Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне ў Менску: Хто з кандыдатаў у прэзыдэнты ЗША выклікае ў вас найбольшую сымпатыю і чаму?


Альгерд Невяроўскі, Менск З гэтым пытаньнем да людзей на менскіх вуліцах зьвярнуўся наш карэспандэнт.

(Карэспандэнт: ) “Сёньня ў Амэрыцы праходзяць прэзыдэнцкія выбары. Скажыце, хто з кандыдатаў у прэзыдэнты ЗША вам найбольш сымпатычны і чаму?”

(Дзяўчына: ) “Відаць, Джордж Буш. Яго палітыка не вядзе дзяржаву да заняпаду. Росквіт Амэрыкі як быў, так і працягваўся ў часе прэзыдэнцтва Буша, нягледзячы на вайну ў Іраку і на тэракты, што адбыліся ў Амэрыцы за часам яго кіраваньня”.

(Хлопец: ) “Мне больш падабаецца Джордж Буш. Ён працягвае сваю палітыку цягам апошніх гадоў і ведае, што дакладна неабходна цяпер Амэрыцы і ўсяму сьвету. Думаю, ён зьменіць сваю палітыку ў адносінах да Іраку ды зробіць нешта лепшае для сваёй дзяржавы й для ўсяго сьвету”.

(Спадар: ) “Я за Буша. Палітыку вядзе нармальную, толькі з Іракам там трохі нарабіў цудаў. А так, я думаю, ён, як прадстаўнік амэрыканскай нацыі, чалавек годны свайго месца. Я думаю так”.

(Пэнсіянэрка: ) “Кэры!”

(Карэспандэнт: ) “А чаму?”

(Пэнсіянэрка: ) “Чаму? Ня ведаю чаму, але гледзячы на становішча, сымпатызую яму”.

(Спадарыня: ) “Бушу. Ягоная палітыка мне больш блізкая, чым дэмакратаў”.

(Спадар: ) “Мне Буш больш сымпатычны. Ён больш агрэсіўны ў адносінах да тэрарыстаў”.

(Спадарыня: ) “Кэры. Можа, нейкіх новых зьменаў чакаем мы ад Кэры”.

(Пэнсіянэрка: ) “Ніводнаму, акрамя беларускага прэзыдэнта”.

(Дзяўчына: ) “Мне сымпатычны Кэры. Ягоная палітыка больш спрыяе разьвіцьцю ЗША”.

(Пэнсіянэрка: ) “Чаму ня ведаю, але Бушу”.

(Спадар: ) “Цяжка сказаць, хто зь іх лепшы, але ўвогуле я прыхільнік Дэмакратычнай партыі. Іх каштоўнасьці мне больш падабаюцца”.
XS
SM
MD
LG