Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя дадзеныя з архіваў КГБ пра месца і абставіны сьмерці Антона Луцкевіча


Ганна Сурмач, Прага Сёньня, на Дзяды, грамадзтва Беларусі ўшаноўвае памяць усіх загіблых за беларускую справу. Сярод іх асаблівае мейсца займаюць пакутнікі, якія былі зьнішчаныя ў сталінскіх лягерох і магілы якіх сёньня не могуць знайсьці нават родныя.

Толькі нядаўна ўдалося знайсьці больш падрабязныя зьвесткі пра апошнія часы жыцьця аднаго з пачынальнікаў новага беларускага Адраджэньня Антона Луцкевіча. Шмат гадоў гэтыя пошукі вяла ў архівах музэезнаўца з Санкт-Пецярбурга Маргарыта Пярова.

Яна сама належыць да роду Луцкевічаў і зьяўляецца унучатай пляменьніцай братоў Луцкевічаў.

(Пярова: ) “Зусім нядаўна даведаліся з архіўнага фонду КГБ Літвы, што Антон Луцкевіч памёр 23 сакавіка 1942 году ў маленькім мястэчку Аткарск Саратаўскай вобласьці”.

І вось зусім нядаўна знойдзеныя новыя архіўныя зьвесткі. Гэтыя зьвесткі прыйшлі з Упраўленьня унутраных справаў г. Саратава. Там знаходзіцца архіўная справа былога зьняволенага Антона Луцкевіча.

Вось некалькі вытрымак з гэтых дакумэнтаў.

Як вядома, у студзені 1941 году Антон Луцкевіч зь Менску быў перавезены ў турму КГБ у Маскву. Там, у Маскве, допыты былі ўжо не такія частыя. У траўні 1941 году кіраўнік санітарнай часткі турмы піша аб неабходнасьці замены "... заключённому камеры №7 ввиду заболевания сердца Антону Луцкевичу заменить чёрный хлеб на белый в размере 450 грамм сроком на 15 дней".

14 ліпеня Антона Луцкевіча азнаёмілі з абвінаваўчым выракам – 8 гадоў лягераў.

Ён павінен быў ехаць на чыгуначную станцыю Сосьва – Севуралаг. Але, па дарозе ён моцна захварэў і з Балашоўскай турмы яго перавезьлі ў перасыльны пункт г. Аткарска, дзе ён 23 сакавіка 1942 году памёр, сьмерць наступіла ад параліча сэрца.

Пахавалі Антона, цытую: "в коммунально-бытовой части кладбища города Аткарска". У труну паклалі шыльду, на якой напісалі прозьвішча і нумар справы – 1100. Ізноў цытую: "На могиле погребённого установлена дощечка с порядковы номером - литера Б".

Маргарыта Пярова атрымала адказ з Саратава пра тое, што гэтыя могілкі ўжо зачыненыя і знайсьці магілку быццам немагчыма.

Патлумачылі таксама, што каб наведаць гэтую сумную мясьціну патрэбен афіцыйны зварот. Яна кажа, што гэта магла б зрабіць нейкая беларуская грамадзкая арганізацыя, каб усё ж працягнуць пошук. Магчыма, тады і зьявіўся б шанец пахаваць астанкі змагара за Беларусь Антона Луцкевіча ў роднай зямлі.
XS
SM
MD
LG