачанага ў хабарніцтве. У зьвязку з затрыманьнем Бахціярава ў 1995 годзе ў бары рэдакцыйнага будынка, газэта “Советская Белоруссия” намякала на нейкія “таямніцы Беларускага тэлебачаньня”. Мяркуючы па тым, што і цяперашнія слуханьні справы Рыбакова закрытыя ад грамадзкасьці, таямніцаў вакол тэлебачаньня меней ня стала.
XS
SM
MD
LG