Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як галасуюць амэрыканцы, якія жывуць у Беларусі?


Юры Сьвірко, Менск Як паінфармавала Беларускую Свабоду прэсавая служба амбасады ЗША ў Менску, сярэдняя колькасьць амэрыканскіх грамадзян, якія знаходзяцца ў Беларусі, складае каля 250. Толькі пятая частка іх жыве тут стала. Але адрозьненьняў у арганізацыі галасаваньня беларускіх амэрыканцаў няма — кожны самастойна займаецца рэалізацыяй свайго выбарчага права.

Сталы дазвол на жыхарства ў Беларусі маюць толькі 56 грамадзян ЗША, паведаміў Радыё Свабода супрацоўнік Дэпартамэнту грамадзянства й міграцыі беларускага МУС Генадзь Бубновіч. Часова знаходзяцца на беларускай тэрыторыі значна больш амэрыканцаў, але ўсе яны, паводле тлумачэньняў амэрыканскай амбасады, самастойна вырашаюць пытаньне свайго ўдзелу ў галасаваньні на выбарах прэзыдэнта ЗША — зьвязваюцца з тым штатам, дзе жылі.

Амэрыканскае заканадаўства прадугледжвае “галасаваньне адсутных”. Адпаведныя паперы для галасаваньня можна атрымаць у консульскім аддзеле амбасады ЗША. Фэдэральная праграма дапамогі выбарам распачала таксама інтэрнэт-праект “SERVE” (Экспэрымэнт бясьпечнай электроннай рэгістрацыі й галасаваньня), які дае магчымасьць грамадзянам ЗША за мяжой прагаласаваць на прэзыдэнцкіх выбарах 2004 году.

Кіраўнік менскага прадстаўніцтва карпарацыі “Амэрыканскі цэнтар адукацыі й дасьледаваньняў” Кэвін Рэйлінг распавёў Радыё Свабода, што прагаласаваў за свайго кандыдата на пасаду прэзыдэнта ЗША яшчэ некалькі тыдняў таму, і вось як ён рабіў гэта:

(Рэйлінг: ) “Я зайшоў у інтэрнэт, бо ўжо быў зарэгістраваны для галасаваньня ў Злучаных Штатах. Ёсьць некалькі розных інтэрнэт-сайтаў, якія дапамагаюць арганізаваць атрыманьне заяўкі на бюлетэнь для “галасаваньня адсутных”. Найбольш важнае — атрымаць гэты бюлетэнь. Гэта займае каля месяца — з дня падачы заяўкі”.

Аднак спадар Рэйлінг дадаў, што інтэрнэт — не адзіны шлях атрыманьня бюлетэня. Можна падаць заяўку па пошце.

У амэрыканскай амбасадзе ў Менску ніякага выбарчага ўчастку няма. Хаця дыпляматы ЗША будуць сачыць за вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў, і раніцай у сераду адбудзецца імпрэза з удзелам амбасадара Джорджа Крола, дзе будуць абмяркоўвацца вынікі выбараў.

Амбасада ЗША ў Менску таксама распаўсюдзіла заяву з нагоды пратэстаў беларускай амбасады ў Вашынгтоне пра немажлівасьць назіраньня за амэрыканскімі выбарамі.

“Мы вітаем жаданьне беларускіх дыпляматаў назіраць за выбарамі ў ЗША і спадзяемся, што гэты досьвед будзе карысным для Беларусі ў разьвіцьці яе ўласных дэмакратычных працэдураў”, — гаворыцца ў заяве. У ёй тлумачыцца, што выбары ў Злучаных Штатах, у тым ліку і на агульнанацыянальныя пасады, такія, як прэзыдэнцкая, праводзяцца на мясцовым узроўні й на ўзроўні штатаў. Мясцовае заканадаўства, якое значна адрозьніваецца ў розных штатах, вызначае, якім чынам нэўтральныя назіральнікі, уключаючы акрэдытаваных у ЗША дыпляматаў, могуць назіраць за выбарамі. Паколькі не існуе нацыянальнай альбо фэдэральнай сыстэмы акрэдытацыі назіральнікаў, Дзярждэпартамэнт ЗША садзейнічаў усталяваньню кантактаў паміж амбасадамі, уключаючы амбасаду Беларусі, і выбарчымі камісіямі многіх штатаў.

“Злучаныя Штаты цалкам прытрымліваюцца сваіх забавязаньняў паводле Капэнгагенскага й Стамбульскага дакумэнтаў аб прыняцьці назіральнікаў з краін-удзельніцаў АБСЭ на выбарах у ЗША ў межах, дазволеных законам”, — падкрэсьлена ў заяве амэрыканскай амбасады ў Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG