Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На выбарах ва Ўкраіне ў лідэры выйшаў прадстаўнік апазыцыі Віктар Юшчанка?


Валер Каліноўскі, Кіеў Канчатковы вынік галасаваньня на выбарах прэзыдэнта Ўкраіны дагэтуль не абвешчаны, у ЦВК другія суткі працягваюць паступаць зьвесткі з тэрытарыяльных выбарчых камісіяў. Пасьля падліку 94,89% пратаколаў, як зазначае ЦВК, разрыў паміж прэм’ерам Януковічам і апазыцыянэрам Юшчанкам павялічыўся да аднаго зь лішкам працэнту. Апазыцыя ж кажа, што Юшчанка выйшаў наперад.

Нечаканае ўчарашняе прыпыненьне ЦВК Украіны падліку галасоў, калі былі сабраныя зьвесткі з 94 адсоткаў выбарчых участкаў, выклікала падазрэньні апазыцыі ў тым, што ўлады спрабуюць рэвізаваць атрыманы вынік.

За суткі Цэнтрвыбаркам змог дадаткова падлічыць толькі каля паўпрацэнта пратаколаў, так і не дасягнуўшы агульнай лічбы ў 95% галасоў.

Паводле ЦВК Украіны, гэтыя пратаколы засьведчылі невялікі рост адрыву праўладнага кандыдата Віктара Януковіча ад апазыцыянэра Віктара Юшчанкі.

Паводле афіцыйных зьвестак на абед 2 лістапада 40,22% выбаршчыкаў прагаласавалі за дзейнага прэм’ера Януковіча і 39,01% – за лідэра блёку "Наша Ўкраїна" Віктара Юшчанку.

У выбарчым штабе апошняга заяўляюць, што ў ЦВК пачалі праступаць пераробленыя пратаколы, у якіх лічбы зьмяніліся на карысьць прэм’ера.

Паводле зьвестак Юрыя Ключкоўскага, прадстаўніка Юшчанкі ў ЦВК, падлічана ўжо амаль 99% пратаколаў, і ў лідэры выйшаў Віктар Юшчанка, які апярэджвае Януковіча на некалькі дзясяткаў тысячаў галасоў.

Тым часам перадвыбарчыя страсьці перамясьціліся ў Вярхоўную Раду Ўкраіны.

Зь першымі пасьлявыбарчымі заявамі сёньня выступілі прадстаўнікі асноўных палітычных сілаў Украіны, прадстаўленыя ў Вярхоўнай Радзе. Парлямэнт, як і Ўкраіна ў цэлым, апошнім часам падзялілася на дзьве прыблізна роўныя па колькасьці палавіны. Блёк партыяў “Наша Ўкраіна” блёк Юліі Цімашэнкі заяўляюць пра перамогу іх кандыдата Віктара Юшчанкі ў пешым туры. Партыя рэгіёнаў разам з сатэлітамі выказваюць ўпэўненасьць у перамозе прэм’ера Віктара Януковіча. Сацпартыя і Кампартыя не прызнаюць вынікаў выбараў, якія сьведчаць пра глыбокі заняпад левых рухаў. Сёньня перадвыбарчыя страсьці перамясьціліся ў Вярхоўную Раду Ўкраіны.

Справаздача намесьніка старшыні ЦВК Украіны Яраслава Давыдовіча перад Вярхоўнай Радай аб ходзе выбараў не задаволіла дэпутатаў. Ён так і не паведаміў канчатковы вынік падліку галасоў, не патлумачыў, якія захады будуць ужытыя для папярэджаньня паўтору масавых парушэньняў, што былі зафіксаваныя 31 кастрычніка, асабліва зьвязаных са сьпісамі выбаршчыкаў.

Кааліцыя "Сіла народу", створаная ў падтрымку кандыдатуры Віктара Юшчанкі на выбарах прэзыдэнта, абвінаваціла ЦВК у тым, што ён зацягвае падлік вынікаў першага тура спэцыяльна, каб не паведамляць пра перамогу кандыдата ад апазыцыі. Кіраўнік перадвыбарчай кампаніі Юшчанкі Аляксандр Зінчанка заявіў, што на гэты раз народ перамог уладу, нягледзячычы на ціск і запалохваньні.

(Зінчанка: ) “21 лістапада кожны з нас вынесе канчатковы прыгавор гэтай злачыннай уладзе, кіруючы рэжым прысуджаны на паразу. Слава Ўкраіне!”

Юлія Цімашэнка абвясьціла, што народ Украіны ніколі не абярэ былога асуджанага Януковіча прэзыдэнтам:

(Цімашэнка: ) “Мы пачынаем агульнанацыянальную грамадзянскую мабілізацыю, супраць банды, супраць крыміналу”.

Юлія Цімашэнка выказвала перакананьні паловы Вярхоўнай Рады, другая палова дэпутатаў ня менш горача выступаюць за дзейнага прэм’ера Януковіча, у тым ліку фракцыі Партыі рэгіёнаў, аб’яднаных сацыял-дэмакратаў, цэнтрыстаў і “Працоўнай Украіны” і іншых праўладных партыяў, якія сёньня вырашылі спыніць свой байкот паседжаньняў. Былы прэзыдэнт Леанід Краўчук заявіў пра перамогу ягонага кандыдата Віктара Януковіча.

Але так ці іначай другі тур галасаваньня на выбарах прэзыдэнта з удзелам апазыцыйнага лідэра Юшчанкі і прэм’ера Януковіча Ўкраіны прадвызначаны.

Абодва кандыдата дамагаюцца цяпер падтрымкі лідэра СПУ і КПУ А. Мароза і П. Сіманенкі. Але апошнія сёньня на паседжаньні Рады ўстрымаліся ад абвяшчэньня, каго ж падтрымаць у другім туры. Яны расчараваныя вынікам, калі абодва левыя кандыдаты разам атрымалі толькі крыху болей 10 адсотка галасоў.

А. Мароз заявіў, што не прызнае гэткія вынікі выбараў, якія выкліканыя шматлікімі парушэньнямі, што каля 10 адсоткаў ягоных галасоў былі прысвоеныя ўладай.

Прадстаўнік КПУ дэпутат Сяргей Гмыря таксама не прызнаў вынікі выбараў, заявіўшы, што перамаглі прадстаўнікі двух крымінальна-алігархічных кланаў.

Такім чынам КПУ Пятра Сіманенкі не падтрымлівае ніводнага з кандыдатаў у другім туры прэзыдэнцкіх выбараў і заклікае галасаваць супраць абодвух, паколькі паводле П. Сіманенкі абодва кандыдаты фальсыфікавалі вынікі выбараў, у выніку чаго ён не атрымаў яшчэ 15 адсоткаў галасоў. А вось Сацпартыя Аляксандра Мароза выказвае схільнасьць да Юшчанкі, але патрабуе ў яго ўзгадненьня пазыцыяў ў шэрагу важных пытаньняў. Тым часам кандыдат ад апазыцыі Віктар Юшчанка сёньня выклікаў свайго асноўнага канкурэнта прэм’ера Януковіча на тэледэбаты ў наўпросты эфіры тэлебачаньня. Рэакцыі апошняга пакуль няма.
XS
SM
MD
LG