Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскі парлямэнт прыняў рэзалюцыю “Адносна парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму ў Беларусі”


Тацяна Поклад, Вільня Сёньня літоўскі Сойм бальшынёй галасоў прыняў рэзалюцыю “Адносна парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму ў Беларусі”. Праект рэзалюцыі быў зацьверджаны напрыканцы мінулага тыдня, пасьля дадатковага абмеркаваньня і паправак.

Сёньня на пленарным паседжаньні Сойму Літвы бальшынёй галасоў была прынятая рэзалюцыя “Адносна парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму ў Беларусі”.

У рэзалюцыі адзначаецца: “Сойм Літоўскай Рэспублікі заклапочаны паведамленьнем пра парушэньні агульнапрызнаных нормаў дэмакратыі, якія адбываліся ў Беларусі 17 кастрычніка у часе парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму адносна працягу паўнамоцтваў прэзыдэнта краіны”.

“Беларускія улады праігнаравалі заклікі АБСЭ, Рады Эўропы, і Эўрапейскага Зьвязу нармалізаваць дачыненьні з апазыцыяй, забясьпечыць сапраўдную незалежнасьць сродкаў масавай інфармацыі і доступ да яе усім палітычным групам, зьмяніць законы, якія рэглямэнтуюць парадак выбараў, у адпаведнасьці з дэмакратычнымі стандартамі”, – гаворыцца ў дакумэнце.

У рэзалюцыі пераказваюцца высновы АБСЭ і Рады Эўропы адносна выбараў і рэфэрэндуму у Беларусі й фармулюецца выснова: “Працяг прэзыдэнцкага тэрміну на неабмежаваны час ацэньваецца як відавочнае парушэньне эўрапейскіх дэмакратычных традыцыяў. Сойм Літоўскай Рэспублікі … мае сур''ёзныя падставы сумнявацца, што выбары у Беларускі парлямэнт 17 кастрычніка 2004 году былі свабоднымі і справядлівымі. Меркаваньні Сойму Літоўскай Рэспублікі адносна дэпутатаў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь будуць залежыць ад прынцыповай дзейнасьці гэтых дэпутатаў у сфэры пашырэньня дэмакратыі і правоў чалавека у Беларусі”.

Супраць гэтай рэзалюцыі выступілі некалькі літоўскіх парлямэнтароў, – да прыкладу, Міколас Пронскус гаварыў пра тое, што ў Беларусі добра вырашаюцца сацыяльныя пытаньні. Старшыня парлямэнцкага камітэту ў справах правоў чалавека Ёнас Чэкуоліс з гэтай нагоды адзначыў, што рэзалюцыя літоўскага Сойму датычыцца парушэньняў дэмакратычных нормаў у часе галасаваньня і ня мае дачыненьня да ацэнак эканамічнай ці сацыяльнай сытуацыі ў Беларусі.

Раса Юкнявічэне з партыі кансэрватараў прапаноўвала больш жорсткую фармулёўку у выснове рэзалюцыі, якую літоўскі парлямэнт не прыняў.
XS
SM
MD
LG