Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пётр Краўчанка: “У тым, што Васiль Быкаў ня стаў Нобэлеўскiм ляўрэатам, мы можам абвiнавачваць сёньня толькi сябе”


Уладзімер Глод, Менск Ці мог Васіль Быкаў стаць Нобэлеўскім ляўрэатам? Падаецца цікавым разважаньне на гэтую тэму былога міністра замежных справаў Беларусі, надзвычайнага і паўнамоцнага амбасадара Пятра Краўчанкі. Дарэчы, ягоныя рэмінісцэнцыі навеяныя ўдзелам у пахаваньні Нобэлеўскага ляўрэата польскага літаратара Чэслава Мілаша – апошняга грамадзяніна Вялікага Княства Літоўскага, імша ў гонар якога праходзіла ў Марыяцкім касцеле Кракава.

(Краўчанка: ) “Падчас iмшы многае думалася, мроiлася, успамiналася, узьнiкалi пэўныя паралелi. Успомнiлася й пахаваньне Васiля Быкава. Згодна з маімі падлікамі, яго праводзiлi ў апошнi шлях нават больш людзей, чым Чэслава Мiлаша. Успомнiлася, што Чэслаў Мiлаш ня проста добра ставiўся да нашага нацыянальнага асiлка, нашага духоўнага апiрышча. Узгадалася, як ён камэнтаваў некаторыя падзеi – у прыватнасьцi, спробы беларускага ПЭН-клюба й нашай грамадзкасьцi прадставiць Васiля Быкава да Нобэлеўскай прэмii.

Але спачатку трэба сказаць, як няпроста давалася i самому Мiлашу Нобэлеўская прэмiя. Ня трэба думаць, што Захад даў Мiлашу гэтую ўзнагароду толькi за тое, што ён быў трубадурам “Салiдарнасьцi”. Я думаю, што, перадусiм, Эўропа разумела, што Мiлаш – гэта тонкi й цудоўны лiрык. Але самае галоўнае, што палякi скансалiдавалiся, аб’ядналiся ў той час, калi вырашаўся лёс iх Радзiмы, вызначалiся кiрункi палiтычнага жыцця. Яны з апантанай упартасьцю дабiвалiся гэтай прэмii.

Да гэтай справы спрычынiлiся тысячы людзей: i Папа Рымскi, i Зьбiгнеў Бжэзiнскi, i польская дыяспара ў Злучаных Штатах Амэрыкi. Паўплывала i тое, што Польшча мае вельмi добрыя стасункi i з Францыяй, i з Германiяй, i, канешне, са сваёй паўночнай суседкай – Швэцыяй, дзе многае вырашаецца. Адыграла сваю ролю i тое, што Чэслаў Мiлаш вельмi рана пачаў перакладацца на ангельскую й iншыя еўрапейскiя мовы.

Я ведаю, што адзiн з нашых вядомых лiтаратуразнаўцаў зьвяртаўся да Чэслава Мiлаша з просьбай падтрымаць Васiля Быкава, падпiсаць адпаведны зварот. I Мiлаш зрабiў гэта, зрабiў з задавальненьнем. Ён сказаў: я падпiшу, але, ведаеце, гэтага недастаткова. Трэба, каб на атрыманьне прэмii Васiлём Быкавым працавалi не адзiнкi, не дзесяткi, а тысячы людзей, як гэта рабiлi палякi.

У якасьцi прыклада Мiлаш расказаў, як змагалiся за кiнэматаграфiчную прэмiю “Оскар” для Анджэя Вайды палякi ўсяго сьвету. На працягу года былi мабiлiзаваныя тысячы людзей: рыхтавалiся адпаведныя артыкулы, праводзiлiся спэцыяльныя фэстывалi, запрашалiся неабходныя людзi. Ён сказаў: Беларусi трэба адмаўляцца ад сваёй местачковасьцi, мабiлiзаваць усе свае наяўныя сiлы.

Яскрава бачна, што нам не хапае сваiх аўтарытэтаў, такiх аўтарытэтаў, якiм быў Васiль Быкаў. Нам не хапае пачуцьця ўласнай годнасьцi. I самае галоўнае, яшчэ раз падкрэсьлiваю, нас зьнiшчае зайздрасьць. Калi мы не пераадолеем гэтую якасьць, то, я думаю, вельмi складана ставiць пытаньне аб пераходзе ўлады ў iншыя рукi.

Так што ў тым, што Васiль Быкаў ня стаў Нобэлеўскiм ляўрэатам, мы можам абвiнавачваць сёньня толькi сябе. Iншыя народы ў такiя моманты забываюцца пра нейкiя другасныя крыўды, мабiлiзуюць усе магчымасьцi й праяўляюць сапраўдную кансалiдацыю.

Я вельмi баюся, каб не паўтарылася гiсторыя зь Янкам Купалам i Якубам Коласам, якiя былi дастаткова вядомыя ў славянскiх краiнах у 20-30-я гады мiнулага стагодьдзя, але сёньня яны амаль невядомыя ў сьвеце. I калi мы ня будзем прыкладаць дадатковыя намаганьнi, выкарыстоўваць новыя падыходы, то iмя Васiля Быкава можа апынуцца ў нейкiх другасных аналах сусьветнай лiтаратуры.

Iнфармацыйны прарыў Беларусi ў сьвет сёньня немагчымы безь iмя Васiля Быкава. Здаецца, што мёртвым ужо нiчога не патрэбна. Але я добра памятаю выказваньне Жана-Поля Сартра, якi вельмi трапна казаў, што слава – гэта сонейка мёртвых. Так, слава ня грэе мёртвых. Але гэтая слава патрэбна нам. Гэта патрэбна зьнясiленай нацыi, якая цяпер пастаўленая на каленi, якая сёньня хварэе. Але якая, дзякуючы такiм волатам духу, як Васiль Быкаў, абавязкова паўстане з каленяў”.
XS
SM
MD
LG