Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія палітыкі лічаць, што пры любым выніку выбараў у ЗША стаўленьне кіраўніцтва гэтай краіны да Беларусі ня зьменіцца


Уладзімер Глод, Менск 3 лістапада ў Менску а 6-й гадзіне раніцы амбасада Злучаных Штатаў Амэрыкі пачала адмысловы сьняданак-прыём у рэстарацыі “Журавінка”. Яго ўдзельнікі, а гэта палітыкі, палітолягі, журналісты, на двух вялікіх экранах назіралі, як вёўся падлік галасоў на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША.

Прыкладна дзьве-тры сотні гасьцей, назіраючы за тым, як мапа ЗША паступова афарбоўвалася ў чырвоны (колер рэспубліканца Буша) і сіні (колер дэмакрата Кэры) колеры, зацікаўлена абмяркоўвалі магчымыя вынікі перамогі таго ці іншага кандыдата для амэрыканска-беларускіх узаемадачыненьняў.

Намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі падкрэсьлівае, што амэрыканская палітыка грунтуецца на даўніх традыцыях, і асабістыя праграмы кандыдатаў у прэзыдэнты ня здольныя зьмяніць яе кардынальна:

(Дабравольскі: ) “Злучаныя Штаты — дзяржава, якая дамінуе ў сьвеце, дзяржава, якая падтрымлівае дэмакратычныя прынцыпы. Буш, на мой погляд, больш прадказальны, паколькі ён ужо быў прэзыдэнтам. Але калі б прыйшоў, напрыклад, Кэры, то наўрад ці істотна нешта б зьмянілася ў амэрыканскай палітыцы, адносна Беларусі, у прыватнасьці”.

Палітоляг Уладзімер Улаховіч таксама зьвяртае ўвагу на пераемнасьць амэрыканскай палітыкі:

(Улаховіч: ) “У такім стратэгічным пляне ці Буш, ці Кэры, мне здаецца, ніякіх стратэгічных зьменаў адносна Беларусі не адбудзецца. А з пэрспэктыўнага гледзішча, то пры Бушу палітыка будзе ўсё ж больш прадказальнай”.

Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка ацэньвае ня толькі непасрэдна Джорджа Буша й Джона Кэры. Яна выказваецца наконт, так бы мовіць, сямейных дуэтаў:

(Бандарэнка: ) “Для мяне больш сымпатычная жонка Буша. Успомнім, якую ролю адыгрывала Раіса Максімаўна, калі была побач з Гарбачовым. І як яе не ўспрынялі напачатку. Народ фактычна прыняў яе толькі пасьля яе сьмерці. А жонкі іграюць вялікую ролю ў палітычным жыцьці сваіх мужоў”.

(Карэспандэнт: ) “А вам Лаўра Буш падабаецца проста як прывабная жанчына, ці нейкія яшчэ якасьці ўплываюць?”

(Бандарэнка: ) “Яны неяк адзін аднаго дапаўняюць. Бо, як мне здаецца, Буш больш адкрыты, больш шчыры. Не такі...”

(Карэспандэнт: ) “Замкнёны...”

(Бандарэнка: ) “Не-не-не. Кэры больш як бы іграе. Нешта штучнае ў яго ёсьць у характары. А Буш больш такі непрыкрыты, шчыры чалавек”.
XS
SM
MD
LG