Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары прэзыдэнта ЗША: у бальшыні штатаў перамог Буш


Алеся Сёмуха, Вашынгтон Папярэднія вынікі падліку галасоў паказваюць, што традыцыйна рэспубліканскія штаты цэнтральнага захаду ЗША прагаласавалі, як і чакалася, за прэзыдэнта Буша. Але многія з гэтых штатаў маланаселеныя і ня могуць гарантаваць перамогі. Найбольш населеныя штаты ўсходу ЗША, такія як Нью-Ёрк і Нью-Джэрзі, падтрымалі Джона Кэры. Чакаецца, што самы густанаселены штат, Каліфорнія, таксама прагаласуе за Кэры. Джордж Буш, аднак, вядзе рэй ня толькі ў цэнтральным захадзе, але й на поўдні, у такіх густанаселеных штатах, як Тэхас, Джорджыя і Арызона. На цяперашні момант Буш мае 249 галасоў выбаршчыкаў з 270 патрэбных, Кэры – 242.

Тры ключавыя штаты, Флярыда, Агаё і Пэнсыльванія, якія да апошняга лічыліся нявызначанымі, зараз падаюць папярэднія вынікі галасаваньня. Выглядае, што Пэнсыльванія падтрымае Джона Кэры, а Флярыда – Джорджа Буша. Дадзеныя з Агаё дагэтуль не даюць дастаткова яснай карціны таго, хто перамагае.

Падлік галасоў будзе працягвацца ўсю ноч і ўвесь дзень. Да таго ж, у некаторых штатах, як Флярыда, бюлетэні, дасланыя выбарцамі з-за межаў штата (а ў гэтай катэгорыі шмат вайскоўцаў) будуць падлічаныя апошнімі. Таму канчатковыя вынікі хутчэй за ўсё будуць вядомыя заўтра (у Беларусі – сёньня ўвечары).

Самыя апошнія падлікі паказваюць, што Джордж Буш трохі апярэджвае Дона Кэры, але зноў-такі, гэта – лічбы без уліку прадэмакратычных штатаў заходняга ўзьбярэжжа й трох ключавых штатаў: Флярыды, Агаё і Пэнсыльваніі.
XS
SM
MD
LG