Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да выбараў прэзыдэнта ЗША застаюцца гадзіны


Сяргей Навумчык, Нью-Ёрк А 12 гадзіне ночы зь першага на другое лістапада ў ЗША скончылася перадвыбарчая агітацыя. Паводле апошніх дадзеных, відавочнага лідэра няма. Буш і Кэры правялі сустрэчы ў Агаё і Вісконсіне – штатах, дзе ні ў аднаго, ні ў другога няма відавочнай перавагі. На цяперашні момант іх рэйтынг роўны. Адны сацыёлягі кажуць, што Буш апярэджвае на два адсоткі. Другія – што на столькі ж яго апярэджвае Кэры. Словам, застаецца толькі чакаць.

Мы гаворым пра прэзыдэнцкую кампанію, але варта нагадаць, што галасаваць будуць і за дэпутатаў Кангрэсу – прычым выбіраецца ня толькі склад Кангрэсу, але й губэрнатары 11-ці штатаў, і асамблеі шмат якіх штатаў, і судзьдзі. Гэта, безумоўна, вельмі маштабная кампанія ў апошнія гады.

Канешне, галоўная інтрыга палягае ў прэзыдэнцкай кампаніі, але істотнае значэньне для будучыні Амэрыкі будуць мець і выбары ў Сэнат, і ў Палату прадстаўнікоў Кангрэсу, паколькі гэтым разам Палата прадстаўнікоў Кангрэсу пераабіраецца цалкам – усе 435 мандатаў, а ў Сэнаце перавыбіраюцца 34 сэнатары з сотні.

У Злучаных Штатах існуе жорсткі падзел уладаў – на заканадаўчую, выканаўчую і судовую. І Кангрэс – менавіта той інстытут, які вызначае бюджэт краіны. Пры ўсім сваім жаданьні, пры якой заўгодна матывацыі амэрыканскі прэзыдэнт ня мае права ўзяць “лішні” цэнт на тую ці іншую праграму па-за межамі выдаткаванага бюджэтам.

Адзіны спосаб – пераканаць кангрэсмэнаў, дамагчыся, каб яны, напрыклад, выдаткавалі дадатковыя сродкі на нейкі праект. Адсюль – пастаянныя кансультацыі, запрашэньні Кангрэсмэнаў на перамовы, прычым ня толькі з аднапартыйцамі, але і з прадстаўнікамі іншай партыі. Хаця некалькі апошніх гадоў Буш ня мае занадта вялікай патрэбы вельмі ўжо “заігрываць” з кангрэсмэнамі-дэмакратамі, бо і ў Сэнаце, і ў Кангрэсе рэспубліканцаў – большасьць. Праўда, перавага рэспубліканцаў у Кангрэсе – толькі ў адзін голас.

Ці можа зьмяніцца сытуацыя пасьля цяперашніх выбараў? Што датычыць Сэнату, дык тут прагназаваць вельмі цяжка. Мяркуецца, што абедзьве партыі захаваюць свае мандаты, прычым, паводле аналітыка, палітоляга зь Вірджынскага ўнівэрсытэта Лэрры Сабата, рэспубліканцы могуць нават дадаць яшчэ адно сэнацкае крэсла.

А вось што тычыцца Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу, дык тут прагнозы аднолькавыя – аглядальнікі лічаць, што дэмакраты ня здолеюць вярнуць сабе кантроль над палатай. Такім чынам, і ў Палаце прадстаўнікоў і, хутчэй за ўсё, у Сэнаце рэспубліканцы захаваюць большасьць. Калі пры гэтым прэзыдэнтам будзе пераабраны Буш, тады і выканаўчая, і заканадаўчая улады будуць працаваць бяз супярэчнасьцяў. А калі пераможа дэмакрат Джон Кэры – якія тады пэрспэктывы супрацоўніцтва?

У гісторыі ЗША такія выпадкі былі вельмі часта, напрыклад, Клінтану давялося працаваць у апошнія гады свайго прэзыдэнцтва з прарэспубліканскім Сэнатам. Канешне, у такой сытуацыі здараюцца гарачыя дыскусіі – перадусім, у той жа бюджэтнай сфэры. У выпадку перамогі Кэры можна прагназаваць, што канфлікт закране фінансаваньне сацыяльных праграмаў – пэнсіі й мэдычную страхоўку. Але гісторыя Амэрыкі паказвае, што абодва бакі заўсёды ў рэшце рэшт знаходзілі паразуменьне.
XS
SM
MD
LG