Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Мажэйка, якога пасадзілі на сем сутак за слова “журналістаў”, абвясьціў галадоўку а кратамі


Сяргей Астраўцоў, Горадня У 17 гадзінаў Паўла Мажэйку пакаралі сямідзённым арыштам за ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці. У судовай залі ён абвясьціў, што будзе галадаць за кратамі.

Павал Мажэйка — кіраўнік гарадзенскай філіі Беларускай асацыяцыі журналістаў. 4 кастрычніка на вуліцы Савецкай у Горадні журналісты пратэставалі супраць пакараньня Алены Раўбецкай — галоўнай рэдактаркі газэты “Биржа Информации”, за публікацыю пра абвешчаны рэфэрэндум суд аштрафаваў яе на 1 мільён 330 тысяч рублёў. Пасьля пікетаваньня некалькі журналістаў прайшлі па вуліцы, трымаючы аркушыкі са словамі “Ў Горадні судзяць журналістаў”.

Рэальна ўсё адбылася так: міліцыянты сказалі ўдзельнікам несанкцыянаванга пікету разысьціся. Яны падпарадкаваліся, таму пратаколу адносна пікету складаць ня сталі. Пяць удзельнікаў прайшлі пасьля гэтага па вуліцы, трымаючы ў руках кожны свой аркушык са словамі, якія разам складалі фразу “У Горадні судзяць журналістаў!!!”

Міліцыянты ў судзе пра гэта гаварылі безь перабольшаньняў: у Паўла Мажэйкі ў руках быў аркуш фармату А4 са словам “журналістаў”.

Вось за гэтае слова на аркушы A4 яго і пакаралі.

Перад зачытваньнем прысуду спадар Мажэйка сказаў:

(Мажэйка: ) “Я не адмаўляюся ад таго, што я пратэставаў супраць асуджэньня Раўбецкай. Але я адмовіўся даваць тлумачэньні на працэсе. Я ўжо прызвычаіўся да таго, што суд мае фармальны характар. Асноўнае — пратакол даўно напісаны, і мне ясна, што будзе пазначана ў прысудзе: што я вінаваты, і таму будзе вынесеная нейкая мера пакараньня”.

Судзьдзя Ленінскага раённага суду Вікторыя Кулакоўская была ляканічнай: яна сказала прысутным у залі, што лічыць Паўла Мажэйку вінаватым паводле часткі 1 артыкула 167 “са значком адзін”, таму абвяшчае яму сем сутак арышту. Пасьля гэтага яна пакінула залю. А самога Паўла Мажэйку чакалі ў залі два міліцыянты, каб завезьці ў камэру. Яны толькі сказалі, што ня ведаюць дакладна, дзе ёсьць свабодныя месцы — ці ў міліцэйскім ізалятары, ці ў спэцпрыёмніку.
XS
SM
MD
LG