Лінкі ўнівэрсальнага доступу

EHU-international зарэгістраваны ў Вільні


Галіна Абакунчык, Менск У Вільні зарэгістраваная і распачынае працу міжнародная адукацыйная структура EHU-international. Гэта новы праект, зачыненага ўладамі Беларусі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, які яшчэ называюць “унівэрсытэтам у выгнаньні”. EHU-international будзе праводзіць дыстанцыйнае навучаньне студэнтаў і некаторыя з гэтых электронных праграмаў распачынаюць працаваць ужо ў лістападзе.

Цяпер гэтая віртуальная навучальная ўстанова праводзіць набор навучэнцаў – пераважна былых студэнтаў ЭГУ, а таксама іншых ахвочых атрымаць эўрапейскую адукацыю. Плянуецца, што толькі першы сэмэстар распачнуць больш за 200 чалавек.

Па завяршэньні курсу навучаньня студэнты EHU-international атрымаюць дыплёмы бакаляўраў, якія, аднак, ня будуць прызнанымі ў Беларусі, – паведаміла ў інтэрвію Радыё Свабода прарэктар ЭГУ Тацяна Галко.

(Галко: ) “Стары ЭГУ ніякіх дыплёмаў не выдае, бо ня мае права. А вось гэтая новая структура, якая зарэгістраваная ў Вільні – “EHU-international”, – яна будзе выдаваць свой дыплём бакаляўра. Гэты дыплём ня будзе прызнаны ў Беларусі, натуральна, але будзе прызнавацца іншымі краінамі. Цяпер вядуцца перамовы з Італіяй, Нямеччынай, Польшчай, Літвой аб прызнаньні гэтага дыплёма”.

Паводле спадарыні Галко, распрацоўкамі праграмаў навучаньня “EHU-international” займаюцца адмыслоўцы многіх краінаў сьвету, а рэктарам “унівэрсытэту у выгнаньні” па-ранейшаму застаецца акадэмік Анатоль Міхайлаў.

Пасьля таго, як ўлады забаранілі навучальныя праграмы Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, больш за 200 студэнтаў гэтага ВНУ пакінулі Беларусь, каб прадоўжыць адукацыю ва ўнівэрсытэтах Польшчы, Расеі, Нямеччыны, Баўгарыі й ЗША.

“Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт быў зачынены загадам міністра адукацыі Аляксандра Радзькова насуперак пратэстам грамадзкасьці, міжнародных адукацыйных і палітычных колаў сёлета ў жніўні. Гэтае рашэньне сталася вынікам нежаданьня прафэсара Анатоля Міхайлава пакінуць пасаду рэктара. У сваю чаргу адстаўкі рэктара патрабаваў міністар адукацыі Аляксандр Радзькоў.

Палітычную матываванасьць закрыцьця ЭГУ падчас аднаго з публічных выступаў прызнаў кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG