Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Да аўтобуснага білета ў мяне больш даверу, чымсьці да бюлетэня”


Падрыхтаваў Міхал Стэльмак Агляд незалежнага друку

“Беларуская дзелавая газэта” ў сёньняшнім нумары інфармуе сваіх чытачоў пра міжнародныя наступствы, якія чакаюць Беларусь пасьля выбараў і рэфэрэндуму, што адбыліся 17 кастрычніка. У прыватнасьці, яна нагадвае пра рашэньне Эўрапарлямэнту, які абвясьціў, што правядзеньне гэтых палітычных кампаніяў ня адпавядала міжнародным дэмакратычным стандартам. Як вынік, новаабраная Палата прадстаўнікоў прызнаная нелегітымнай, а Лукашэнка, як лічыць гэтая міжнародная арганізацыя, ня мае права ў 2006 годзе балятавацца на пасаду прэзыдэнта Беларусі.

Да тэмы выбараў і рэфэрэндуму зьвяртаецца і “Газэта Слонімская”. Яна паведамляе, што ў Слоніме гэтая палітычная падзея спрычынілася да пакараньня мясцовага жыхара Уладзіміра Бруцкага. Міліцыянты затрымалі яго ў вёсцы Міжэвічы за распаўсюд улётак, на якіх з аднаго боку было напісана “Скажы Лукашэнку “не”, а на другім баку зьмешчана праграма “Пяць крокаў да лепшага жыцьця”. Суд, паводле спадара Бруцкага, прайшоў літаральна за дзьве хвіліны. Яму паказалі канфіскаваную ўлётку і тут жа зачыталі рашэньне – штраф памерам 10 базавых велічыняў. Такі разгляд справы выклікаў у пакаранага недаўменьне. Бо, як зазначае “Газэта Слонімская”, паводле позвы, спадара Бруцкага меркавалі пакараць за правядзеньне агітацыі ў дзень выбараў. Хаця затрыманы ён быў 11 кастрычніка – яшчэ да пачатку датэрміновага галасаваньня.

“Мае думкі пра рэфэрэндум” – пад такім назовам івацэвіцкая газэта “Для вас” надрукавала ліст жыхара Бярозы Анатоля Картвелава, які выказвае глыбокую ўпэўненасьць у прадвызначанасьці выніку гэтай палітычнай кампаніі яшчэ да яе пачатку. Падставай для такой высновы спадара Картвелава сталі, у прыватнасьці, бюлетэні для галасаваньня, якія, на яго думку, ня маюць аніякай абароненасьці. Як лічыць жыхар Бярозы, іх можна было нарабіць колькі заўгодна і шляхам маніпуляцыяў атрымаць на рэфэрэндуме любы вынік. “Да аўтобуснага білета ў мяне больш даверу, чымсьці да бюлетэня”, падсумоўвае свае ўражаньні спадар Картвелаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG