Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малюнкі вёскі Юзафова


Ягор Маёрчык, Юзафова, Шаркоўскі раён Віцебшчыны Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”

Два колы інваліднага вазка — адзіны сродак перасоўваньня пэнсіянэркі Ванды Лагун.

(Лагун: ) “Я толькі пяць клясаў скончыла. А пасьля захварэла і стала інвалідкай. Узрост пад 50 год пачаў набліжацца — і ў нагах аб’явіўся рэзкі боль. Я зусім хадзіць перастала”.

(Карэспандэнт: ) “А на вуліцу вы неяк выяжджаеце?”

(Лагун: ) “Не, нікуды”.

(Карэспандэнт: ) “І даўно ўжо на вуліцы не былі?”

(Лагун: ) “Вось год сяджу ў чатырох сьценах”.

Спадарыня Лагун — мастачка. Пра такіх кажуць: талент прарэзаўся нечакана. Схуднелая кабеціна бярэ ў адзіную здаровую руку пэндзаль і выводзіць звычайныя беларускія краявіды ды казачныя замкі. Ейныя творы ёсьць у прыватных зборах і калекцыях розных дамоў творчасьці.

(Лагун: ) “Закрыю павекі і ўяўляю, дзе я знаходжуся. Маляваць трэба так, каб ладна выглядала — вось тады атрымліваецца карціна”.

(Карэспандэнт: ) “А калі маляваць вёску?”

(Лагун: ) “Трэба глядзець на яе. З уяўленьня можна паспрабаваць, але будзе не зусім дасканала”.

(Карэспандэнт: ) “Давайце я вам буду прапаноўваць тэму. Вы заплюшчыце на імгненьне вочы, уявіце й пасьля раскажыце, як вы гэта будзеце маляваць”.

Ванда Лагун пагаджаецца. Яна ўтульней уладкоўваецца ў крэсьле, заплюшчвае вочы і ўважліва слухае тэму для малюнка:

(Карэспандэнт: ) “Калі я вас папрашу намаляваць карціну на тэму: у Германавічах зачынілі шпіталь… Як гэта можна ўявіць? Што гэта можа быць за карціна?”

(Лагун: ) “Людзі ў калідоры альбо ў палаце сядзяць і размаўляюць з сумным выглядам. Альбо старыя ў цёплую пару выйшлі й стаяць ля будынка — і гэта можна намаляваць. Што дадаць? Зусім пусты шпіталь!”

Раней шпіталь знаходзіўся ў Германавічах — гэта цэнтар сельсавету, да якога адносіцца Юзафова. Але ня так даўно больніцу зьліквідавалі. Сёньня ў вяскоўцаў ёсьць альтэрнатыва: альбо ехаць да дактароў у мястэчка Лужкі, альбо адразу скіравацца ў райцэнтар Шаркоўшчыну, альбо заставацца ў хаце і лячыцца самім.

Састарэлая Юзэфа Хрол — суседка Ванды Лагун. Дзеці разьехаліся, і яны засталіся ўдвох зь дзедам. Сужэнец глухі, дый баба Юзя не зусім здаровая.

(Хрол: ) “Мы — пэнсіянэры, старасьць цісьне”.

(Карэспандэнт: ) “А колькі вам гадоў?”

(Хрол: ) “Семдзесят сем”.

(Карэспандэнт: ) “І моцна цісьне?”

(Хрол: ) “Моцна цісьне! У мяне была закупорка венаў. Я прама тут памірала. З паловы лета хадзіць не магла. І мне дзяўчаты выклікалі “хуткую”. Гэта якраз субота была. Прывезьлі мяне, а лекар кажа: “Чаго вы прыехалі ў выходныя. Вы — людзі. А мы — не?” Такі лекар, Качан. Ён мяне і не паклаў — і скіраваў да хаты”.

(Карэспандэнт: ) “Мэдычнае забесьпячэньне і дапамога — якія яны?”

(Хрол: ) “Нічога добрага! Шпіталю ў нас ужо няма. Ужо трэба ехаць у Лужкі”.

(Карэспандэнт: ) “А Лужкі далёка?”

(Хрол: ) “Ад Германавічаў дванаццаць кілямэтраў. А ад нас да Германавічаў — тры кілямэтры”.

(Карэспандэнт: ) “Ці ўздымалі гэтую праблему — каб шпіталь пакінулі?”

(Хрол: ) “Неяк там казалі, але ніякае ўвагі! Што тут народ зробіць?!”

(Карэспандэнт: ) “Калі я вас папрашу намаляваць карціну пра калгаснае жыцьцё…”

(Лагун: ) “Людзі на полі робяць. Ідзе жніво. Школьнікі й студэнты прыехалі на дапамогу. Ім усім весела. У вечаровую пару студэнты забаўляюцца: і іграюць, і сьпяваюць, і танцы спраўляюць”.

Некалі ў Шаркоўшчынскім раёне Віцебшчыны быў калгас “Зорка”. Але нядаўна яго пераўтварылі ў СПК “Ельня”. Перайначылі паводле дзяржаўнай праграмы, а новую назву далі ў гонар буйнога балота, што знаходзіцца непадалёк.

Спадар Іосіф працуе на фэрме.

(Карэспандэнт: ) “А заробкі як?”

(Іосіф: ) “Дзесьці пад 200 тысяч выходзіць. Але ня ўсе столькі атрымліваюць. Гэта гледзячы ад таго, якую працу выконваеш. Заробак больш-менш стабільны”.

(Карэспандэнт: ) “А даўно вы сталі СПК?”

(Іосіф: ) “Год таму. Толькі што назва зьмянілася. А як калгас быў, так ён і застаўся. Была калектыўная гаспадарка. Там была і мая доля, а ў СПК доляў няма, і ніхто нічога табе ня дасьць”.

(Карэспандэнт: ) “Летась былі выбары ў мясцовыя саветы, у Юзафове выбіралі дэпутата. Неяк ягоную дзейнасьць відаць?”

(Іосіф: ) “А што той дэпутат дапаможа? За нас калгас клапоціцца. Дбаюць пра тое, каб мы падаткі ў час плацілі. Вось пра што яны клапоцяцца”.

(Карэспандэнт: ) “Калі я вас папрашу намаляваць карціну… Што-небудзь зьвязанае з п’янствам”.

(Лагун: ) “О-о-ой! З п’янствам, натуральна, ёсьць што намаляваць. Можа атрымацца жудасная карціна! П’яніца б’е жонку, і дзеці плачуць. Гэта вялікае няшчасьце для сям’і”.

Каб паказаць, што такое п’янства для Юзафова, прывяду толькі два прыклады. Першы: у самы сэзон на мэхдвары калектыўнай гаспадаркі багата машынаў і трактароў. Тут жа можна сустрэць і кіроўцаў. Яны не працуюць, бо міліцыя паадбірала правы за тое, што нецьвярозымі сядалі за руль.

Другі: на тутэйшых могілках поўна сьвежых пахаваньняў. Амаль усім новым нябожчыкам і сарака не было. Прычына сьмерці — атручваньне тэхнічным сьпіртам.

Альфрэдзе Рагавой 75 гадоў. Сама яна ня п’е, але гэта ня значыць, што спадарыня не пакутуе ад алькаголю — на дно бутэлькі любіць зазірнуць нявестка.

(Рагавая: ) “Мой ты чалавечак дарагі, п’юць без канца. Сьпірту хапае, вось яны набіраюць яго і п’юць. Стограмовік неразбаўленага — 1 тысяча рублёў”.

(Карэспандэнт: ) “Адкуль жа ў вас столькі сьпірту?”

(Рагавая: ) “Навозяць яго. І гэтыя, якія ім гандлююць… Ведаеце, што хочаш ім нясі. Прымаюць усё: нясі сала, нясі кілбасу, музыку любую — што ёсьць, за тое сьпірт і дадуць”.

(Карэспандэнт: ) “І шмат людзей, якія п’юць?”

(Рагавая: ) “Амаль усе”.

(Карэспандэнт: ) “А працаваць хто будзе, калі яны п’юць?”

(Рагавая: ) “А яны працуюць і п’юць. Адзін нап’ецца, тады іншы працуе”.

(Карэспандэнт: ) “А што, кіраўнік гаспадаркі ня можа паўплываць на людзей, каб яны не пілі?”

(Рагавая: ) “І з працы ён іх звальняў. І чаго ён толькі ні рабіў! А ім хочацца піць — і ўсё тут!”

(Карэспандэнт: ) “Нават калі ў вас пэнсія 120 тысяч, вы кажаце, што на жыцьцё не хапае і толькі козачку трымаеце. А як жа тыя людзі, якія працуюць у гаспадарцы і атрымліваюць 200 тысяч? Але ў іх ёсьць нейкая сям’я. Адкуль жа яны бяруць грошы?”

(Рагавая: ) “Мілы мой, адкуль яны грошы бяруць? Алюмінь здаюць: дзе які дрот, дзе які кацялок, куфаль, жбанок”.

(Карэспандэнт: ) “А ў міліцыю зьвярталіся, каб прыпыніць гандаль сьпіртам?”

(Рагавая: ) “Да нас з раёну прыехалі, мы ім сталі скардзіцца. А яны нам адказалі: “Сабярыцеся, бабкі, колькі вас ёсьць, і напішыце заяву, усе расьпішыцеся і нясіце ў суд”. Дык я са сваёй старасьцю пайду ў суд судзіцца?! Вы ж начальства! Вы спыніце гэты сьпірт, каб яго не было! А то старыя пойдуць, а тады ім галаву здымуць, што мы пра гэта загаварылі. Вось што нам парабіў наш раён! Гэта справядліва?!”

Вандзе Лагун грэх наракаць на няўвагу з боку мясцовых уладаў. Да яе прыставілі сацыяльнага работніка, падарылі інвалідную каляску і час ад часу даюць грашовую дапамогу. Маляваць уяўную карціну пра мясцовую ўладу ёй ня надта карціць.

(Лагун: ) “Старшыня сельсавету Крысьціна Станіславаўна Ясюкевіч — залатая жанчына, гэта кавалак золата. Яна мне так спадабалася, што я для яе верш напісала:

О, Крысьціна! Вы чароўная дзяўчына! Станам, ростам так прыгожы — Пазірае ў сьлед вам кожны. І прычоска так ідзе — Позірк хтось не адвядзе. Вочы карыя такія — Як ніякія другія! У сэрца прама зазіраюць, А магчыма, разьбіваюць. Мяккі голас ваш харошы Ні з чыім зраўняць няможна! О, паэмы вам пісаць, Ды ўсе рукі цалаваць. А на іх будзеце глядзець — Штосьці, значыць, разумець”.

Стараста вёскі сама знайшла мяне ў адной з хатаў. І першае, што запыталася, ці не зьбіраюся я каго-небудзь абрабаваць? Я запярэчыў. І ў сваю чаргу пацікавіўся, як завуць прадстаўніцу ўлады. На што адказу так не пачуў.

(Спадарыня: ) “Я стараста гэтай вёскі. Мяне тут завуць мэр. Мяне ўзімку зноў выбралі на пяць гадоў. Я жартую, што выганяць нас будуць разам з Лукашэнкам. У кароўніку быў сход скотнікаў. А пасьля сабралі ўсіх пэнсіянэраў у краме. Я ў краму са старымі сабралася. І мне там паведамілі, што мяне выбралі на другі тэрмін. “Навошта вы мяне выбралі?” — “Нам трэба было выбраць”.

(Карэспандэнт: ) “Такая маленькая дэталь: а яны ў вас запыталіся, ці хочаце вы?”

(Спадарыня: ) “Ніхто нічога не пытаўся. Выбралі, і ўсё тут. А каго тут яшчэ выбіраць? Я ўжо старая і дуркаватая, а яшчэ ёсьць дурнейшыя за мяне. Ну, каго тут выбіраць?”

(Карэспандэнт: ) “У людзей улада аўтарытэтам карыстаецца? Да вас зьвяртаюцца?”

(Спадарыня: ) “Натуральна. Калі трэба пабрахацца, прыходзяць да мяне. А што, я рады дам? Хто мяне слухаць будзе? Нашто гэтую лухту выдумляць: выбіраць гэтых старастаў? Навошта гэта? Гэта ўсё толькі на паперы і існуе”.

(Карэспандэнт: ) “Як людзі ў Юзафове жывуць?”

(Спадарыня: ) “А што гэта за жыцьцё? Не жывем, а гніём. У мяне пэнсія 143 тысячы. Мне, можа б, і хапіла, але са мной жывуць тыя, каму не хапае — сын-трактарыст і нявестка з малым. Вось і ўсё — канцы!”

(Карэспандэнт: ) “На што не хапае грошай?”

(Спадарыня: ) “На ўсё. Трэба апрануцца і абуцца, трэба паесьці й малому нешта набыць. А з нашай вопраткай у горад ня выйдзеш. А тым больш у Менск!”

(Карэспандэнт: ) “Чаму? Я гляджу, што на вас прыгожы швэдар…”

(Спадарыня: ) “О-о-о-ой!”

(Карэспандэнт: ) “Калі папрасіць намаляваць карціну пра тое, што то бацькі дзецям дапамагаюць, то дзеці бацькам. Што гэта была б за карціна?”

(Лагун: ) “Раніцай аўтобусам прыехалі сын з жонкай і дзеці іхныя. Ідуць да бацькоўскага дому. А бацькі рады. Сустракаюць іх каля весьнічак. Гаспадыня стаіць ля газавай пліты і нешта гатуе, памешвае палоўнікам. Унукі каля яе верцяцца, як звычайна. Сужэнец сядзіць непадалёк і таксама чакае, калі будзе гатовая страва. А пасьля дзяцей праводзяць, наклаўшы ім усяго, што маюць, наладаваўшы розных пакункаў. Вось і атрымаецца карціна”.

Ірына Мятла мае сына і дачку. Але яны жывуць не ў Юзафове. Нашчадкі спрабуюць займацца фэрмэрствам і дробным гандлярскім бізнэсам у адным з суседніх паселішчаў. Пра тое, які ідуць справы дзяцей, баба Ірына і ейны сужэнец дзед Аляксандар мяркуюць паводле таго, што сын з дачкой часам пазычаюць у іх грошы. Натуральна, што з роднай хаты ні першы, ні другая не зьяжджаюць з пустымі рукамі. У торбах будзе традыцыйны набор — мяса, сала і гародніна. Часам гасьцяваньня не абыходзіцца і без стала.

(Мятла: ) “Я вам распавяду, што самае смачнае рыхтую. Вараную каўбасу дробна наразаю. Пасьля цыбулі, варанае яйка, бульбу дзяру на цёрку — і ўсё гэта перамазваю маянэзам. І затым ставіш у духоўку. Гэта запякаецца — і атрымліваецца ўкусьняціна. Завецца гэта запяканкай”.

Параўноўваючы жыцьцё вёскі Юзафова з уяўнымі малюнкамі Ванды Лагун, прыходзіш да высновы, што фантазіі мастачкі мала чым розьняцца ад рэчаіснасьці, якую яна ня бачыла апошнія восем гадоў. Адзіная нестыкоўка — гэта вобраз мясцовых уладаў. Але ў стаўленьні да іх кожны зыходзіць зь пэрсанальных сымпатыяў і антыпатыяў.
XS
SM
MD
LG