Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Буш застаецца прэзыдэнтам, рэспубліканцы маюць бальшыню крэслаў у Сэнаце і ў Кангрэсе


Сяргей Навумчык, Нью-Ёрк Амэрыка абрала прэзыдэнта – на бліжэйшыя гады ім зноў будзе Джордж Буш. Паводле закону, калегія выбаршчыкаў прагаласуе за кандыдатуру прэзыдэнта 13 сьнежня, а Кангрэс зацьвердзіць вынікі галасаваньня 6 студзеня. Аднак, па традыцыі, выбарчая кампанія лічацца скончанай, калі пераможцу павіншуе ягоны канкурэнт. Кэры афіцыйна павіншаваў Буша і прызнаў сваю паразу.

Адбылася даволі цікавая гісторыя: Буш чакаў, што Кэры патэлефануе яму ўначы, бо гадзіны ў тры начы ўжо было зразумела, што Буш перамог. Запрасілі нават фотакарэспандэнтаў зь вядучых амэрыканскіх выданьняў – каб зафіксаваць гістарычную тэлефонную размову. Але Буш не дачакаўся званка, і гадзіне а пятай пайшоў спаць. Кэры патэлефанаваў у 11 раніцы і прызнаў, што перамога на баку Буша.

Чаму гэтым разам надаецца такая вялікая ўвага факту тэлефанаваньня Кэры Бушу? Найперш таму, што вынікі выбараў залежалі ад галасаваньня ў штаце Агаё, які дае 20 галасоў выбаршчыкаў. Калі б іх узяў Кэры – перамога была б за ім. Паводле ўчорашняга галасаваньня, перамог Буш. Але не падлічанымі застаюцца недзе 140 тысячаў бюлетэняў тых, хто галасаваў датэрмінова – гэтак званыя “ўмоўныя бюлетэні”. І, паводле закону штату Агаё, падлік адбудзецца не раней чым праз адзінаццаць дзён.

Па вялікім рахунку, гэтыя галасы нават пры спрыяльным для Кэры выніку датэрміновага галасаваньня не прынесьлі б яму перамогі. Але чыста фармальна, юрыдычна Кэры мог заявіць, што будзе чакаць падліку галасоў і аспрэчваць перамогу Буша. І паводле некаторых тэлеканалаў, менавіта гэта раілі Кэры некаторыя ягоныя дарадцы. Такая тактыка прывяла б да паўтору сытуацыі, што склалася чатыры гады таму ў Флярыдзе, і паглыбіла б канфлікт паміж прыхільнікамі рэспубліканцаў і дэмакратаў.

Кэры прыняў іншае рашэньне – ён патэлефанаваў Бушу, сказаў, што не жадае расколу грамадзтва, павіншаваў яго зь перамогай. Гэта ж ён паўтарыў і перад сваімі прыхільнікамі ў Бостане, сказаўшы, што калі б быў упэўнены ў магчымасьці дамагчыся перамогі – дык дамогся б яе, маючы на ўвазе, верагодна, пералік галасоў у Агаё.

А як успрынялі амэрыканцы прамову Буша? Буш сказаў, што ганарыцца магчымасьцю быць лідэрам такой вялікай краіны, аддаў належнае Джону Кэры і сказаў, што зробіць усё магчымае, каб апраўдаць давер і тых, хто галасаваў за Кэры. Ён вызначыў некалькі прыярытэтных накірункаў сваёй палітыкі на бліжэйшы час: Афганістан і Ірак, рэфармаваньне падаткавай сыстэмы, школьная адукацыя, пэнсійная сыстэма, усталяваньне каштоўнасьцяў сям’і й рэлігіі. Вось гэтыя сацыяльныя аспэкты праграмы, безумоўна, знойдуць водгук у самых шырокіх колах амэрыканскага грамадзтва, таму што эканамічныя праблемы цяпер у Амэрыцы адчуваюцца вельмі востра.

Нават пры атрыманым 51 адсотку можна казаць пра ўпэўненую перамогу Буша, бо ўпершыню ў найноўшай гісторыі рэспубліканская партыя нагэтулькі ўмацавала свае пазыцыі і ў Сэнаце, і ў Кангрэсе, і пераўзышла самыя аптымістычныя прагнозы. У Сэнаце 55 рэспубліканцаў і 44 дэмакрата, у Кангрэсе – 231 рэспубліканец і 200 дэмакратаў, і ў ЗША 28 губэрнатараў-рэспубліканцаў, а ў дэмакратаў – 21.

Між іншым, яшчэ адзін сюрпрыз: лічылася, што жанчыны ў большасьці падтрымліваюць Кэры. А апошняе апытаньне паказала, што 54 адсоткі жанчынаў на выбарах галасавалі за Буша.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG