Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вінцук Вячорка пра ліст зь Мінюсту: “Гэта фактычна спроба пачаць зьнішчэньне палітычных партыяў зьнізу”


Алесь Дашчынскі, Менск Партыя БНФ атрымала ліст ад Міністэрства юстыцыі, у якім патрабуецца да 1 лютага 2005 году зьмяніць юрыдычныя адрасы шэрагу арганізацыйных структураў.

Паводле Мінюсту, разьмяшчэньне юрыдычных адрасоў палітычных партыяў у прыватных кватэрах грамадзянаў і ў прыватных дамах забараняецца, калі яны ня маюць асобнага ўваходу ў офіс арганізацыі. Ліст падпісаны міністрам юстыцыі Віктарам Галаванавым і датаваны 18 кастрычніка 2004 году. У выпадку невыкананьня гэтага распараджэньня Мінюст пагражае рэагаваць згодна зь дзейным заканадаўствам — гэта значыць, размова можа ісьці пра ліквідацыю партыяў.

Абсалютная бальшыня структураў дэмакратычных палітычных партыяў, а таксама многіх няўрадавых арганізацыяў зарэгістраваны менавіта ў жыльлёвым фондзе. Цяпер яны вымушаныя шукаць іншыя юрыдычныя адрасы, што даволі складана.

Паводле кіраўніка камісіі Партыі БНФ Уладзімера Лабковіча, патрабаваньне Мінюсту закранае амаль 90% партыйных структураў і фізычна немагчыма яго выканаць у вызначаны тэрмін.

(Лабковіч: ) “Раённыя адміністрацыі, выканкамы скіраваныя на тое, каб не рэгістраваць арганізацыйных структураў палітычных партыяў. Зь дзясятак структураў, якія наша Партыя БНФ падала ў мінулым годзе і з пачатку гэтага году, не было зарэгістравана амаль ніводнай. Гэта будзе працягвацца і цяпер”.

Старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка лічыць, што падставы для гэтага патрабаваньня Мінюсту — палітычныя.

(Вячорка: ) “Гэта значыць, што ўступае ў сілу вядомая Лукашэнкаўская заява — “не пакінуць каменя на камені…” Гэта фактычна спроба пачаць зьнішчэньне палітычных партыяў зьнізу. Але мы гэтага не баімся. БНФ дзейнічаў і ў незарэгістраваным стане і, калі гэта адбудзецца, будзем дзейнічаць так, як нам будзе падказваць сумленьне”.
XS
SM
MD
LG