Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларусам не патрэбен ні саюз з Расеяй, ні Эўразьвяз”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Якой будзе Беларусь пасьля палітычных узрушэньняў апошніх месяцаў? У пераважнай большасьці лістоў, якія мы атрымліваем у гэтыя дні, нашы слухачы выказваюць расчараваньне і засмучэньне з нагоды таго, што адбылося 17 кастрычніка.

“Тое, што Лукашэнка ў Беларусі ўсур’ёз і надоўга, для мяне было відавочна яшчэ ў 1994 годзе, — піша Іван Новік зь Менску. — Але тады думалася: празь дзесяць год у Беларусі зьменіцца пакаленьне, права голасу набудуць тыя, хто вырас пры незалежнасьці й свабодных мэдыях. Адначасова ня стане соцень тысяч пэнсіянэраў, якія былі галоўным электаратам Лукашэнкі. Няўжо людзі зноў дадуць сябе падмануць? І што мы назіраем? Ды тое ж, што і ў 1994 годзе.

Гэта нейкі псыхоз. Размаўляю з суседам: скардзіцца на мізэрную зарплату, на тое, што не даюць займацца дробным гандлем, на хабарнікаў… “А за каго галасаваў на рэфэрэндуме?” — пытаюся. Аказваецца, за Лукашэнку. Застаецца толькі пляснуць у далоні. Адчуваю, што ў 2014 годзе, калі дажыву, змагу напісаць вам прыблізна такі ж ліст, з тым жа прозьвішчам прэзыдэнта. І з такімі ж высновамі. Усё гэта сумна, бо выйсьця не відаць”.

І ўсё ж, спадар Новік, галасаваньне ўзору 2004 году карэнным чынам адрозьніваецца ад выбараў дзесяцігадовай даўніны. У 1994 годзе выбары былі параўнальна дэмакратычныя і свабодныя. У тым, што Аляксандар Лукашэнка тады рэальна перамог, фактычна ні ў каго не было сумневу. Тое, як лічылі галасы сёлета 17 кастрычніка — гэта зусім іншая гісторыя. За дзесяць год Аляксандар Лукашэнка амаль цалкам аднавіў сыстэму ўлады, што існавала за камуністамі. Тая сыстэма прэтэндавала на вечнае існаваньне, і дзеля таго стварыла псэўдадэмакратычныя інстытуты, якія замацоўвалі яе незьмяняльнасьць. Савецкія грамадзяне маглі галасаваць як заўгодна: на абавязковым і заўсёдным пераможным выніку камуністаў гэта ніяк не адбівалася. Але і вечнага панаваньня камуністам гэта зусім не забясьпечыла. Уся сыстэма, якая здавалася маналітнай і ўсеабдымнай, рухнула ў адзін момант у 1991 годзе.

І ў 2014 годзе галасаваньне наўрад ці будзе такім жа, як сёлета. Нават у тым выпадку, калі на той час ужо 60-гадовы Аляксандар Лукашэнка будзе заставацца пры ўладзе ў Беларусі.

Ліст ад Мікалая Малмыгі зь вёскі Дамейкі Шчучынскага раёну:

“Маю вялікую праблему, зь якой абышоў усе інстанцыі. І пераканаўся: у нас нідзе нічога не даб’есься — сабака за сабаку цягне. На ўласным досьведзе я ўпэўніўся, як улада зьдзекуецца з такіх, як я, інвалідаў, у якіх хвароба апорнарухальнага апарату. Пісаў нават Лукашэнку з адмысловай пазнакай на капэрце: “Адкрыць асабіста прэзыдэнту”. І ўсё роўна лісты адфутбольваюць на раён, на які я і скарджуся. Пісаў і ў апазыцыйныя газэты — “Народную волю”, “Товарищ”, але і тыя нешта не жадаюць дапамагчы. Кажуць: “Напішы, мы надрукуем”. А мне ўжо так абрыдла гэтая пустая пісаніна. Да таго ж, тут патрэбен прафэсіянал, які б акуратна ва ўсім разабраўся ды апісаў. І ўвогуле, гэта ваша, журналістаў, справа — пісаць. А ў мяне ўсе факты цяперашняга бяспраўя, з дакумэнтамі: цэлая паліца нахабных адпісак, як люстэрка Лукашэнкавых прынцыпаў кіраваньня. Вельмі прашу вас прыехаць да мяне і дакумэнтальна распавесьці аб цяперашнім рэжыме ўлады”.

На жаль, спадар Малмыга, мы ня маем магчымасьці у кожным такім выпадку, калі слухачы скардзяцца на мясцовых чыноўнікаў з нагоды сваіх прыватных праблемаў, высылаць карэспандэнта. І мы, і любы іншы сродак масавай інфармацыі арыентуецца найперш на грамадзка значныя праблемы альбо сытуацыі, да якіх можа быць прыцягнутая ўвага значнай часткі грамадзтва, якія здольныя істотна паўплываць на эканоміку і палітыку дзяржавы.

У кожным разе, у якія б высокія інстанцыі вы, спадар Малмыга, ні пісалі, праблему налічэньня ці выплаты пэнсіі, відавочна, павінны вырашыць у вашым раёне. У краінах, дзе закон вышэй за любога чыноўніка, у такіх выпадках у канфлікце павінен разьбірацца і выносіць рашэньне суд. У Беларусі, на жаль, вяртаецца савецкая традыцыя і практыка: людзі лічаць (і часта небеспадстаўна), што свайго дамагчыся можна толькі тады, калі на раённага начальніка паскардзіцца абласному, альбо яшчэ лепш — прэзыдэнту. А адным разам напісаць лісты ў рэдакцыі. Але ў большасьці выпадкаў усе гэтыя лісты круцяцца па адным замкнёным коле.

Ліст ад Валянціна Цішка з Маладэчна:

“Шаноўныя супрацоўнікі Беларускай Свабоды! Ці ведаеце вы, што ў нас у Маладэчне закрылі адно зь нямногіх праўдзівых выданьняў — “Рэгіянальную газэту”. Здарылася гэта за два тыдні да рэфэрэндуму. Па-мойму, гэта няправільна, несправядліва. Разьбярыцеся, калі ласка, у чым тут справа”.

Так, Валянцін, сапраўды, 28 верасьня ўлады прыпынілі выданьне “Рэгіянальнай газэты” на тры месяцы — Беларуская Свабода пра гэта ў той жа дзень паведаміла сваім слухачам. Фармальнай прычынай было названае тое, што газэта зарэгістраваная як агульнанацыянальная, а распаўсюджвалася толькі ў Маладэчанскім рэгіёне. Але насамрэч гэта толькі зачэпка. “Рэгіянальная газэта” — самае буйное незалежнае выданьне паўночна-заходняй Беларусі. Яе наклад складаў каля 10 тысяч асобнікаў, і яна была цалкам самаакупнай. Улады, хутчэй за ўсё, мэтанакіравана імкнуліся пазбавіць людзей аб’ектыўнай інфармацыі напярэдадні выбараў і рэфэрэндуму. Гэткім жа чынам перад 17 кастрычніка былі прыпыненыя і іншыя недзяржаўныя газэты.

Ліст ад Сяргея Патаранскага зь Менску. Слухач разважае пра тое, якое месца ў Эўропе павінны займаць беларусы. Ён піша:

“Асабіста я супраць таго, каб Беларусь увогуле ўступала ў Эўразьвяз. Як паказвае досьвед, новых сяброў гэтай супольнасьці успрымаюць як пасынкаў. У фаварытаў-стваральнікаў — Францыі ды Нямеччыны — свае праблемы, а да нашых праблемаў і разуменьня нашага мэнталітэту і асаблівасьцяў ім, як падаецца, і справы няма. Як, зрэшты, і да праблемаў Летувы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, якія, стаўшы часткай Эўразьвязу, недалёка ад нас адышлі. Пры запоўненых таварамі крамах і адпаведных коштах на вуліцах там многія людзі сталага веку зьбіраюць бутэлькі ды корпаюцца ў сьметніках, зусім як у Менску. Гэта я на свае вочы бачыў.

Думаю, нам варта павучыцца ў скандынаўскіх краінаў альбо Швайцарыі, якія не сьпяшаюцца ў так званую “аб’яднаную Эўропу”, хоць маюць высокі ўзровень эканомікі й дабрабыту сваіх грамадзянаў. А ў тых жа Францыі ці Нямеччыне такі ж узровень беспрацоўя і злачыннасьці, што фіксуюць незалежныя экспэрты і ў Беларусі. Мяркую, што арыентацыя на “эўрастандарт”, як і прарасейская арыентацыя, пры цяперашніх нізкай культуры, дэзарганізацыі грамадзтва ды амаль поўнай дэградацыі нацыі — Беларусі супрацьпаказаныя. “Мы самі па сабе” — вось што павінна быць лёзунгам сучаснай Беларусі. Хопіць усялякіх канфэдэрацыяў ды саюзаў, якіх мы шмат мелі на працягу сваёй вялікай гісторыі. Апроч стратаў, нічога нам гэта не дало”.

У Эўразьвяз, спадар Патаранскі, Беларусь пакуль што ніхто не запрашае, і наўрад ці запросіць цягам найбліжэйшых гадоў (а можа, і дзесяцігодзьдзяў). А лёзунг самаізаляцыі (“Мы самі па сабе”), які вам так даспадобы, у Беларусі фактычна ажыцьцяўляецца ўжо сёньня. Але ці на карысьць гэта беларусам? Ня думаю, што можна лічыць справядлівымі вашыя сьцьвярджэньні пра тое, што новых сяброў у Эўразьвязе ўспрымаюць як пасынкаў. Невялікія краіны Ўсходняй Эўропы, у тым ліку суседзі Беларусі, ня могуць супернічаць зь Нямеччынай ці Францыяй ні па сваім эканамічным патэнцыяле, ні па колькасьці насельніцтва. І, натуральна, не яны іграюць галоўную ролю у Эўразьвязе. Але, зь іншага боку, менавіта яны атрымліваюць найбольшую фінансавую дапамогу ад эканамічна магутных дзяржаваў. А параўнаньне жыцьцёвых стандартаў у краінах — новых сябрах Эўразьвязу і ў Беларусі яўна не на карысьць апошняй. Дастаткова параўнаць сярэднія заробкі, пэнсіі альбо сацыяльныя выплаты.

А цяпер назаву аўтараў самых цікавых лістоў, якія прагучалі ў аглядзе пошты Свабоды цягам мінулага месяца. У верасьні пераможцамі прызнаныя Васіль Куцэнка з Валожынскага раёну (развагі пра тое, якім чынам Аляксандру Лукашэнку ўдаецца захоўваць параўнальна высокі рэйтынг сярод вясковага насельніцтва, прагучалі 3 кастрычніка); Павал Доўгаль зь Менску — за роздум аб тым, як беларускае студэнцтва ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму можа выявіць сваю грамадзянскую пазыцыю (агляд пошты 20 кастрычніка); Алег Безбародаў зь Менску — 27 кастрычніка прагучалі ягоныя нататкі на тэму грамадзкіх настрояў у Беларусі й даверу да дзейнасьці сацыёлягаў. Усе пераможцы будуць адзначаныя сувэнірамі з сымболікай Радыё Свабода.

Віншуем і запрашаем усіх слухачоў да ўдзелу ў нашым конкурсе на самы цікавы ліст на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
XS
SM
MD
LG