Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці здарыцца “другая Фларыда” падчас гэтых прэзыдэнцкіх выбараў?


Юры Дракахруст, Прага Паводле апытаньняў грамадзкай думкі шанцы Джорджа Буша і Джона Кэрры на абраньне прэзыдэнтам амаль роўныя. На думку экспэртаў няскончаная рэформа выбарчага заканадаўства і роўнасьць папулярнасьці кандыдатаў можа прывесьці да выбарчых казусаў, падобных тым, што былі падчас прэзыдэнцкіх выбараў 4 гады таму.

У 2000 годзе галасы ў штаце Фларыда пералічвалі больш за месяц пасьля дня галасаваньня і нарэшце пераможца выбараў быў вызначаны рашэньнем Вярхоўнага суду.

Апытаньні паказваюць, што грамадзтва цяпер расколатае амаль пароўну, гэтак жа, як і 4 гады таму падчас змаганьня Джорджа Буша і Эла Гора за пост прэзыдэнта. Розьніца паміж рэйтынгамі дзейнага прэзыдэнта Буша і ягонага канкурэнта, сэнатара ад штату Масачусэтс, вымяраецца 1-2%.

Джэніфэр Дафі, аналітык выданьня “Cook political report”, не выключае, што і гэтым разам пераможца ня будзе выяўлены 2 лістапада.

(Дафі: ) “Я мяркую, што мы ўсе павінны рыхтавацца да доўгай ночы падліку. Мы павінны быць гатовымі да магчымасьці, што мы не даведаемся пра вынік выбараў у ноч галасаваньня, што гэтая гонка зойме некалькі дзён”.

Розныя падыходы да праблемы бясьпекі, вайны ў Іраку й рэформы сыстэмы аховы выклікалі самую высокую грамадзкую зацікаўленасьць у выбарах на працягу апошніх дзесяцігодзьдзяў.

У ЗША для ўдзелу ў выбарах грамадзяне павінныя загадзя зарэгістравацца. Сёлета паказчык зарэгістраваных выбаршчыкаў б’е ўсе рэкорды. У больш чым 30 штатах з 50-ці існуе датэрміновае галасаваньне. Сёлета ўдзел у гэтым датэрміновым галасаваньні таксама істотна перавышае паказчыкі ранейшых гадоў, што сьведчыць пра вастрыню палітычнага змаганьня.

Гаворыць аналітык Куртыс Ганс зь незалежнага Цэнтру дасьледаваньняў амэрыканскіх выбараў.

(Ганс: ) “За выключэньнем праймэрыз дэмакратычнай партыі ў 1968 годзе, эпохі прэзыдэнта Ліндана Джонсана і вайны ва Віетнаме я не прыгадваю іншага часу, калі б перадвыбарчая барацьба была нагэтулькі інтэнсіўнай”.

Паводле Курціса Ганса, сёлетнія выбары маюць пэўнае падабенства з рэфэрэндумам аб даверы дзейнаму прэзыдэнту Буш, ягоная фігура мацуе адзінства як сярод ягоных прыхільнікаў, гэтак і праціўнікаў. Больш кансэрватыўная частка амэрыканскага грамадзтва падтрымлівае Буша за бескампрамісную вайну з тэрорам, зьніжэньне падаткаў і адстойваньне традыцыйных каштоўнасьцяў. У той жа час шмат хто ў Амэрыцы адчувае нянавісьць да прэзыдэнта, абвінавачваючы яго ў несправядлівай падатковай палітыцы на карысьць багатых і ў безадказнасьці, якая праявілася ў вайне ў Іраку.

Нагадаем, што паводле амэрыканскаму заканадаўству кіраўніка дзяржавы абірае калегія выбаршчыкаў. Кандыдат, які перамог у пэўным штаце, атрымлівае на сваю карысьць галасы ўсіх выбаршчыкаў гэтага штату, колькасьць якіх прыблізна прапарцыйна колькасьці насельніцтва штата. Усяго выбаршчыкаў 538, для перамогі трэба набраць галасы 270.

Варта дадаць, што 2 лістапада ў Злучаных Штатах пройдуць таксама і парлямэнцкія выбары, будуць пераабірацца ўсе 435 дэпутатаў палаты прадстаўнікоў і траціна сэнатараў. Паводле апытаньняў рэспубліканцы хутчэй за ўсё захаваюць перавагу ў абедзьвюх палатах кангрэсу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG