Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гарадзеншчыне праводзяць галадоўку чатыры чалавекі, пратэстуючы супраць ціску на незалежныя мэдыі


Сяргей Астраўцоў, Горадня Трое зь іх працягваюць сваю акцыю пратэсту ў Ваўкавыску. Учора аб галадоўцы абвесьціў у судовай залі Павал Мажэйка, якога пасадзілі на сем сутак за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, якую правялі гарадзенскія журналісты. Галадоўшчыкі ў Ваўкавыску і Горадні выступаюць супраць ціску на незалежную прэсу і сфальсыфікаваных вынікаў апошніх выбараў.

Другі дзень галадае за кратамі кіраўнік гарадзенскай філіі Беларускай асацыяцыі журналістаў Павал Мажэйка. Учора яго пакаралі адміністрацыйным арыштам за ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці.

За публікацыю пра рэфэрэндум аштрафавалі галоўнага рэдактара газэты “Биржа Информации” Алену Раўбецкую. Журналісты выйшлі на вуліцу і выказалі свой пратэст. Перад арыштам Павал Мажэйка патлумачыў сваю пазыцыю:

(Мажэйка: ) “Мой калега Андрэй Шантаровіч галадае ў Ваўкавыску, таму што яму не даюць выдаваць газэту. Мая калега Алена Раўбецкая шукае магчымасьці выплаціць штраф, які ёй далі нібыта за абразу прэзыдэнта. Зьбіцьцё Шарамета, загадкавая сьмерць Чаркасавай. Для мяне ўжо недастаткова, калі сёньня кажуць пра тое, што ў нас прэса незалежная выклікае неспакой, сытуацыя ўжо катастрафічная. Мы надалей будзем усімі магчымымі нам сродкамі змагацца супраць ціску на незалежную прэсу”.

Міністэрства інфармацыі прыпыніла на месяц выхад ваўкавыскай “Местной газеты”. Бяз працы засталіся людзі, якія рабілі й распаўсюджвалі газэту. Гэта не турбуе мясцовыя ўлады. Галоўны рэдактар Андрэй Шантаровіч галадае чатырнаццаты дзень, ён гаворыць:

(Шантаровіч: ) “Выканкам? Ніхто нават не цікавіўся. Я ведаю, што яны аб гэтым ведаюць, ведаю, што яны гэта абмяркоўваюць, але да мяне ніхто не зьвяртаўся і са мной не размаўляў”.

Былы дэпутат ад апазыцыі ў Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня Мікалай Аксаміт галадае дванаццаты дзень. Ён патрабуе, каб улады разгледзелі ўсе факты парушэньняў на выбарах у 50-й Ваўкавыскай акрузе. Ён сёньня размаўляў па тэлефоне з старшынём райвыканкаму Савельевым. Той сказаў, што наконт выбараў трэба зьвяртацца не да яго, а да старшыні акруговай камісіі Захарчука. Аднак абодва, Захарчук і Савельеў, узялі адпачынак.

Ваўкавыская пэнсіянэрка Валянціна Салдатава таксама лічыць несапраўднымі вынікі выбараў у мясцовай акрузе. Паводле яе, учора да яе прыяжджала хуткая дапамога, а таксама міліцыянты. Яны ўгаворвалі, каб яна напісала заяву, што спыняе галадоўку, але яна адмовілася.
XS
SM
MD
LG