Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму суд над Ягорам Рыбаковым будзе закрытым?


Алег Грузьдзіловіч, Менск 4 лістапада ў Вярхоўным судзе Беларусі пачынаецца працэс над былым старшынём Белдзяржтэлерадыёкампаніі Ягорам Рыбаковым, якога абвінавачваюць ў службовых злоўжываньнях, крадзяжы й хабарніцтве. Ужо абвешчана, што працэс будзе закрытым. Як тлумачаць гэтую закрытасьць афіцыйныя крыніцы, і што думаюць пра гэта ў беларускім грамадзтве?

Паказальна, што да апошняга часу закрытасьць працэсу, які пачынаецца сёньня ў Вярхоўным судзе, тлумачылі па-рознаму. У прэсавай службе Вярхоўнага суду яшчэ апоўдні 3 лістападу казалі, што ў справе Ягора Рыбакова закранутыя нейкія дзяржаўныя сакрэты, і таму пракуратура Беларусі нібыта хадайнічала, каб працэс быў закрытым. Аднак у другой палове дня ў пракуратуры спасылаліся на іншую прычыну. Прэсавы сакратар Юры Азаронак заявіў Радыё Свабода:

(Азаронак: ) “Працэс будзе закрытым, каб гарантаваць бясьпеку сьведкаў, яны пра гэта прасілі”.

Юры Азаронак дадаў, што сьведкі нібыта атрымлівалі на свой адрас пагрозы.

Нагадаю, што Ягора Рыбакова арыштавалі ў лютым, і з тых часоў трымаюць у сьледчым ізалятары КГБ. Больш як празь месяц пасьля арышту Рыбакова афіцыйна было агучана, што падчас ператрусу ў яго нібыта знайшлі звыш 500 тысяч даляраў. Але мэханізм здабычы гэтых грошаў патлумачаны ня быў. Зь неафіцыйных крыніцаў вядомая толькі вэрсія, у якой фігуруе пэўная фірма, якая займаецца пастаўкамі ў Беларусь тэлевізійнага абсталяваньня з Масквы. Нібыта за тое, што кантракты на пастаўкі падпісваліся менавіта з гэтай фірмай, Ягору Рыбакову й адлічаліся пэўныя сумы.

Былы супрацоўнік беларускага тэлебачаньня Леанід Міндлін прытрымліваецца гэтай вэрсіі. Ён не выключае таксама, што Рыбакоў быў зьвязаны з вышэйшымі дзяржаўнымі чыноўнікамі.

(Міндлін: ) “Вялікія сродкі ўкладзеныя ў тэлебачаньне, і яны пакрадзеныя. І калі будзе працэс адкрытым, гэтыя зьвесткі абнародуюць. Вось гэта і ёсьць галоўнай тайнай”.

Вядомы адвакат Гары Паганяйла зьвяртае ўвагу на тое, што ў Беларусі часта робяць закрытымі працэсы, калі ў іх фігуруюць асобы з прэзыдэнцкіх структураў. Гары Паганяйла згадаў справу аб выкраданьні апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага.

(Паганяйла: ) “Там фігураваў дзеючы афіцэр спэцаддзелу “Алмаз”, былы афіцэр аддзелу, курсант акадэміі міліцыі. Але яны рабілі такія рэчы, ад якіх валасы на галаве ўстаюць”.

На думку Гары Паганяйлы, беларускія ўлады найперш клапоцяцца не пра бясьпеку сьведкаў, а пра захаванасьць зьвестак, якія кампрамэтуюць дзеючы рэжым.

Ягору Рыбакову пагражае да 15 гадоў турмы, яму інкрымінуюць шэраг сур’ёзных злачынстваў. Пакуль няма зьвестак, што на лаву падсудных разам з Рыбаковым сядзе яшчэ нехта. Але ў пракуратуры гэтага не выключаюць.

(Азаронак: ) “Бывае, запрашаюць ў якасьці сьведкі, а потым чалавек становіцца абвінавачаным. Ці наадварот”.
XS
SM
MD
LG