Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік “Хрыстафору” Яўген Крыжаноўскі патрабуе 100 мільёнаў ад “БДГ”


Ганна Соусь, Менск Сёньня ў судзе Кастрычніцкага раёну Менску распачаўся разгляд пазову мастацкага кіраўніка тэатру гумару “Хрыстафор” Яўгена Крыжаноўскага да “Белорусской деловой газеты” і яе карэспандэнта Сяргея Сацука. Крыжаноўскі патрабуе 100 мільёнаў рублёу кампэнсацыі з газэты і 20 мільёнаў рублёў з карэспандэнтка Сяргея Сацука.

Падставай для судовага разьбіральніцтва сталася публікацыя ў “БДГ” сёлета ў сакавіку пра тое, што заснаваная Крыжаноўскім фірма “Хрыстафор-Клірынг” стала фінансавай пірамідай, празь дзейнасьць якой пацярпелі многія беларускія прадпрыемствы на дзясяткі мільёнаў рублёў.

Яўген Крыжаноўскі ў красавіку падаваў у суд пазоў аб абароне гонару і годнасьці, і суд прызнаў, што надрукаваныя ў артыкуле зьвесткі пра тое, што ён замешаны ў фінансавым махлярстве, не зьяўляюцца праўдзівымі. “БДГ” надрукавала кароткае абвяржэньне, але праз пэўны час Яўген Крыжаноўскі ізноў зьвярнуўся ў суд, гэтым разам з патрабаваньнем матэрыяльнай кампэнсацыі памерам 120 мільёнаў рублёў.

Я запыталася ў спадара Крыжаноўскага, чаму ён адразу не выставіў патрабаваньні аб матэрыяльнай кампэнсацыі.

(Крыжаноўскі: ) “Таму што я гэту газэту любіў, люблю і буду любіць, нягледзячы ні на што. Я не хацеў ніякіх грошай. Я хацеў, каб вырашылася справа, што я невінаваты, каб людзі, уся грамадзкасьць, гледачы ведалі, што я ні ў чым не вінаваты. Але атрымалася так, што два радкі ў газэце. Я ня ведаю. Дэмакратычная газэта і нападае, як кажуць, на сваіх… Гэта вельмі нядобра…”

Нагадаю, што Яўген Крыжаноўскі ў 2001 годзе спрабаваў стаць кандыдатам на прэзыдэнта Беларусі.

У 2003 годзе ён абвясьціў пра тое, што з палітычных і эканамічных прычынаў ня мае магчымасьці працаваць у Беларусі і зьехаў у Маскву, дзе працаваў у телепраграме “Аншлаг”.

Сёлета Яўген Крыжаноўскі вярнуўся ў Беларусь.

Як мяркуе карэспандэнт “БДГ” Сяргей Сацук, Крыжаноўскі падаў у суд БДГ з наступных прычынаў:

(Сацук: ) “Пасьля падачы пазову на “БДГ” ён вяртаецца назад. Прычым адкрывае сэзон на ОНТ, цяпер робіць перадачу на “Лад”, запускае тры новыя спэктаклі ў лістападзе. Я лічу, што няма лепшага спосабу выслужыцца перад уладай, як задавіць незалежную газэту”.

Разгляд гэтай справы працягнецца ў судзе Кастрычніцкага раёну заўтра.
XS
SM
MD
LG