Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнікі розных краінаў віншуюць Джорджа Буша


ВАШЫНГТОН. Пасьля перамогі Джорджа Буша на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША кіраўнікі розных краінаў сьвету й міжнародных арганізацыяў заклікалі да аднаўленьня намаганьняў пераадолець глябальныя разыходжаньні ў пытаньні вайны ў Іраку й сытуацыі на Блізкім Усходзе. Генэральны сакратар ААН Кофі Анан, які раней назваў вайну ў Іраку незаконнай, заявіў, што ён зьбіраецца супрацоўнічаць з Джорджам Бушам і яго адміністрацыяй па шырокім коле пытаньняў, зь якімі сутыкаецца ААН і цэлы сьвет. Прэзыдэнт Францыі Жак Шырак і канцлер Нямеччыны Гэрхард Шродар павіншавалі Джорджа Буша і выказалі сваё жаданьне супрацоўнічаць са Злучанымі Штатамі. Прэзыдэнт Кітаю Ху Цзын Таа сказаў, што зь няцерпеньнем чакае ўсталяваньня канструктыўных дачыненьняў і супрацоўніцтва з Вашынгтонам. Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Тоні Блэр, галоўны саюзьнік ЗША ў Іраку, заклікаў Злучаныя Штаты ды Эўразьвяз аднавіць добрыя стасункі, што сталі напружанымі праз вайну ў Іраку ды шэраг іншых пытаньняў. Блэр таксама заклікаў да вырашэньня араба-ізраільскага канфлікту. Да гэтага ж заклікалі прэзыдэнт Эгіпту Хосьні Мубарак і кіраўнік Палестыны Ясір Арафат. Прэм’ер-міністар Аўстраліі Джон Говард далучыўся да словаў прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна, які назваў абраньне Джорджа Буша перамогай амэрsканскага народу ў барацьбе з тэрарызмам.
XS
SM
MD
LG