Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вячорка: “Што да стаўленьня афіцыйнага Вашынгтону да Беларусі, ніякіх зьменаў ня будзе, незалежна ад таго, хто пераможа”


Уладзімер Глод, Менск У комплексе “Журавінка” ў Менску адбыўся так званы “выбарчы сьняданак”: прадстаўнікі беларускай грамадзкасьці на запрашэньне амбасадара ЗША назіралі ў тэлеэфіры за ходам галасаваньня ў ЗША.

Кожны, хто сюды прыходзіць – а тут зараз сотні дзьве людзей – мае магчымасьць выбраць сабе значок: альбо ў падтрымку Кэры, альбо Буша. Значкоў узялі прыкладна аднолькава, а некаторыя, як хітрыя беларусы, бралі адразу па два значкі. А ўвогуле атмасфэра вельмі прыемная: 20 хвілінаў выступаў Джордж Крол і распавядаў пра выбарчую сыстэму ў ЗША, бо для нас яна даволі складаная і не для ўсіх зразумелая.

Я бачу Аляксандра Вайтовіча, Станіслава Шушкевіча, Уладзімера Парфяновіча, Вінцука Вячорку, Зінаіду Бандарэнку і іншых вядомых у Беларусі людзей. Ня бачу нікога ад афіцыйных структураў – наколькі я ведаю, іх запрашалі, але згодна з такой нядобрай традыцыяй яны праігнаравалі гэтае запрашэньне.

Зараз побач са мной – народная артыстка Зінаіда Бандарэнка і вядомы палітык Вінцук Вячорка, і да іх пытаньне: што, на іхную думку, было б лепш для Беларусі – каб перамог Буш альбо Кэры? І ці можна наогул так ставіць пытаньне?

(Бандарэнка: ) “Вітаю ўсіх, хто зараз слухае радыё Свабода. Такое пытаньне можна задаваць, і мне здаецца, што яно абмяркоўваецца ў многіх беларускіх сем’ях, многія спадзяюцца на нейкія зьмены: а можа што зьменіцца і ў нас у Беларусі, калі ўлічыць, што зараз ідуць такія шыкоўныя выбары ў ЗША. Я не магу некаму аддаць перавагу. Чыста па-жаноцку я больш сымпатызую Бушу. Па-першае, ён падпісаў Акт па Беларусі, на які мы таксама маем нейкія спадзяваньні. Але калі сур’ёзна гаварыць, то, мне здаецца, ня надта нешта зьменіцца ў Беларусі ад таго, хто пераможа. Усё будзе ісьці намечаным шляхам. Трэба ўлічваць, што ў нас складаная сытуацыя, дыктатура – мы гаворым пра гэта на поўны голас. Я спадзяюся проста на розум амэрыканцаў”.

(Вячорка: ) “Добры дзень. Я думаю, што і для Беларусі, і для пэрспэктываў дэмакратыі ў сьвеце, і для нашай эўраатлянтычнай цывілізацыі самае галоўнае – гэта стабільная й прадказальная амэрыканская дэмакратыя. Стабільная магчымасьць для амэрыканскага народу вольна, адкрыта, празрыста выбіраць таго палітыка, якому ў дадзены момант амэрыканскае грамадзтва сымпатызуе. Гэта ёсьць найважнейшае. Што да канкрэтных сымпатыяў і прыхільнасьцяў маіх і маёй партыі – яны зьвязаныя з тым, што існуе пэўная стабільная тэндэнцыя, стабільная рашучая лінія цяперашняй адміністрацыі на барацьбу за дэмакратыю й супраць таталітарызму. Але разам з тым абедзьве партыі – і рэспубліканцы, і дэмакраты – у роўнай ступені спрычыніліся да выпрацоўкі новай палітыкі стасоўна Беларусі. “Акт аб дэмакратыі” быў прапанаваны абедзьвюма партыямі, гэта дзьвюхпартыйны акт, і таму, што да стаўленьня афіцыйнага Вашынгтону да Беларусі, ніякіх зьменаў ня будзе, незалежна ад таго, хто пераможа”.

Самі прадстаўнікі амбасады ня маюць права выказваць публічныя меркаваньні наконт таго, хто ім больш блізкі. Пытаньне “за каго галасавалі, за Кэры альбо Буша” амэрыканцам увогуле не задаюць--гэта як бы абсалютна прыватная справа. Але разам з тым у прыватнай размове адзін з маіх знаёмых супрацоўнікаў амэрыканскай амбасады сказаў мне дзьве цікавыя рэчы. Па-першае: хто б ні перамог, дэмакратыя ў Амэрыцы захаваецца. І другое: на жаль, аб Беларусі ў ЗША будуць ведаць нямнога.
XS
SM
MD
LG