Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

21 лістапада ва Ўкраіне пройдзе другі тур прэзыдэнцкіх выбараў


Валер Каліноўскі, Кіеў Ва Ўкраіне падводзяць канчатковыя вынікі нядзельных выбараў прэзыдэнта. Ужо вядома, што 21 лістапада будзе другі тур галасаваньня, у якім возьмуць удзел кандыдат ад улады прэм’ер Віктар Януковіч і лідэр апазыцыйнай кааліцыі “Сіла народа” Віктар Юшчанка.

Даволі важнае пытаньне – калі будуць абвешчаныя канчатковыя вынікі галасаваньня, бо з моманту абвяшчэньня гэтых вынікаў зноў дазваляецца агітацыя за кандыдатаў, якія выйшлі ў другі тур. Закон дае на гэта 10 дзён, і ЦВК фармальна мае права адцягнуць агалошваньне канчатковых лічбаў, таму што і сам ход падліку галасоў быў доўгатрывалым – учора ў ЦВК пасьпелі пералічыць толькі 94 адсоткі пратаколаў галасаваньня.

Калі для Януковіча малаістотна, калі будзе абвешчаны вынік і зноў пачнецца агітацыя, бо большасьць дзяржаўных і так званых алігархічных СМІ пра яго і так шмат паведамляюць як пра дзейнага прэм’ера, то Юшчанка можа страціць дадатковыя магчымасьці паправіць праз агітацыю адносіны да сябе на ўсходзе й поўдні краіны.

Што робяць асноўныя канкурэнты на выбарах прэзыдэнта Ўкраіны Віктар Юшчанка і Віктар Януковіч для перамогі ў другім туры ўжо цяпер? Перш за ўсё, зараз ідзе барацьба Януковіча й Юшчанкі за выбаршчыкаў лідэра сацыялістаў Аляксандра Мароза й лідэра камуністаў Пятра Сіманенкі. Тыя атрымалі на мінулых выбарах адпаведна 5,8% і 5% галасоў выбаршчыкаў Украіны. І іх левы электарат можа стаць сапраўды рашаючым у другім туры. Таму Віктар Януковіч ужо заявіў, што гатовы аб’яднаць зь Сіманенкам і Марозам свае палітычныя намаганьні, перш за усё ў справе палітычнай рэформы ў дзяржаве.

Кіраўнік перадвыбарчага штаба кампаніі Віктара Юшчанкі Аляксандр Зінчанка таксама зазначыў, што цягам аднаго-двух дзён будзе дамоўлена аб супрацоўніцтве з кіраўніцтвам СПУ і КПУ, паколькі яны, як апазыцыйныя партыі, і раней супрацоўнічалі зь “Сілай народа” падчас выбарчай кампаніі ды разам цярпелі ад ціску ўладаў.

Тут вельмі важна, што ж думаюць лідэры саміх гэтых партыяў. Пакуль што публічна выказаўся толькі лідэр СПУ Аляксандр Мароз: ён заявіў, што ягоная партыя падтрымае менавіта Віктара Юшчанку, а не праўладнага кандыдата Януковіча. А вось лідэр КПУ Пятро Сіманенка пакуль маўчыць: ня выключана, што ён публічна нікога ня будзе падтрымліваць. Але ягоны электарат, хутчэй за ўсё, пяройдзе да прарасейскага кандыдата Януковіча.

Зусім нечакана прэм’ер Януковіч заявіў, што гатовы да канструктыўнага дыялёгу й са сваім канкурэнтам Юшчанкам з мэтай рэалізацыі важных для народа ягоных праграмных палажэньняў. Рэакцыі на гэтую прапанову Юшчанкі няма: раней ён рашуча адмаўляўся ад супрацоўніцтва з “крымінальна-алігархічным рэжымам”, як называюць у кааліцыі Юшчанкі дзейную уладу.

Якія дадатковыя козыры падрыхтавалі Януковіч і Юшчанка перад другім турам? Канкрэтныя козыры – перш за ўсё ў Януковіча: у выглядзе чарговых сацыяльных праграмаў, кампэнсацыі ўкладаў і гэтак далей. Акрамя таго, ён імкнецца вельмі хутка рэалізаваць свае ранейшыя пляны ўвядзеньня дзяржаўнага статуса для расейскай мовы ва Ўкраіне і падвойнага грамадзянства з Расеяй.

А Віктар Юшчанка ўжо сёньня зьбіраецца ў Вярхоўнай Радзе ініцыяваць разгляд пытаньня пра парушэньні і фальсыфікацыі падчас першага туру галасаваньня. Юшчанка ставіць не на козыры, а на насельніцтва, незадаволенае ўладай: празь некалькі дзён ён зьбіраецца выступіць з палітычным зваротам да нацыі. Штаб апазыцыйнага блёку “Сіла народа” абвясьціў новую мабілізацыйную кампанію.

Кіраўнікі выбарчых штабоў абодвух кандыдатаў кажуць пра сваю перакананасьць у перамозе падчас другога туру галасаваньня 21 лістапада.
XS
SM
MD
LG