Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як беларускія апазыцыйныя палітыкі й грамадзкія дзеячы ставяцца да выбараў у Злучаных Штатах Амэрыкі?


Іна Студзінская, Менск Ці зьменіцца палітыка ў дачыненьні Беларусі ў залежнасьці ад перамогі Буша альбо Кэры? Лідэры беларускай апазыцыі і грамадзкія дзеячы надзіва аднадушныя: вэктар амэрыканскай палітыкі амаль ня зьменіцца ў дачыненьні Беларусі ў любым выпадку – пераможа рэспубліканец Джордж Буш ці дэмакрат Джон Кэры.

Меркаваньне лідэра Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, прафэсара Станіслава Шушкевіча:

(Шушкевіч: ) “Гэта так далёка ад нас і ў тэрытарыяльным, і ў сэнсавым аспэкце, што гэта для нас, мне здаецца, нічога. Мне абсалютна ўсё роўна, хто пераможа. Я перакананы, што там дзейнічае Канстытуцыя, дзейнічаюць дастойныя прынцыпы падліку галасоў, і нам яшчэ далёка да таго, каб вучыцца ў іх. Трэба вучыцца ў тых, хто бліжэй. Я проста зайздрошчу, што ў іх так, але яны гэты заслужылі, бо доўга гэта ўсталёўвалі”.

(Карэспандэнтка: ) “А для Беларусі ёсьць розьніца, хто пераможа – Кэры ці Буш?”

(Шушкевіч: ) “Мне здаецца, няма. Таму што да “Акту аб дэмакратыі Беларусі” там 100% галасаваньне і адабрэньне і адным кандыдатам, і другім. І таму я з вялікім задавальненьнем прыму тое, што там адбудзецца”.

Са Станіславам Шушкевічам салідарны і старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Вэктар амэрыканскай палітыкі ў адносінах да Беларусі не мяняецца ад фігуры патэнцыйнага прэзыдэнта ЗША на новы тэрмін. Ці застаецца Буш, ці прыходзіць Кэры, тут ня будзе ніякіх зьмен. Будзе рэалізоўвацца тая ж пасьлядоўная, асэнсаваная, сыстэмная палітыка. І гэта не залежыць ад партыйнага фактару. Так што мы можам спакойна наглядаць за ходам выбарчай кампаніі і ўжо ад залежнасьці ад асабістых сымпатый спачуваць ці радавацца за таго ці іншага кандыдата”.

А вось меркаваньне першага сакратара Партыі камуністаў Беларускай Сяргея Калякіна:

(Калякін: ) “Думаю, што пры любым выніку выбараў у ЗША для Беларусі нічога ня зьменіцца. З пункту гледжаньня стаўленьня да тых працэсаў, якія адбываюцца зараз у Беларусі, пазыцыя Амэрыкі ня будзе залежыць ад таго, хто пераможа – Буш ці Кэры”.

Міжнародны каардынатар “Хартыі-97” Андрэй Саньнікаў узгадаў гісторыю прыходу да ўлады Біла Клінтана.

(Саньнікаў: ) “Што да беларусаў, то я не думаю, што нешта зьменіцца. Хаця ёсьць розьніца. Калі ўзгадаць, да прыкладу, адміністрацыю Клінтана, то не адразу мы пачулі ад чыноўнікаў Дзярждэпу, ад чыноўнікаў адміністрацыі падтрымку незалежнасьці Беларусі. Тады якраз пачаліся вось гэтыя гульні з Расеяй, і спачатку афіцыйныя асобы пры Клінтане не ацэньвалі як небясьпечныя для незалежнасьці Беларусі гэтыя гульні. Што тычыцца сытуацыі сёньня, то можна ўзгадаць, што прэзыдэнт Буш падпісаў “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”, які быў прыняты Кангрэсам Злучаных Штатаў, і гэты Акт падтрымаў сэнатар Джон Кэры. Гэта значыць, што абодва кандыдаты ведаюць аб сытуацыі ў Беларусі, і ад іх можна чакаць падтрымкі дэмакратычным сілам”.

Паэт Генадзь Бураўкін, які працаваў у ЗША сталым прадстаўніком Беларусі ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, выказаўся такім чынам:

(Бураўкін: ) “Скажу шчыра, мне заўсёды ня надта падабаўся Буш, а Кэры я амаль ня ведаю. Для таго, каб нешта гаварыць і ацэньваць яго, трэба жыць там, а так, на воддалі... У прынцыпе, я лічу, для нас нічога ня зьменіцца, таму што пазыцыя іх у адносінах да нашага кіраўніка не памяняецца, гэта ясна. А ў астатнім, трэба было б альбо там пажыць, альбо сур’ёзна пазнаёміцца зь іх дэбатамі, зь іх заявамі, а гэтага ў мяне няма і не было”.
XS
SM
MD
LG