Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці паўплываюць вынікі выбараў прэзыдэнта ЗША на жыцьцё Беларусаў?


Севярын Квяткоўскі, Менск Папярэднія апытаньні радыё “Свабода” прадэманстравалі, што беларусы цікавяцца амэрыканскімі выбарамі. Многія перакананыя, што пры новым прэзыдэнце палітыка ЗША да Беларусі можа стаць больш лагоднай, іншыя ўпэўненыя, што стаўленьне Вашынгтону да Менску залежыць ад палітыкі Аляксандра Лукашэнкі. Меркаваньні выпадковых мінакоў на менскіх вуліцах у апытаньні нашага карэспандэнта.

(Карэспандэнт: ) “Ці паўплываюць вынікі выбараў прэзыдэнта ЗША на жыцьцё Беларусаў?”

(Хлопец: ) “Магчыма, але ня надта. Гэтаксама будуць ставіцца”.

(Студэнт: ) “У нас ёсьць свой прэзыдэнт, і вось гэта мае значэньне. Можа, варта пра гэта падумаць – а якая розьніца, хто там у Амэрыцы?”

(Школьніца: ) “Ёсьць розьніца. У Буша трохі ёсьць антыпатыі да Беларусі. Пэўна, таму што ён у сваёй краіне зрабіў такі рэжым, які, як ён кажа, у нас – таталітарызм. Мне падаецца, што больш такое ў Амэрыцы разьвіваецца. А Кэры, каб не ствараць у народа антыпатыі, і для зьнешніх сувязяў, то ня будзе такога стаўленьня да Беларусі”.

(Пэнсіянэрка: ) “Я на сёньняшні дзень любому прэзыдэнту ЗША веру. А нашаму – на адзін грош ня веру”.

(Спадар: ) “Можа быць, зьменіцца стаўленьне да беларусаў. Чамусьці Буш нядобра да нас ставіцца”.

(Спадарыня: ) “Няма для Беларусі значэньня. У іх свой кірунак, у нас свой”.

(Дзяўчына: ) “Калі наш прэзыдэнт зьменіцца, то зьменіцца палітыка ЗША да Беларусі”.
XS
SM
MD
LG