Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рызыкант, рызыканцтва


Юрась Бушлякоў, Менск Новая перадача сэрыі "Жывая мова".

Сорак гадоў назад Ян Скрыган, пісьменьнік, чалавек, вельмі чуйны да беларускага слова, пісаў пра калечаньне мовы бяздумнымі перакладамі. Сярод іншага прыпамінаў, як у беларускіх абвестках інфармавалі пра фільм “Ліхія вадзіцелі”. Па-беларуску ліхі – гэта дрэнны, благі, нядобры, злы, той, які можа прынесьці ліха, зло: ліхая вестка, ліхі час, ліхі сабака, ліхія людзі. Кажуць у нас: зь ліхім чалавекам і гадзіна векам. Для аўтэнтычнай, традыцыйнай беларускай мовы прыметнік ліхі ў значэньні ‘сьмелы, удалы, зухаваты’ фактычна не характэрны. Калі памянёны Скрыганом назоў разумець сапраўды па-беларуску, выходзіць, што фільм той быў пра кепскіх шафёраў. Бяздумны пераклад прывёў у гэтым выпадку да зьмены сэнсу. Каб перадаць сэнс адэкватна, трэба напісаць, напрыклад, пра шафёраў-рызыкантаў, кіроўцаў-зухаў.

Маючы свае словы, наўрад ці варта было дапускаць у беларускія нарматыўныя слоўнікі перанесенага з расійскай моўнай практыкі ліхача. Як разумець таго ліхача, калі ліхі – гэта благі, нядобры? Па-беларуску гарачага, дзёрзкага чалавека, здатнага на сумнеўныя, небясьпечныя, часам нават шкодныя ўчынкі называюць рызыкантам. Той, хто ня думае пра бясьпеку язды, – рызыкант на дарозе. Паводзіны, учынкі рызыканта на дарозе й ня толькі на ёй называем рызыканцтвам.
XS
SM
MD
LG