Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні судзілі мужа і жонку Макушыных, якія ўдзельнічалі ў журналісцкай акцыі пратэсту


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Горадні за ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці журналістаў судзілі Натальлю і Анатоля Макушыных. Яна — рэдактар сацыяльнага аддзелу газэты “Биржа Информации”, ён — часова беспрацоўны. Першай пакаралі Натальлю Макушыну — штрафам 20 базавых велічыняў, гэта — 480 тысяч рублёў.

4 кастрычніка гарадзенскія журналісты выказалі пратэст супраць пакараньня галоўнай рэдактарки “Биржи Информации” Алены Раўбецкай, якую аштрафавалі за публікацыю пра рэфэрэндум. Яны выйшлі на вуліцу Савецкую, пяцёра зь іх трымалі аркушыкі з асобнымі словамі, якія складалі фразу “Ў Горадні судзяць журналістаў”. У панядзелак пакаралі першага з удзельнікаў акцыі — Паўла Мажэйку, яго пасадзілі на сем сутак, і ён адразу абвесьціў галадоўку.

Адмінстрацыйныя справы Макушыных разглядала тая ж судзьдзя, якая пакарала Паўла Мажэйку — Вікторыя Кулакоўская. Разгляд быў досыць кароткі. Судзьдзя прызнала Натальлю Макушыну вінаватай паводле першай часткі артыкулу 167 — ва ўдзеле ў несанкцыянаваным шэсьці. Штраф — 20 базавых велічыняў. На судзе была кіраўніца Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна:

(Літвіна: ) “Самае вялікае ўражаньне ад судовага разьбіральніцтва — гэта відэазапіс, які быў прадэманстраваны ўсім прысутным. Была магчымасьць параўнаць яго з тымі паказаньнямі, якія даваў сьведка-міліцыянт. Зь яго вуснаў гучала, што група зь пяці чалавек ішла па вуліцы Савецкай, трымаючы надпіс “У Горадні судзяць журналістаў”.

Дарэчы, у Натальлі Макушынай быў аркушык са словам “судзяць”, яе муж трымаў іншы — са словам “Гродна”, паколькі арганізатары напісалі фразу ў такой форме — “У Гродна судзяць”. Анатоль Макушын іранізаваў, што яго судзяць “за патрыятызм”.

(Літвіна: ) “Дарэчы, акцыя доўжылася ўсяго пятнаццаць хвілінаў, але яе ўдзельнікі, як сказаў міліцыянт, “зьвярталі на сябе ўвагу грамадзянаў”. Вось у гэтым, аказваецца, і ўсё злачынства. Уразілі таксама словы Натальлі перад самым прысудам. Яна сказала, што ўсё гэта яна ацэньвае так, што ў нашай краіне адроджаны бальшавіцкі рэжым зь яго асноўнымі прыкметамі: адзінадумствам, жаданьнем паставіць на калені тых, хто думае інакш, і імкненьнем паставіць заслону свабодзе слова”.

***

Анатоля Макушына таксама пакаралі сёньня штрафам — 20 базавых велічыняў або — 480 тысячаў рублёў. Разам з жонкай Натальляй яны павінны будуць выплаціць 960 тысячаў рублёў.



На здымку: Анатоль і Натальля Макушыны (усярэдзіне) разам зь іншымі ўдзельнікамі акцыі пратэсту журналістаў, якая адбылася 4 кастрычніка. Фота С.Астраўцова
XS
SM
MD
LG