Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Амэрыканцы сваю ўладу выбіраюць, а беларусы – робяць выгляд, што ўдзельнічаюць у выбарах”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Назіраючы за тым, як праходзіла выбарчая кампанія ў Злучаных Штатах, многія нашыя слухачы міжволі параўноўвалі яе зь нядаўнімі рэфэрэндумам і выбарамі ў Беларусі. Якія высновы можна зрабіць на падставе параўнаньня? Вось якімі думкамі на гэты конт дзеліцца ў сваім лісьце на Свабоду Вячаслаў Бушэнка зь Менску.

“З зайздрасьцю сачыў за тым, якой вострай і захапляльнай была барацьба на прэзыдэнцкіх выбарах у Амэрыцы, — піша слухач. — Людзі там адчуваюць, што іхны голас шмат значыць. Нікому і ў галаву не прыйдзе, што пры падліку галасоў можна змахляваць, схітраваць. За такое злачынства там імгненна апынесься за кратамі. А ў нас? Усе задоўга да выбараў і рэфэрэндуму ведалі, якімі будуць вынікі. Нават лічбы дакладныя называлі. Гэта значыць, усе былі гатовыя да падману — і тыя, хто падманваў, і тыя, каго падманвалі.

Амэрыканцы сваю ўладу выбіраюць, а беларусы робяць выгляд, што ўдзельнічаюць у выбарах Што мы за людзі? Напэўна, без староньняй дапамогі мы і ня можам правесьці справядлівых выбараў. Але хіба Лукашэнка каго-небудзь з-за мяжы дапусьціць сюды? Няўжо так і наканавана беларусам толькі назіраць за тым, як іншыя народы свабодна выбіраюць сваю будучыню?”

У свой час амэрыканскі народ дорага заплаціў за тое, каб жыць ва ўласнай дзяржаве, свабодна выбіраць сваю ўладу, мець роўныя правы. Усё гэта на амэрыканскім кантынэнце адбывалася яшчэ напрыканцы 18 стагодзьдзя. Наступныя дзьве сотні гадоў, калі амэрыканскія грамадзяне на ўласных памылках і посьпехах напрацоўвалі досьвед дэмакратыі ў сваёй дзяржаве, беларусы жылі ва ўмовах спачатку царскага самадзяржаўя, а потым камуністычнай дыктатуры. Ніякіх справядлівых выбараў і ўвогуле дэмакратычных свабодаў людзі ня мелі.

Асэнсаваньне ж уласных грамадзянскіх правоў як асабістай каштоўнасьці, як паказвае досьвед мінулага дзесяцігодзьдзя, не такі лёгкі працэс. Напэўна, патрэбен значна большы час, каб людзі, параўноўваючы жыцьцё ў розных краінах, аналізуючы падзеі ва ўласнай дзяржаве і ўласную грамадзянскую пазыцыю, прыйшлі да высновы, якая для большасьці амэрыканцаў відавочная ад нараджэньня: заможнае жыцьцё толькі там, дзе чалавек свабодны, дзе ён сам распараджаецца сваёй уласнасьцю, выбірае сабе ўладу, можа адстаяць свае правы ў незалежным судзе і выказаць уласныя думкі ў незалежнай прэсе.

Ліст ад Генрыха Аўцюкевіча зь вёскі Хмяльнікаўцы Шчучынскага раёну. Слухач піша:

“Цяпер я — ужо былы слухач Беларускай Свабоды. Вось ужо два месяцы, як мой прымач перастаў працаваць. Адрамантаваць яго альбо купіць новы не магу, маёй інвалідзкай пэнсіі не хапае нават на тое, каб купіць акуляры. З жахам назіраю, як пасьля выбараў падскочылі кошты ў крамах. Лукашэнка абяцае, што ў лістападзе падвысяць і пэнсіі, але ці выратуе тая мізэрная дабаўка, калі цэны як шалёныя?

У нашай вёсцы многія пэнсіянэры самастойна ўжо ня могуць вырошчваць бульбу на “сотках”. Разьлік на тое, што дапаможа калгас. А ў калгасе папярэдзілі: выпішам па 200 кіляграмаў бульбы бясплатна, але толькі тым, хто прагаласуе на рэфэрэндуме за Лукашэнку. Вось усе і прагаласавалі. Наша сям’я адмовілася, дык мы засталіся бяз бульбы. А на нашыя жабрацкія пэнсіі не пражывеш. Мне проста балюча і сорамна за свой народ, за сваю краіну. Хацелася б, каб прадстаўнікі апазыцыйных партыяў часьцей бывалі ў вёсках ды тлумачылі народу ўсю праўду. Можа, тады нашы людзі прачнуцца ды зробяць нейкія высновы”.

Нават падчас выбарчай кампаніі, спадар Аўцюкевіч, афіцыйна зарэгістраваным кандыдатам ад апазыцыі не ўдавалася бесьперашкодна езьдзіць па вёсках ды сустракацца зь людзьмі. Улады не давалі для гэтага памяшканьняў, забаранялі зьбіраць людзей на вуліцы, патрабавалі шматлікіх дазволаў і ўзгадненьняў. Не выпадае разьлічваць, што нешта зьменіцца ў гэтай справе і пасьля выбараў. Тым больш, што няма сёньня ў апазыцыі такіх магчымасьцяў — абысьці ад хаты да хаты ўсе вёскі. Урэшце, чалавек, які хоча нешта зьмяніць у сваім жыцьці ды імкнецца ведаць праўдзівую інфармацыю, знойдзе для гэтага магчымасьць, нават у вёсцы. А калі ён гатовы прадаць свой голас за некалькі мяхоў бульбы — то што ж, значыць, ён варты такога жыцьця.

Ліст ад Рамана Зіноўева зь Лёзна. Слухач піша:

“Сябра пазнаецца ў бядзе. Як Расея ставіцца да беларусаў? Усе мы бачым: што б ні рабіў Лукашэнка — Масква нават ня пікне. Няхай тут хоць паўкраіны пасадзяць, яна пальцам не варухне. А ў бядзе нас не пакінула Амэрыка. “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” — гэта падмурак для будучага маральнага саюзу беларускага і амэрыканскага народаў, а таксама падмурак для сяброўскіх ды партнэрскіх стасункаў Беларусі і ЗША ў эўраатлянтычным альянсе. Беларусь у будучыні таксама вымушаная будзе перагледзець сваё стаўленьне да таго, што адбываецца ў Расеі. Пакуль што тут усё зьведзена да адной умовы “Давай танны газ, а я ўсё ўхваляю…” А сумленныя і прыстойныя суседзі павінны былі б сказаць праўду пра тое, што робіць Расея ў Чачэніі і Паўднёвай Асэціі”.

Усё ж, спадар Зіноўеў, давайце будзем справядлівымі: Масква вельмі прахалодна адрэагавала на ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі, накіраваныя на працяг уласных прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў. А ўсе дзяржаўныя і паўдзяржаўныя расейскія тэлеканалы праўдзіва паказалі тое, як беларускія ўлады разганялі й зьбівалі на вуліцах Менска ўдзельнікаў акцыяў пратэсту праз дзень пасьля рэфэрэндуму. І наўрад ці ў сёньняшніх умовах выпадае чакаць нейкай больш адкрытай і вострай канфрантацыі паміж расейскімі й беларускімі ўладамі з нагоды ўнутрыпалітычнай сытуацыі ў Беларусі. Масква дбае найперш пра інтарэсы ўласнай краіны — гэта зусім зразумела. Яе стаўленьне да Лукашэнкі можа зьмяніцца, але толькі ў тым выпадку, калі ў самім беларускім грамадзтве істотна зьменяцца настроі — і гэта стане відавочна ў тым ліку ў Расеі.

Наш слухач з Магілёва ліцэіст Віталь Гусеў у сваім лісьце на Свабоду падзяліўся наступнай сумнай навіной:

“Пішу вам, апанаваны роспаччу і злосьцю. Бацькі зачынілі ў кватэры, не далі спаткацца з каханай дзяўчынай. Зрабілі гэтак за тое, што напярэдадні мяне (яшчэ школьніка, ліцэіста) затрымала міліцыя. Абвінавацілі, што я нібыта хацеў наклеіць на сьцяну ўлётку з тэкстам супраць рэфэрэндуму. Трымаюць, як вязьня. Хоць біся аб сьцены ды жалезныя замкі. А мая фанабэрыстая прыгажуня, марна прачакаўшы столькі часу, напэўна, не прабачыць мне гэтага”.

Такая вось жорсткая расплата за грамадзкую актыўнасьць напаткала нашага слухача магілёўскага ліцэіста Віталя Гусева. Напэўна, Віталь, вам вядома, якую размову давялося мець вашым бацькам у міліцыі, якія непрыемныя словы і пагрозы ім давялося выслухоўваць і якія абяцаньні даваць. Так што калі не пагадзіцца, то зразумець іх вы павінны. А дзяўчына — калі ў яе да вас шчырыя пачуцьці й калі яна падзяляе вашы погляды — усё зразумее і даруе. А калі не зразумее і не даруе — значыць, гэткім было і яе стаўленьне да вас. І ці варта тады шкадаваць пра тое?

Наш украінскі слухач Аляксандар Багданец зь мястэчка Ракітна Ровенскай вобласьці разам зь лістом даслаў вялікую падборку публікацыяў пра тое, як праходзіць выбарчая кампанія ва Ўкраіне. Слухач, у прыватнасьці, прыводзіць зьвесткі сацыёлягаў з фонду “Дэмакратычныя ініцыятывы” і цэнтру “Соцыс” пра тое, за каго з двух кандыдатаў прагаласуюць грамадзяне Ўкраіны ў другім туры выбараў. Лічбы такія: за Віктара Юшчанку — 40,5%, за Віктара Януковіча — 33,5%. Сам Аляксандар Багданец зь мястэчка Ракітна піша:

“Ніколі колішні “зэк” Януковіч ня будзе маім прэзыдэнтам”.

Сёлетнія прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне ў нечым нагадваюць першыя выбары прэзыдэнта Беларусі ў 1994 годзе, калі беларусы яшчэ мелі магчымасьць выбіраць і быў давер да выніковых лічбаў галасаваньня. Праўда, тады пасьля першага туру адставаньне афіцыйнага кандыдата — прэм’ера Вячаслава Кебіча — было настолькі відавочным, што ніякі адміністрацыйны рэсурс не дапамог. Уладзе былі патрэбныя масавыя маштабныя фальшаваньні, а чыноўніцкі апарат на той момант яшчэ ня быў у такой жорсткай залежнасьці ад цэнтральнай улады. Ды і ў выбарчых камісіях было нямала прынцыповых і сумленных людзей.

Ва Ўкраіне сытуацыя крыху іншая: афіцыйны кандыдат і апазыцыйны, калі меркаваць па лічбах Цэнтарвыбаркаму, захоўваюць аднолькавыя шанцы на перамогу. І дэмакратычным сілам давядзецца прыкласьці нямала намаганьняў дзеля таго, каб дамагчыся сумленнага падліку галасоў.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Аляксей Сокал зь Берасьця, Міхаіл Леках з Рыгі, Алесь Марціновіч з Баранавічаў, Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну і Віктар Скараход зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG