Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладыя прыхільнікі беларускае музыкі распачалі акцыю, якая называецца “Штурм FM”


Валянціна Аксак, Менск Сэнс акцыі ў тым, што фаны тэлефануюць на FM-станцыі ў часе наўпроставых канцэртаў па замовах слухачоў і просяць уключыць для іхных сяброў песьню на беларускай мове. Пра тое, што з гэтага атрымліваецца, нашая карэспандэнтка гутарыць з адным зь ініцыятараў, каардынатарам моладзевае суполкі “Вока” Віталём.

(Карэспандэнтка: ) “Спадар Віталь, як нарадзілася ідэя “штурмаваць” FM-станцыі з просьбай выканаць для вашых сяброў, для вашых знаёмых беларускамоўную песьню?”

(Віталь: ) “Ужо даўно існуе такі закон, што на ўсіх FM-станцыях рэспублікі Беларусь 50% музыкі павінна быць менавіта беларускай. Мы бачым, што як круцілі Барыса Маісеева, гурт “Краски” і астатніх – так і зараз круцяць, ужо толькі з новым лэйблам “слухай сваё”. Нам гэта не падабаецца, мы хочам слухаць менавіта беларускамоўнае, таму мы вырашылі правесьці такую кампанію, “Штурм FM”.

(Карэспандэнтка: ) “І вось ужо ад 1 лістапада сябры вашай моладзевай ініцыятывы тэлефануюць на “Альфа-радыё” з просьбай выканаць песьню на беларускай мове. Скажыце калі ласка, як успрымаюць вашыя просьбы?”

(Віталь: ) “Калі мы тэлефанавалі ў першы раз, нам казалі – вечар добры (зразумела, па-руску), мы казалі – ці можна павіншаваць, нам казалі – канечне, дазвалялі гэта ўсё, а калі мы прасілі беларускамоўную песьню, нам казалі, што сёньня гэта проста не прадугледжана. І на наша пытаньне “калі ж прадугледжаны беларускія песьні ў рэспубліцы Беларусь?” ды-джэй нічога разумнага нам ня здолеў адказаць”.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце калі ласка, а як успрымаецца мова вашых тэлефанаваньняў?”

(Віталь: ) “Ды-джэй па-за эфірам нам кажа, што ваша беларуская мова – гэта проста сьмешна, ня трэба нам такой мовы. Учора здарыліся такія праблемы, што проста забаранялі людзям казаць па-беларуску: вы будзеце віншаваць толькі пры ўмове, што размаўляць будзеце па-руску”.

(Карэспандэнтка: ) “А вам чым-небудзь патлумачылі, чаму менавіта па-руску?”

(Віталь: ) “Нам сказалі адно ,што ў гэтым эфіры ўжо 3 чалавекі да вас размаўлялі па-беларуску, і чацьвёрты гэта будзе занадта. А пасьля гэтага проста вырубаюць тэлефон. Калі тэлефануеш і вітаесься зь імі, яны таксама кладуць слухаўку”.

(Карэспандэнтка: ) “І якія далейшыя вашыя дзеяньні ў гэтай акцыі?”

(Віталь: ) “Мы будзем тэлефанаваць, замаўляць беларускамоўнае, у нас не адно толькі “Альфа-радыё”, у нас ёсьць і іншыя радыёстанцыі, на якіх могуць і паставіць беларускае, а чым скончыцца “Штурм FM” і калі ён скончыцца – я ня ведаю. Нас вельмі хвалюе, што забараняюць размаўляць па-беларуску, што не пушчаюць у эфір, што нашы паведамленьні самі, самавольна перакладаюць на рускую мову, блытаючы нейкі сэнс, таму мы будзем накіроўваць і міністру сувязі, і адміністрацыі “Альфа-радыё” лісты, каб нам растлумачылі гэтую сытуацыю”.
XS
SM
MD
LG