Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кэры прызнаў паразу, Буш – абраны прэзыдэнтам на другі тэрмін


Алеся Сёмуха, Вашынгтон Прэзыдэнт Буш пераабраны на другі і апошні тэрмін бальшынёй штатаў, бальшынёй галасоў выбарчага калегіі і бальшынёй насельніцтва. Упершыню прэзыдэнт зь нізкім рэйтынгам папулярнасьці ў пытаньняў эканамічных і сацыяльных выігрывае пераабраньне. Адначасова, амэрыканцы гістарычна ніколі не мяняюць галоўнакамандуючага пад час ваенных дзеяньняў, якім ёсьць прэзыдэнт.

Выбары прадэманстравалі некалькі важных прыярытэтаў амэрыкацаў.

Першы прыярытэт – выйграць вайну ў Іраку і ўмацаваць бясьпеку ЗША. Паводле шматлікіх апытаньняў бальшыня больш давярала ў гэтых пытаньнях Джорджу Бушу і ўважала Джона Кэры за нерашучага палітыка, якому бракуе адвагі, каб нанесьці моцны вайсковы адпор. Як ахарактарызаваў гэта адзін аналітык, задача Кэры была – пераканаць, што ён можа націснуць на курок, задача Буша – што ён можа пацэліць.

Другі прыярытэт – захаваць сацыяльны кансэрватызм. Ад самага пачатку перадвыбарчая кампанія Джорджа Буша бачыла сваёй галоўнай задачай электрызаваць і мабілізаваць эвангелічных амэрыканцаў. У параўнаньні з Эўропай, Амэрыка непараўнальна больш рэлігійная і сацыяльна кансэрватыўная. Кампанія Буша здолела ўзьняць інтарэс да выбараў гэтай вялікай часткі насельніцтва, узьняўшы да ўзроўню нацыянальных дэбатаў пытаньні забароны абортаў і гомасэксуальных шлюбаў і неабмежаваньня права валоданьня зброяй.

Дэмакраты паспрабавалі зьмяніць прыярытэты – узьняць эканамічную праблематыку і аб’яднаць сярэднюю клясу вакол пытаньняў захаваньня працоўных месцаў, падвышэньня падаткаў на тых, хто зарабляе болей за 200 тысяч даляраў у год і зьніжэньня падаткаў на астатніх, зьмяншэньня дзяржаўнага дэфіцыту ЗША ды больш шырокага мэдычнага страхаваньня.

Дэмакраты таксама паспрабавалі мабілізаваць як мага болей сваіх прыхільнікаў, а гэта гарадзкая і прафэсійная моладзь, этнічныя мяншыні, жанчыны і лібэральныя рэспубліканцы. Аднак пры рэкорднай выбарчай актыўнасьці рэспубліканская партыя і кансэрватыўныя каштоўнасьці атрымалі па краіне 3 мільёны галасоў больш.

Такім чынам амэрыканцы бальшынёй вызначыліся на наступны 4 гады ня толькі аддаўшы бальшыню галасоў рэспубліканцу Джорджу Бушу, але і некалькі дадатковых месцаў у Сэнаце рэспубліканскім кандыдатам. Маючы бальшыню ў абедзьвюх палатах Кангрэсу і ў Белым Доме рэспубліканцы атрымаюць магчымасьць праводзіць свой курс больш агрэсіўна. А гэта будзе ўключаць прыняцьцё ключавога закону па энэргетыцы, прызначэньне кансэрватыўных судзьдзяў у Вярхоўны суд і замацаваньне закону пра зьніжэньне падаткаў на карпарацыі і капітал.

У замежнай палітыцы гэта будзе азначаць працяг курсу папярэдніх чатырох гадоў.
XS
SM
MD
LG