Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская “Пора” пераймае досьвед беларускага “Зубра”


Валер Каліноўскі, Кіеў Украінская грамадзянская кампанія “Пора” распачала акцыю супраціву фальсыфікацыям вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, якія прайшлі 31 кастрычніка. Абвешчаны пратэст праходзіць у форме мітынгаў, пікетаў, студэнцкіх страйкаў. Арганізацыя “Пора” мае цесныя сувязі з сэрбскім рухам “Отпор” і беларускім “Зубром”.

Па колькасьці яркіх налепак з заклікамі да выбарцаў Кіеў цяпер нагадвае перадвыбарчы Менск 2001 году. Іх аўтарамі і распаўсюднікамі зъяўляецца новая, але актыўная арганізацыя “Пора”, яна стала адным з важных удзельнікаў кампаніі па выбарах прэзыдэнта Ўкраіны. Сёньня ў цэнтры Кіева прайшоў адзін зь першых масавых мітынгаў.

Актывіст “Поры” Андрэй Юсаў паведаміў, што арганізацыя ўзьнікла паўгода таму, яе сябрамі зъяўляюцца дзясяткі тысячаў чалавек, пераважна студэнты. У Львове, Чарнігаве, іншых гарадах актывісты “Поры” патрапілі пад ціск праваахоўных органаў і арыштаваныя за нібыта знойдзеныя ў іх офісах выбуховыя рэчывы. Аднак сябры арганізацыі дэкляруюць негвалтоўны супраціў, як беларускі “Зубр” і сэрбскі “Отпор”. Гаворыць Андрэй Юсаў:

(Юсаў: ) “Калі параўноўваць “Пару” і “Отпор”, то ёсьць адна вельмі істотная дэталь, якая аб’ядноўвае гэтыя кампаніі, – гэта негвалтоўныя дзеяньні. Мы не можам параўноўваць нейкія палітычныя моманты і нашыя дзеяньні, бо занадта розныя мы краіны”.

Актывіст беларускага руху “Зубр” Уладзімір Кобец быў адным з тых, хто дзяліўся досьведам з украінскай моладзьдзю. Спачатку ён супрацоўнічаў з рознымі моладзевымі арганізацыямі:

(Кобец: ) “Для іх мы праводзілі трэнінгі, дзе мы не навучалі іх, што рабіць, а проста дзяліліся досьведам. Сэрбы сваім досьведам, “Зубр” – сваім. Так мы праехалі ўсю Ўкраіну. І літаральна празь некалькі месяцаў украінскія хлопцы вырашылі распачаць такую кампанію”.

Уладзімір Кобец пад час выбарчай кампаніі ва Ўкраіне прыехаў у Кіеў, да сваіх новых сяброў, якія стварылі Грамадзкую ініцыятыву “Пора”.

(Кобец: ) “Існуе такі паміж намі няпісаны інтэрнацыянал рухаў супраціву. Гэта сэрбскі “Отпор”, грузінская “Кмара”, беларускі “Зубр”. Вось зараз украінская “Пора” стала паўнавартасным сябрам гэтага “інтэрнацыяналу”. Я хачу сказаць, што калі мы пачыналі працаваць, то падзеі ў Сэрбіі й Беларусі былі для іх легендай. А сёньня я ім сказаў: хлопцы, вы самі ўжо легенда. Вы робіце гісторыю і вы пераможаце”.
XS
SM
MD
LG