Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алькагалічная залежнасьць ад спажываньня піва паддаецца лячэньню значна складаней, чым залежнасьць ад гарэлкі


Іна Студзінская, Менск Продаж і папулярызацыя піва ў Беларусі таксама павінны жорстка кантралявацца законам – такое меркаваньне выказваюць беларускія мэдыкі-нарколягі, занепакоеныя ня столькі маральным бокам праблемы, колькі імклівым ростам алькагалізму, асабліва сярод падлеткаў. Але прыняць больш жорсткія законы й забароны практычна немагчыма. Чаму?

Паводле беларускага заканадаўства, піва не зьяўляецца сьпіртным напоем. Нават згодна з дэкрэтам прэзыдэнта, алькагольнымі лічацца напоі, у якіх утрыманьне алькаголю складае больш за 7% – за выключэньнем піва: у дэкрэце і законах так і напісана, чорным па беламу.

Галоўны нарколяг Міністэрства аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Максімчук лічыць, што продаж і папулярызацыя піва павінны рэгулявацца законам. І ня раз нарколягі зьвярталіся да заканадаўцаў зь ініцыятывай забараніць ужываньне піва ў грамадзкіх месцах, у парках, у транспарце, на стадыёнах, абмежаваць рэкляму піва, але пастаянна сутыкаліся з праблемай. Уладзімер Максімчук апавядае:

(Максімчук: ) “Пытаньне нават не да мяне. Вы ў правазнаўцаў, у Міністэрстве гандлю, у Міністэрстве юстыцыі запытайцеся. Мы падавалі прапановы, але нам было ў заканадаўчай ініцыятыве адмоўлена. Асноўны аргумэнт: піва – гэта не алькагольны напой. Гэта дзяржаўная справа. Таму мы гаворым праўду аб шкодзе алькаголю, выказваем сваю пазыцыю, але тут павінны ўступіцца іншыя сілы, мацнейшыя за нас”.

Дык у чым, ці дакладней – у кім праблема? Дзяржаўная дума Расеі здолела ж прыняць законы аб забароне рэклямы і ўжываньня алькаголю ў грамадзкіх месцах. Чаму ў Беларусі ўзьнікаюць такія цяжкасьці?

Зноў жа, усё ўпіраецца ў заканадаўства, кажуць адмыслоўцы-нарколягі. Законы супярэчаць адзін аднаму, сьцьвярджае галоўны нарколяг Уладзімер Максімчук.

(Максімчук: ) “Ня так усё проста. Калі пачынаеш распрацоўваць закон аб забароне, аказваецца – нельга. Дзейнічаюць іншыя законы, і адзін другому супярэчыць. Гэта вельмі складаны сьвет – заканадаўчы. І ўсе нашыя пажаданьні разьбіваюцца аб сьцяну, здавалася б, неблагіх законаў”.

А тым часам адмыслоўцы-нарколягі ўсё часьцей ставяць сваім пацыентам, асабліва падлеткам, дыягназ “алькагалізм” ці схільнасьць да алькагалізму. На наркалягічным уліку цяпер стаіць больш за 18 тысяч непаўналетніх, зь іх 14-ці тысячам пастаўлены дыягназ “алькагалізм”. Толькі ў сталіцы 5 тысячаў падлеткаў знаходзіцца “пад наглядам” нарколягаў. І пачынаюць усе яны з піва, якое каштуе зараз значна таньней за сок. І хоць штогод да 12 тысячаў гандляроў падвяргаюцца штрафам за продаж піва непаўналетнім, купіць піва падлетку ў Беларусі – няма праблем. Распавядае загадчыца падлеткавага дзённага стацыянару гарадзкога наркалягічнага дыспансэру Ірына Канановіч:

(Канановіч: ) “Як правіла, падлеткі пачынаюць са спажываньня піва, але потым працягваюць спажываць ужо моцныя сьпіртныя напоі. Але пры фармаваньні залежнасьці менавіта ад спажываньня піва яна паддаецца лячэньню і карэкцыі значна складаней, чым, да прыкладу, гарэлачная залежнасьць. Вельмі рэдка трапляюць пацыенты, якія спажываюць толькі піва, але яны вельмі цяжка паддаюцца лячэньню”.

Адмыслоўцы-нарколягі хорам скардзяцца на рэкляму піва, якая паўсюль: на прыгожых рэклямных шчытах, на тэлебачаньні. Вельмі якасныя ролікі, прафэсійна зробленыя. Піўныя кампаніі чым толькі не прывабліваюць спажыўцоў! Да прыкладу, “Крыніца” абяцае падарожжы ў Аўстрыю, пральныя машыны-аўтаматы, мабільныя тэлефоны – толькі купі піва й зазірні “пад вечка”! Падлеткавы нарколяг Ірына Канановіч лічыць, што рэкляму піва трэба наагул забараніць:

(Канановіч: ) “Была некалі рэкляма: “Нам піва будаваць і жыць дапамагае”! Ды яшчэ падчас гэтай рэклямы праходзяць асноўныя прафэсіі – доктар, пэдагог, міліцыянт. Дык, канешне, атрымоўваючы інфармацыю на добра вядомую песьню, ды яшчэ ненавісныя для падлеткаў прафэсіі праходзяць пад гэтую песьню, то, безумоўна, такая рэкляма ў мазгах адкладзецца. Таму, безумоўна, трэба забараніць рэкляму піва”.

Безумоўна, аднымі забаронамі праблему наўрад ці вырашыш. Праходзілі мы гэта ўжо пры Гарбачове, у 1985 годзе. Але толькі на ўліку ў наркалягічных дыспансэрах па афіцыйных зьвестках зараз стаіць 224 тысячы чалавек (на 5 тысяч больш, чым псыхічна хворых). Што тычыцца так званага бытавога п’янства, то гэтую лічбу можна сьмела памножыць разы ў чатыры.

Беларусы сьпіваюцца – гэта ўжо не сакрэт. І адмыслоўцы адзначаюць з трывогай, што ў сем’ях, дзе п’юць бацькі, дзеці ў 2-3 разы часьцей схільныя да п’янства. Прычым перадаецца не алькагольная залежнасьць, а менавіта схільнасьць, звычка. Нарколягі б’юць трывогу – заканадаўцы маўчаць. Відаць, прыбытак ад продажу алькаголю і піва больш прывабны, чым здароўе нацыі.
XS
SM
MD
LG