Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральнікі АБСЭ: доступ да выбараў у ЗША быў больш абмежаваным, чым на выбарах у Казахстане


Сьвятлана Курс, Прага “Сыстэма галасаваньня ў ЗША саступае лепшай міжнароднай практыцы, і гэта ня можа не турбаваць сусьветную супольнасьць, бо выбары ў ЗША маюць глябальнае значэньне”, – адзначаюць міжнародныя назіральнікі ў сёньняшняй “International Herald Tribune”.

Выбары ў ЗША: назіральнікі ад АБСЭ канстатуюць недахопы.

У артыкуле Томаса Крэмптана пад назовам “Міжнародныя назіральнікі знайшлі недахопы” аналізуюцца спрэчныя бакі выбарчае сыстэмы ЗША. Назіральнікі АБСЭ заявілі, што доступ да выбараў у ЗША у іх быў больш абмежаваным, чым у Казахстане, электронная сыстэма мае меншую ступень абароны, чым у Вэнэсуэле, выбарчыя бюлетэні не такія простыя, як у Грузіі, і што ні ўводнай краіне сьвету няма такой складанай сыстэмы агульнанацыянальных выбараў.

Конрад Альшэўскі, назіральнік ад АБСЭ, які мае досьвед зь першых вольных выбараў у Польшчы ў 1989 году, быў адным з 92 назіральнікаў ад АБСЭ.

“Шчыра кажучы, назіраць за выбарамі ў Сэрбіі колькі месяцаў таму было значна прасьцей”, – прызнаецца спадар Альшэўскі. Каманды назіральнікаў па два чалавекі разьехаліся па 11 штатах ЗША, сярод іх былі прадстаўнікі 36 краінаў, у тым ліку беларусы.

Яшчэ 9 чэрвеня Дзярждэпартамэнт ЗША афіцыйна запрасіў АБСЭ манітараваць прэзыдэнцкія выбары. Усе 55 дзяржаваў, якія ўваходзяць у АБСЭ, дамовіліся запрашаць місіі назіральнікаў на свае выбары. У ЗША падобная місія сёлета была запрошаная на прэзыдэнцкія выбары ўпершыню, пасьля таго, як на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах узьніклі спрэчкі адносна іхных вынікаў.

“Нашую прысутнасьць тут нельга лічыць крытыкай, – сказаў яшчэ адзін назіральнік з АБСЭ, канадзец Рон Гульд. – Мы хочам ацаніць тыя зьмены, якія былі ўнесеныя пасьля выбараў 2000 году”.

Адрозьненьні ў заканадаўствах штатаў ня толькі ўскладняюць назіральнікам падлікі і высновы на агульнанацыянальным узроўні, але дзе-нідзе забараняюць назіральнікам увогуле зьяўляцца на ўчастках. Напрыклад, не было назіральнікаў ад АБСЭ ў Агаё, нявызначаным штаце, які традыцыйна галасуе і за рэспубліканцаў, і за дэмакратаў. Менавіта ў Агаё ідуць вострыя дыскусіі адносна фактаў запалохваньня выбарцаў.

Да таго ж, ЗША амаль адзіная краіна ў сьвеце, дзе няма уніфікаванай сыстэмы рэгістрацыі выбарцаў і не існуе агульнанацыянальнага пасьведчаньня асобы (кшталту пашпарту). Таму, на думку Рона Гулда ў ідэале выбарцам, якія ўжо прагаласавалі, трэба было пазначаць рукі фарбаю, як гэта робіцца ў шэрагу краінаў, каб не дапусьціць практыкі, калі адзін выбарца галасуе па некалькі разоў.

Прыезд назіральнікаў з АБСЭ выклікаў сапраўды ажыятажную ўвагу з боку амэрыканскіх і міжнародных СМІ. Здымачная група японскага каналу NTV суправаджае назіральнікаў паўсюль. Японцы лічаць сьмешным тое, што пасланцы эўрапейскія краін, сярод якіх ёсьць аўтарытарныя рэжымы, прыехалі ацэньваць дэмакратычнасьць выбараў у самай дэмакратычнай краіне сьвету.

“ЗША даўно зьяўляюцца мадэльлю для ўсяго сьвету, – сказаў Рычард Ўільямс, афіцыйны назіральнік за выбарамі ад дэмакратычнай партыі ЗША. Калі мы дапусьцім міжнародных назіральнікаў, мы і надалей будзем граць галоўную ролю”.

Аднак з гэтай высноваю згодныя ня ўсе. Джэф Мілер, рэспубліканскі кангрэсмэн са штату Фларыда, лічыць прысутнасьць міжнародных назіральнікаў абразьлівай і раіць ім сесьці на найбліжэйшы самалёт і назіраць за выбарамі дзе-небудзь у Аўганістане.

Тым часам у Менску амбасадар ЗША Джордж Крол так адказаў на нядаўнія папрокі афіцыйнага Мінска наконт непразрыстасьці амэрыканскіх выбараў: "Нашай сыстэме галасаваньня ўжо 216 гадоў, і мы лічым, што яна даволі дэмакратычная, адлюстроўвае думку амэрыканскага народа і карыстаецца даверам грамадзтва", – заявіў Джордж Крол.

На думку амбасадара, сумленнасьць і адкрытасьць выбараў у ЗША гарантуецца, найперш тым, што на ўсіх участках і ва ўсіх выбарчых камісіях афіцыйна прысутнічаюць прадстаўнікі абедзьвюх партый, што канкуруюць паміж сабою, а спрэчныя пытаньні вырашаюцца ў судовым парадку.

Заўтра ў нашым эфіры вы пачуеце падрабязны рэпартаж з прэсавай канфэрэнцыі назіральнікаў АБСЭ ў Вашынгтоне.
XS
SM
MD
LG