Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як рэагавалі на выбары прэзыдэнта ЗША ў іншых краінах?


Юры Дракахруст, Прага За хадою амэрыканскіх выбараў пільна сачылі людзі ня толькі ў Злучаных Штатах, але і за мяжой. Зацікаўленасьць да вынікаў падагравалася і амаль роўнай папулярнасьці абодвух кандыдатаў, нявызначанасьцю чаканых вынікаў, а таксама заўважальнымі адрозьненьнямі ў пазыцыях кандыдатаў шмат у якіх пытаньнях міжнароднай палітыкі.

У шэрагу эўрапейскіх сталіцаў начныя бары былі поўныя народу. Шмат эўрапейцаў і амэрыканскіх гасьцей ахвяравалі сном, каб па тэлебачаньні жыўцом сачыць за хадой галасаваньня і як мага хутчэй даведацца пра яго вынікі. Як вядома, гэтыя вынікі не былі вядомыя нават на раніцу.

У Заходняй Эўропе нямала людзей сымпатызавалі Джону Кэры, які казаў, што амэрыканская зьнешняя палітыка павінна быць у большай ступені ўзгодненая з саюзьнікамі ЗША. Тыповае стаўленьне выказвае гэтая парыжанка.

(Парыжанка: ) “Я дагэтуль ня ведаю, хто пераможа – Буш ці Кэры, але на цяперашні момант выглядае, што Буш і гэта будзе вельмі несуцяшальна для Францыі”.

Злучаныя Штаты – адзіная звышдзяржава, якая засталася на плянэце, і ад таго, што будзе кіраваць ёй наступныя чатыры гады, у значнай ступені залежыць эканамічнае і палітычнае жыцьцё іншых краінаў.

У Аўстраліі, якае ляжыць у суседнім з Амэрыкай гадзінным поясе, сачыць за амэрыканскім галасаваньнем было больш зручна, чым у Эўропе, але там амэрыканская палітычная бітва выклікала менш эмоцыяў. Гаворыць рэдактар газэты “Сыднэй Морнінг Гэральд” Тоні Стывэнс.

(Стывэнс: ) “Назваць гэтыя пачуцьці хваляваньнем было б залішне рэзка, аўстралійцы ставяцца да гэтага спакойна, але зацікаўленасьць безумоўна існуе”.

Для шэрагу краінай Азіі – такіх як Паўдзёная Карэя, Тайвань, Пакістан адносіны са Злучанымі Штатамі зьяўляюцца найважнейшым зьнешнепалітычным чыньнікам.

На Тайвані і ў Паўдзёнай Карэі на велізарных тэлеэкраны, усталяваных на плошчах, у крамах і вакзалах, людзі маглі бачыць хаду палітычнага спаборніцтва ў ЗША.

У Сэуле пасол ЗША Крыстафэр Гіл напярэдадні запэўніў грамадзянаў, што пры любым выніку галасаваньня Злучаныя Штаты захаваюць шчыльныя адносіны з Карэяй.

(Гіл: ) “Я магу сказаць толькі, што і прэзыдэнт Буш і сэнатар Кэры далі ясна зразумець, што яны ўсьведамляюць важнасьць нашых адносінаў з Рэспублікай Карэяй. Мы працягнем шчыльную супрацу, у тым ліку і ў пытаньні ядзерных узбраеньняў Паўночнай Карэі”.

А ў Японіі галоўнай навіной апошніх сутак былі не амэрыканскія выбары, але тэма, ускосна з Амэрыкай зьвязаная – японскія мэдыі паведамлялі пра забойства ў Іраку японскага закладніка.
XS
SM
MD
LG