Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Самае галоўнае, што самі беларусы не прызналі вынікаў так званага народнага галасаваньня”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 1 лістапада. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадарыня: ) “Кожны вечар чакаю голас Свабоды. Як пачую знаёмую мэлёдыю на словы “Люблю мой край – старонку гэту”, адразу лягчэй на душы, бо пасьля рэфэрэндуму стала неяк асабліва цяжка, нібыта зачыніліся дзьверы, а ў памяшканьні няма вокнаў.

Я ўвесь час думала, што гэты рэфэрэндум непапраўна далёка адкінуў нашую Радзіму назад, у няволю, у таталітарныя 1930-я, 1940-я і да 1990-х гадоў. Але сёньня пагаварыла з мудрым чалавекам, яму ўжо 92 гады, ён і мае надзвычай ясны розум, памятае і войны, і парадкі пры розных уладах, польскай, нямецкай рускай, і вось што ён сказаў. “Пайшлі б на той рэфэрэндум людзі альбо не – вынік быў бы той жа. Ня ў гэтым галоўнае. Галоўнае ў тым, што неразумныя ў Бацькі дарадчыкі. На гэты раз дрэнна пралічылі варыянты, а можа, нахабныя зусім зрабіліся. Але Ярмошына і іншыя аказалі мядзьведжую паслугу “правадыру”, бо нават, калі ўвесь сьвет не прызнаў вынікі рэфэрэндуму – Бацьку гэта да лямпачкі, мала клапоціць, сядзіць сабе ў сваёй рэзэрвацыі, а з-за мяжы хай сабе зьвягаюць, ушчуваюць. Самае галоўнае, што самі беларусы не прызналі вынікаў так званага народнага галасаваньня! У гэты раз вельмі выразна адчулі людзі ціск, хлусьню, асабліва ў час датэрміновага галасаваньня, калі іх нібы быдла гналі на тыя выбары. Нават прыхільнікам Бацькі гэта не спадабалася”. І вось я падумала: можа, дзядуля мае рацыю? Можа, гэты рэфэрэндум адкрые людзям вочы? Бо сумленныя ж людзі ня могуць прыняць і тым больш падтрымліваць хлусьню. Беларусам патрэбная адна дыктатура – дыктатура закону!”

(Спадара: ) “Шаноўная Свабода! На вашае пытаньне, што цяпер павінна рабіць апазыцыя, думаю: безумоўна, змагацца! Па праўдзе кажучы, вучыцца і вучыць змагацца – як за самі галасы, і асабліва за іх адстойваньне. Чаго мы, патрэбна прызнацца, ня ўмеем і ня вельмі жадаем рабіць. Кажучы спартовай мовай: патрэбна матывацыя. А як яе абумовіць, давайце будзем рабіць разам да наступнай сустрэчы”.

(Спадар: ) “Дай Божа, каб прэзыдэнцкія выбары выйграў Юшчанка! Тады Ўкраіна пойдзе па шляху эўрапейскай цывілізацыі. І гэта пойдзе на карысьць Украіне і яе суседзям. А калі Юшчанка прайграе, то ва Ўкраіне ўсталюецца, так бы мовіць, беларускі варыянт зь вядомымі вынікамі”.

(Спадар: ) “Вялікае дзякуй! Зараз я слухаю па Радыё Свабодзе песьні Шалкевіча. Дзякуй”.

(Спадарыня: ) “Учора атрымала пасылку з Партугаліі. Мне дасылалі 2 бутэлькі натуральнага вінаграднага віна. І вось мытня ў Менску канфіскавала! Мне прынесьлі толькі паперку, так званы, пратакол, каб я ведала, што канфіскавалі. Да сёньняшняга дня не магу супакоіцца. Хто дазволіў з маёй пасылкі канфіскаваць віно?! Я на пэнсіі, адпрацавала 35 год пэдагогам з вышэйшай адукацыяй, і нехта дазваляе мне альбо не атрымаць падарунак – 2 бутэлькі натуральнага вінаграднага віна. Вы разумееце, што адбываецца ў нашай краіне?! За што мы галасуем?! Я хачу, каб Радыё Свабода адкрыла рубрыку “За што вас пакрыўдзілі”. І каб людзі тэлефанавалі і расказвалі, што зь імі здарылася, каб не маўчалі, ня плакалі ў адзіночку. Настолькі агідна, што ўлады ўзялі на сябе ролю нейкага жандара. Яны пераглядваюць, перамацваюць, канфіскуюць. Я такі самы чалавек як яны, які прыйшоў на зямлю пажыць і сысьці. Чаму нас пазбаўляюць самых элемэнтарных, самых простых жыцьцёвых радасьцяў? Зь мяне зрабілі нейкага алькаголіка. Яны напісалі: “Канфіскавалі сьпіртовыя напоі”.

(Спадарыня: ) “Спадары апазыцыйныя! Што вы там зьбянтэжыліся? Прыйдзе да ўлады Вячорка альбо Лябедзька – вось вам і будзе Туркмэн-Башы! Зьвяртаюся асабіста да спадара Лукашука. Прашу адказаць на мае пытаньні. Дзе апынуўся Сяргей Бабіцкі з чужымі дакумэнтамі? Куды везьлі Бандажэўскага? Ён сказаў жонцы, што паехаў у Менск, а затрымалі яго на ўкраінскай мяжы. Якія сваякі ў камуніста Шарэцкага? Ён там пад сваім прозьвішчам ваду муціць. Ганчар і Красоўскі згубіліся, як іголка ў стозе сена. Усё гэта наводзіць на сумныя разважаньні.

Лукашэнку вы любіце ня менш за нас, кожны дзень пра яго кажаце. Такога прэзыдэнта нідзе няма і ня будзе! Асабіста я галасую за трэці тэрмін. Навошта нам такая ўлада, якая тры гады дамагалася, каб прынялі закон, які ўшчымляе простых людзей: не даваць, не пускаць, не прызнаваць? Зрабіце нешта такое, каб вас народ пачаў паважаць. А пакуль апазыцыя толькі можа лапшу на вушы вешаць, пантавацца і сьцены пэцкаць. Да пабачэньня”.

(Міхаіл Лекаў, доктар тэхнічных навук: ) “Добры вечар! Я ўважліва сёньня праслухаў і запісаў перадачу “Званкі на Свабоду”. Хачу вам падзякаваць, што вы працытавалі значную частку майго адказу на пытаньне, што патрэбна рабіць апазыцыі.

Трэба, каб людзі ўбачылі, што гэта карысная апазыцыя, што гэта ня людзі, якія імкнуцца толькі да кармушкі. Сёньня бачна, што яны імкнуцца да кармушкі. Я прааналізаваў прыкладна 20 інтэрвію лідэраў апазыцыі. Усе маюць аднолькавы твар! Нічога канструктыўнага, ніякіх фактаў, а калі факты ёсьць, то яны проста хлусяць. Дарэчы, на гэтую тэму я напісаў шэраг артыкулаў. Я дашлю іх, яны апублікаваныя.

Я ўжо немалады. І калі я тэлефаную зь іншай краіны, трачу свае асабістыя грошы, якія я зарабляю як вучоны, як аналітык-экспэрт, то вы разумееце, што я падтрымліваю Беларусь і спрабую нешта зрабіць карыснае. Усяго добрага”.

(Анатоль Жэрдзеў: ) “Дзень добры, Радыё Свабода! Тыя званкі, якія я чую па Радыё Свабода, даказваюць, што беларусы не такія дурні, як пра іх думаюць некаторыя лідэры апазыцыі. Асабліва мне падабалася тэлефанаваньне слухача пра бюлетэні з адрыўным карэньчыкам з тым самым нумарам як і бюлетэнь, дзе б было паказана, як чалавек прагаласаваў. Каб так было зроблена, каб карэньчыкі людзі маглі б класьці ў вурну назіральнікаў, ніякай фальсыфікацыі немагчыма было б зрабіць. Гэта вельмі мудрая прапанова! Але я ўпэнены, каб нашая апазыцыя працавала з народам, то было б значана больш такіх карысных прапановаў. Дзякуй за ўвагу”.

(Анастас Семяновіч: ) “Шаноўныя гаспадары і гаспадыні Радыё Свабода! Хачу адказаць бальшавікам-прапагандыстам, якія лаюцца на дэмакратыю ў Амэрыцы. Таварышы бальшавікі! Каб у нас узяць хаця б 50 адсоткаў заканадаўства Амэрыкі, то Эўропа і Амэрыка прызналі б наш рэфэрэндум і выбары ў парлямэнт дэмакратычнымі. Бяда ў тым, што вы сваім розумам ня здольныя зразумець іхнюю дэмакратыю. Выбары могуць быць прызначанымі за месяц – жахлівага нічога няма. Але для гэтага трэба мець амэрыканскую тэхніку, якой у нашых бальшавікоў няма. У гэтым нашая трагедыя.

Тое, што нашых выбаршчыкаў гоняць як статак авечак на выбарчы ўчастак датэрмінова – кожны ведае, што гэта падман, як ты галасуеш нікога не цікавіць. Таварышы бальшавікі! Ня трэба брахаць на амэрыканскую дэмакратыю! Нам да яе як да Месяца. А я хачу, каб мае ўнукі й праўнукі жылі пры нармальным дэмакратычным рэжыме. Дзякуй за ўвагу”.

(Спадар: ) “Хачу адказаць на пытаньне Свабоды “Што павінна рабіць апазыцыя пасьля рэфэрэндуму?” Галоўнае – аб’яднацца! Не пазьней вясны 2005 году вызначыць лідэра і рыхтавацца да выбараў 2006 году, працаваць з народам, а не ў кабінэтах. Практыка паказала, што ў нашых партыях павінен быць блёк дэмакратаў – “Дэмакраты Беларусі”, якія б рэагавалі на ўсе незаконныя дзеяньні ўладаў. Згублена 10 гадоў жыцьця! Колькі яшчэ будзем губляць? За бязьдзеяньне згубім і Беларусь. Цяперашнія лідэры партыі паказалі сваю недзеяздольнасьць. Патрэбна замена на маладыя сілы”.

(Спадар: ) “Добры дзень, паважаная Свабода! Дзялюся з вамі інфармацыяй. Учора ехаў аўтобусам, які быў поўны пасажыраў. Я сядзеў на задніх крэслах, дзе разам нас было 9 чалавек. Папрасіў прабачэньня і апытаў, хто ўдзельнічаў у выбарах. З 9 чалавек удзельнічала чатыры, то бок, менш паловы. Я папрасіў, калі магчыма, адказаць, хто галасаваў “За” рэфэрэндум, за прапанову. З гэтых чатырох “За” галасавала недзе два. У ходзе гэтай размовы адна жанчына майго ўзросту, мне 64 года, пачала мяне адчытваць, навошта я, маўляў, займаюся палітыкай. І тут я ўжо абурыўся: “Хопіць ужо сядзець пад венікам! Час ужо і пра гонар падумаць і пра дзяцей падумаць, якім мы здраджваем і хамут вешаем на шыю”. І потым, калі яна мяне больш распаліла, я ёй сказаў, што нас з вамі ўтапіць трэба за тое, што мы хамут павесілі дзецям і ўнукам на шыю, і якую мы павагу чакаем ад дзяцей. Самае галоўнае, што з усяго аўтобусу перапоўненага ніхто за Лукашэнку ня выступіў! Гэта кажа пра тое, што і не галасаваў ніхто за яго з маладых, бо большасьць пасажыраў былі маладыя. Дзякуй за ўвагу”.

(Спадар: ) “Паважаная Свабода! Вы задавалі пытаньне, што павінна рабіць апазыцыя пасьля рэфэрэндуму. На гэтае пытаньне адкажу толькі воднае, што яны павінны весьці палітыку ў адносінах да маскоўскіх палітыкаў, каб тыя не падтрымлівалі гнюсных рэжымаў. Калі б назіральнікі ад Расеі далі правільнае заключэньне аб сваім назіраньні, не закрываючы вочы на парушэньні, то не было б легітымізацыі гэтага антынароднага рэжыму з усходу. Вось што павінна зрабіць апазыцыя. І калі гэта будзе зроблена, калі яны дамогуцца гэтага (а гэтага магчыма дамагчыся, калі выкарыстоўваць акцыі дэмакратыі на Беларусі!), то гэты рэжым спадзе адразу. Дзякуй за ўвагу”.

(Спадар: ) “Я хачу вам сказаць, што ў вашых перадачах няма месца для Вячаслава Сіўчыка. А гэта вельмі добры патрыёт наш, бо Вячаслава Сіўчыка шанаваў яшчэ пакойны Васіль Быкаў, пісаў пра Вячаслава Сіўчыка ў сваёй кнізе “Доўгая дарога дадому”. Ён ні пра каго так не пісаў, як пра Сіўчыка. Сіўчык вельмі актыўны наш патрыёт, ён змагаецца супроць рэжыму ўсімі магчымымі для яго сродкамі. Зараз Сіўчык сядзіць у пастарунку, і колькі разоў ён ужо там сядзеў! Я вельмі шаную вашую перадачу, але я лічу, што пра такіх людзей як Сіўчык трэба не маўчаць, каб людзі ведалі такіх людзей. І вашая рэдакцыя павінна гэта ўлічваць.

Калі ласка, больш зьвяртайце ўвагу менавіта на Сіўчыка й людзей, падобных на яго, яго таварышаў. Вельмі вас прашу! Такія людзі ў нас рэдкія. Сіўчык казаў: “За Беларусь я аддам сваё жыцьцё!” Такіх людзей ня трэба цурацца. Будзьце ласкавы, распавядзіце ў вашай праграме пра Сіўчыка”.

(Спадарыня: ) “Добры дзень, несвабоднае радыё! На хлусьні свабоду не здабудзеш. Адзін журналіст кажа, што на шэсьці ў Курапаты было 500 чалавек. А другі ўдзельнік шэсьця кажа, што нягледзячы на дрэннае надвор’е ў Курапаты прыйшло шмат людзей, асабліва шмат было моладзі”.
XS
SM
MD
LG