Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На працэсе над былой кіраўніцай справаў прэзыдэнта Галінай Жураўковай пачаўся допыт сьведкаў – муж адмовіўся даваць паказаньні


Алег Грузьдзіловіч, Менск Суд пачаў дэталёва разьбірацца, наколькі праўдзівыя паказаньні Галіны Жураўковай і яе былых падначаленых. Муж Жураўковай Уладзімер быў адзіным сярод сьведкаў, хто адмовіўся даваць паказаньні.

Падначаленыя Жураўковай сьцьвярджаюць, што дзяліліся зь ёю крадзенымі грашыма, а вось былая кіраўніца справаў свае ранейшыя сьведчаньні зьмяніла і цяпер катэгарычна адмаўляецца, што атрымлівала пэўныя сумы з кожнага кантракту фірмы “Белая Русь”.

Цяпер вывучаецца эпізод, у якім фігуруюць 180 тысяч даляраў. Паводле сьледзтва, Галіна Жураўкова гэтыя грошы перадала жонцы былога начальніка зьнешнеэканамічных сувязяў Юрыя Матусевіча, калі таго ўжо арыштавалі, — нібыта дзеля таго, каб яго выпусьцілі. Гэта частка тых соцень тысяч даляраў, якія раней ёй адвозіў Юры Матусевіч, лічаць сьледчыя. Галіна Жураўкова з гэтым ня згодная. Яна заявіла, што проста пазычыла 180 тысяч у знаёмых і сваякоў.

Пра гэты эпізод распавялі сьведкі. Жонка Юрыя Матусевіча Алена паведаміла, як адбываліся яе сустрэчы з Галінай Жураўковай.

Пра некаторыя абставіны расказала суду і сьведка Алена Юсупава, якая дапамагала арганізаваць сустрэчу Галіны Жураўковай з Аленай Матусевіч. А кіроўца службовага аўтамабіля фірмы “Белая Русь” Аляксандар Самойленка паведаміў, як неаднаразова адвозіў Юрыя Матусевіча да дому, дзе жыла Галіна Жураўкова. У руках у Матусевіча звычайна былі пакункі. Сьледзтва лічыць, што менавіта гэтак былы падначалены Жураўковай перадаваў ёй належную ёй частку накрадзеных грошай.

Допыты сьведкаў працягваюцца. Адметна, што ніхто зь іх не жадае кантактаваць з журналістамі. Падобную пазыцыю занялі й абаронцы абвінавачаных. Вось як адказаў адзін з адвакатаў на маю просьбу пракамэнтаваць паказаньні сьведкаў:

(Адвакат: ) “Давайце потым, а? Цяпер няма добрых умоваў, каб выказвацца”.

Дарэчы, зусім адмовіўся даваць паказаньні Ўладзімер Жураўкоў, муж былой кіраўніцы справаў прэзыдэнта. Ён заявіў, што за восем месяцаў, цягам якіх знаходзіўся пад вартай, пераканаўся, як лёгка фальсыфікуюць справу, і не жадае даваць паказаньняў, якія могуць пашкодзіць жонцы. Паводле закону такое права ў яго ёсьць.
XS
SM
MD
LG