Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як традыцыйна сьвяткуюцца Дзяды?


Галіна Жарко, Менск Паводле каталіцкага календара 2 лістапада – Задушны дзень, альбо Дзяды. Дзень памяці, які адзначаўся ў якасьці дзяржаўнага сьвята напачатку 90-х.

Памінальных дзён у беларусаў некалькі, але галоўныя – восеньскія. У розных рэгіёнах адзначалі іх у розныя дні. Дзяды былі Міхайлаўскія, Зьмітраўскія, Піліпаўскія. Гэта адно з тых сьвятаў, якое адзначалася ў сем’ях спрадвеку й традыцыя гэтая, усё ж перарваная за савецкім часам, не была забытая. Яна адрадзілася. Сакральны сэнс памінальнага сьвята абуджаў нацыянальныя й патрыятычныя пачуцьці. Вось як успамінае пра Дзяды мастак Мікола Купава:

(Купава: ) “Дзяды памятаюцца можа з года 1949-1950. Абавязкова маці везла да дзеда ў вёску. Рэй вёў дзед. Ён апранаўся ў белае адзеньне. І бабуля таксама. Ставілі на стол неабходныя стравы. Ён казаў нейкія словы пра памяць, пра дзядоў. У нашай сям’і гэтая традыцыя была заўсёды. З адыходам дзеда ў 1950-я гэта сямейная традыцыя пайшла ў заняпад. А потым мы гэта сталі адраджаць. У асяродзьдзі мастакоў. Да нас далучылася моладзь з “Майстроўні”. Сярэдзіна і канец 70-х гадоў. Мы сталі мэтанакіравана зьбіраць пэўнае кола людзей і хадзілі на могілкі. Наведвалі магілы Якуба Коласа, Янкі Купалы, ягонае маці... Іншых вядомых людзей. Запальвалі сьвечкі. Нешта гаварылі. Улады пра гэта ня ведалі. Потым ішлі да некага ў майстэрню, прыгадвалі ўсіх ад Рагвалода й да ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў... Тады яшчэ не было вядома пра Курапаты, але вельмі шмат у каго ў сем’ях былі сваякі, што прынялі пакутную сьмерць у лягерах альбо былі расстраляныя. Каб іх памянулі належным чынам, грамадзтва павінна было перастаць жыць у страху”.

Як належыць ушанаваць продкаў паводле памінальнага абраду? Асноўная частка абраду – вячэра ў памяць памерлых сваякоў, на якую запрашалі і іх – Дзядоў. Гаспадар тры разы са сьвечкаю абыходзіў стол, адчынялі вокны й дзьверы ды па імёнах клікалі іх у хату. Пачастунак пакідалі й на магілах. Паслухаем Антаніну Хатэнка:

(Хатэнка: ) “Нешта мітычнае, містычнае, магічнае. Мы цяпер разумеем, што Дзяды цяпер нябачныя, а некалі былі ў фізычным сьвеце, і мы іх памятаем. А далёка-прадалёка дзед – гэта нехта нябачны. Напрыклад, у фальклёры захаваліся вобразы дзеда Еўніка, які ахоўвае збожжа, дзеда, які ахоўвае ніву – Жыцень. Калядны дзед... Яны дзяды. Таму што ў іх мудрасьць, сьвятасьць. Той, хто зайшоў за небакрай, таксама робіцца дзедам, таму што ён адтуль больш бачыць, больш разумее. Ён у тым сьвеце адказны за той род, які застаўся тут – у сьвеце матэрыяльным”.

Дзяды – гэта душы памерлых продкаў. Яны гэтым днём быццам бы адведваюць нашчадкаў. А дзень Памяці – добры час на ўспаміны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG