Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што засьведчыў першы тур прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 1 лістапада). Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: дырэктар Цэнтру сацыяльных дасьледаваньняў Андрэй Ярмалаеў з Кіева і дырэктар Цэнтру эўрапейскай інтэграцыі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Юры Шаўцоў зь Менску.

(Валер Карбалевіч: ) “Прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне спарадзілі ня толькі глыбокае ўнутранае супрацьстаяньне, але і ўцягнулі іншыя краіны, сталіся чыньнікам геапалітычным. Адсюль іх драматызм. Таму іх вынікі цікавяць ня толькі саміх украінцаў, але і суседзяў. Паводле афіцыйных зьвестак, больш галасоў набраў Януковіч, але на момант нашай размовы канчатковых вынікаў пакуль няма. Спадар, Ярмалаеў, як бы вы маглі пракамэнтаваць вынікі першага туру? Ці спраўдзіліся прагнозы экспэртаў?”

(Андрэй Ярмалаеў: ) “Пачну з таго, што апошнія два тыдні напярэдадні першага туру, паводле зьвестак сацыялягічных цэнтраў Украіны, адзначалася невялікая, на ўзроўні статыстычнай памылкі, 1–2%, перавага Януковіча перад Юшчанкам. І паводле зьвестак на раніцу перавага Януковіча складае прыкладна 1% (40% супраць 39%). Калі параўноваць сацыялягічныя трэнды з пачатку жніўня, то асаблівай нечаканасьці тут няма.

Іншая справа, што існуе шмат размоваў наконт таго, ці былі сур’ёзныя парушэньні, маніпуляцыі на выбарчых участках. Прычым, з боку штабоў і Януковіча, і Юшчанкі ў тых рэгіёнах, дзе яны маюць перавагу сярод выбршчыкаў і элітаў. Але абодва асноўныя кандыдаты ідуць, так бы мовіць, нос да носу, фактычна ня маюць значнага разрыву. Будзе другі тур праз тры тыдні, фактычна новая выбарчая кампанія. І асаблівасьць гэтай кампаніі будзе палягаць у тым, што кандыдаты-фаварыты вычарпалі зьмястоўныя ідэі, якія рыхтаваліся да выбараў, і ім патрэбна шукаць новыя мэсыджы, новыя аргумэнты на сваю карысьць, каб пераманіць электарат двух левых кандыдатаў, якія прайгралі, і імкнуцца перацягнуць на свой бок хоць частку прыхільнікаў галоўнага канкурэнта”.

(Карбалевіч: ) “Адзін з адметных момантаў гэтай кампаніі — вельмі моцна ў іх удзельнічае Расея, у тым ліку сам прэзыдэнт Пуцін. Ужо ня кажучы пра расейскія СМІ, расейскіх экспэртаў. Калі параўноўваць зь беларускімі выбарамі 2001 году і нядаўнім рэфэрэндумам, то тут Расея спрабавала заняць нэўтральную пазыцыю. Чаму такая розьніца? Ці Ўкраіна для Расеі больш важная, чым Беларусь? Ці Расея ня бачыла вялікага сэнсу ў нейкім актыўным умяшальніцтве ў беларускія кампаніі?”

(Юры Шаўцоў: ) “Пасьля прыходу Пуціна да ўлады асноваю расейскай палітыкі на абшарах СНД сталі дачыненьні з Украінаю. Таму такая палітыка і працягваецца”.

(Ярмалаеў: ) “Дзеля таго, каб даць ацэнку ўласна ўплыву Расеі на выбары ва Ўкраіне, трэба зрабіць некалькі папярэдніх заўвагаў. Перад расейскаю элітаю, перад Пуціным паўстала няпростая праблема: захаваньне новага расейскага праекту. Я маю на ўвазе пасьляельцынскае аднаўленьне Расеі. А для ягонай рэалізацыі не хапае ўнутраных рэсурсаў. Таму выбраная такая кампэнсацыйная геапалітычная мадэль, якая прадугледжвае ўнутранае нарошчваньне ўлады, у тым ліку сацыяльнай стабілізацыі за кошт замежнапалітычных дасягненьняў. Такім дасягненьнем павінна стаць новае трансрэгіянальнае ўтварэньне, якое пачынаецца пакуль з эканамічнага праекту: адзінай эканамічнай прасторы. І Ўкраіна ў гэтым праекце павінна гуляць не апошнюю ролю.

Таму я не параўноўваў бы ўдзелу Расеі ў беларускіх і ўкраінскіх кампаніях. Украіна мае для Расеі геастратэгічнае значэньне. Пэўнае значэньне мае і той факт, што апошнія два-тры гады адбывалася сынхранізацыя геапалітычных інтарэсаў ЗША і Расеі, напрыклад, у Сярэдняй Азіі, на Каўказе, Блізкім Усходзе. Таму склалася такая сытуацыя, што Ўкраіна, са згоды ЗША, апынулася пад уплывам Масквы.

Для рэалізацыі новага эўраазіяцкага праекту Пуціну патрэбная трансрэгіянальная эліта, у склад якой могуць увайсьці эліты краінаў, якія знаходзяцца пад уплывам Расеі. І Масква пачала вырошчваць такую эліту. Я казаў бы ня столькі пра ўплыў, колькі пра пранікненьне Расеі ва ўкраінскую палітыку. Тут прысутнічае вялікая колькасьць расейскіх паліттэхнолягаў, палітыкаў, якія вельмі актыўна ўплываюць на інфармацыйную прастору ва Ўкраіне. І іхны аўтарытэт выкарыстоўваюць як аргумэнт на карысьць кандыдата ад дзейнай улады.

Ва Ўкраіне было шмат размоваў наконт таго, што і палітычная падтрымка Расеі, і стварэньне адзінай эканамічнай прасторы — гэта праекты пад выбары. Але я перакананы, што выбарамі сытуацыя не абмяжуецца. Расея плянуе аформіць свой уплыў і далей рэальна прысутнічаць ва ўкраінскай палітыцы і перашкодзіць руху Ўкраніы ў Эўразьвяз. Ня факт, што гэтая стратэгія атрымаецца. Таму што сёньня мы маем пратэстныя настроі ня толькі ў Заходняй Украіне, але і сярод гуманітарнай эліты, якая абурана прарасейскім піярам і прысутнасьцю тут расейскіх палітыкаў і паліттэхнолягаў.

Існуе пэўны скэпсыс наконт эфэктыўнасьці расейскага ўмяшальніцтыва. Таму што тыя тэхналёгіі, якія працуюць у Расеі, ва Ўкраіне параджаюць канфлікты і наўрад ці дадалі пэўных балаў Януковічу. Таму што рост ягонага рэйтынгу зьвязаны з сацыяльна-эканамічнай сытуацыяй”.

(Шаўцоў: ) “Расея не выглядае такой моцнай, ня мае такога патэнцыялу, каб весьці актыўную палітыку ва Ўкраіне. Расея і на сваёй тэрыторыі ня можа эфэктыўна кантраляваць той жа Паўночны Каўказ. Сваёй украінскай палітыкай Расея ня мае намеру стварыць нейкую эўраазійскую кааліцыю ці нешта накшталт таго. Тут Расея вырашае пытаньні не стратэгічныя, а тактычныя. Напрыклад, хоча не дапусьціць уплыву Ўкраіны ў Сярэдняй Азіі альбо не дапусьціць, каб Украіна стала актыўным гульцом у пытаньні касьпійскага транзыту нафты і газу. Расея хутчэй вядзе сваю палітыку ва Ўкраіне ня з мэтай падпарадкаваньня апошняй свайму расейскаму праекту, а з мэтай самазахаваньня.

Калі паглядзець вынікі першага туру, то можна зрабіць выснову, што той цывілізацыйны дыскурс, падзел на прарасейскага і празаходняга кандыдата, нетыповы для нашага рэгіёну. У межах гэтага дыскурсу Расея аказала максымальна магчымую падтрымку Януковічу. Асабліва калі ўлічыць тое, што Расея цяпер знаходзіцца на вяршыні сваёй эканамічнай моцы з прычыны высокіх цэнаў на нафту. Але, нягледзячы на гэта, у Януковіча няма перамогі ў першым туры. І гэта таксама сьведчыць пра тое, што патэнцыял расейскага ўплыву дзеля стварэньня нейкай эўразійскай супольнасьці невялікі”.

(Ярмалаеў: ) “Справа ў тым яшчэ, што Расеі патрэбна ўмоўная палітычная перамога на ўкраінскім геапалітычным полі. Бо ня выключана, што параза Януковіча прывядзе да росту крытычных тэндэнцыяў у Маскве. Бо ўкраінскае пытаньне зьяўляецца сёньня ўнутраным парадкам дня Расеі, індыкатарам эфэктыўнасьці палітыкі Пуціна.

Увогуле, праяўляюцца дзьве тэндэнцыі ў палітыцы Расеі ў цэнтральнаэўрапейскім рэгіёне. Па-першае, гэта палітыка адкрытага палітычнага ціску. Па-другое, палітыка пранікненьня. І вось Украіна сталася пляцоўкай для апрабаваньня палітыкі актыўнага пранікненьня. Але я згодзен з думкаю, што тут мае значэньне і праблема касьпійскага транзыту, і украінскай транзытнай інфраструктуры, шляхоў транспартыроўкі нафты і газу расейскімі транснацыянальнымі кампаніямі. У зьвязку з гэтым Маскве важна, каб у будучым Украіна была, як мінімум, ляяльная да Масквы. А як максымум, Расеі патрэбен стратэгічны партнэр, які не гуляе з НАТО, які не плянуе хуткага ўступленьня ў Эўразьвяз”.

(Шаўцоў: ) “Можна напэўна сказаць, што перамога Юшчанкі — гэта катастрофа для Крамля, а перамога Януковіча — гэта ня ёсьць перамогай Крамля”.

(Карбалевіч: ) “Візыт Лукашэнкі ў Кіеў на сьвяткаваньне 60-х угодкаў вызваленьня Ўкраіны пакінуў дзіўнае ўражаньне. Ён сустрэўся толькі з адным кандыдатам у прэзыдэнты — лідэрам камуністаў Сіманенкам, усклаў кветкі да помніка і вярнуся ў Менск. Каму быў патрэбен гэты візыт: Кучму, Януковічу ці самому Лукашэнку? І ці прысутнічае ва ўкраінскіх выбарах, увогуле, ва ўкраінскай палітыцы беларускі чыньнік, беларускі досьвед, досьвед беларускай сацыяльнай мадэлі, беларуска-расейскіх дачыненьняў?”

(Ярмалаеў: ) “Адносна вобразу Беларусі й беларускага чыньніка як такога, то яны былі вельмі актуальныя падчас прэзыдэнцкіх выбараў 1999 году. Тады шмат украінскіх палітыкаў, асабліва левага кірунку, папулярызавалі досьвед дзейнасьці Лукашэнкі, казалі, што беларуская мадэль кансэрватыўнай стабілізацыі дасягае пэўных посьпехаў у сацыяльным пляне. Але падчас выбараў 2004 году Беларусь як ці то нэгатыўны, ці то пазытыўны прыклад існуе недзе на пятым пляне. Таму што галоўная праблема Ўкраіны на гэтых выбарах — не замежны, а ўнутраны чыньнік. Галоўнае пытаньне — гэта праблема якасьці ўлады, эфэктыўнасьці ўлады, пэрсанальнага складу й іміджу ўлады, яе адкрытасьці.

Прыезд спадара Лукашэнкі ў Кіеў выглядаў вельмі загадкава. Нагода сьвяткаваньня 60-х угодкаў вызваленьня Ўкраіны — добрая падстава для кансалідацыі постсавецкай эліты. Але прыезд Лукашэнкі быў вельмі невыразны, меў перарваны характар. Бо ён не прысутнічаў на парадзе, уласна ўрачыстасьцях. І гэта выклікала мала камэнтароў, прайшло безь зьдзіўленьня. Бо беларускі чыньнік ва ўкраінска-расейскіх стасунках другарадны. Беларуская мадэль страціла прывабнасьць ня толькі сярод цэнтрысцкіх палітыкаў, але і сярод левых палітыкаў, якія ўсё менш пра гэта кажуць. Фокус, так бы мовіць, зьмясьціўся”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, відавочна, што вынікі прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне, хто б там ні перамог, так ці інакш пэўным чынам паўплываюць на геапалітычны раклад сілаў у рэгіёне, сытуацыю ў суседніх краінах, інтэграцыйныя працэсы на постсавецкай прасторы, дачыненьні з Эўразьвязам”.
XS
SM
MD
LG