Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На выбарах ва Ўкраіне будзе другі тур з удзелам Юшчанкі і Януковіча – але абодва кандыдаты заяўляюць пра фальсыфікацыі


Валер Каліноўскі, Кіеў Паводле папярэдніх зьвестак ЦВК Украіны на выбарах прэзыдэнта асноўныя канкурэнты – дзейны прэм’ер-міністар Віктар Януковіч і былы прэм’ер кандыдат ад апазыцыйнай кааліцыі “Сіла народу” Віктар Юшчанка маюць адпаведна 40,11% і 39,16% галасоў.

Гэтыя лічбы атрыманыя пасьля падліку 94, 24% адсоткаў галасоў выбаршчыкаў. Яўка склала 74,36%.

Старшыня ЦВК Украіны Сяргей Ківалаў ужо прызнаў, што будзе другі тур галасаваньня.

Цэтрвыбаркам Украіны па абедзе 1 лістапада ўзяў кароткі перапынак на сон. Калі ж будзе падлічаная рэшта ў 6% пратаколаў, то цалкам верагодна, што лічбы двух асноўных канкурэтнаў альбо выраўняюцца зусім каля адзнакі ў 40 адсоткаў, альбо нават зь нязначнай перавагай наперад выйдзе Віктар Юшчанка. Прынамсі такая тэндэнцыя – да паніжэньня адсотка галасоў за Януковіча і павелічэньня адсотка Юшчанкі назіраецца цягам ўсяго пэрыяду падліку гадасоў.

Ужо вядома, што другі тур галасаваньня адбудзецца 21 лістапада, і абодва кандыдаты рыхтуюцца да яго.

Міжнародныя назіральнікі з АБСЭ і ПАРЭ прызналі, што выбарчая кампанія ва Украіне не адпавядала дэмакратычным нормам гэтых арганізацыяў, зафіксаваныя парушэньні роўнасьці правоў на агітацыю ў СМІ, ціск на выбаршчыкаў. Да найбольш грубых аднесеныя шматлікія парушэньні пад час фармаваньня сьпісаў выбаршчыкаў, з-за якіх многія грамадзяне былі пазбаўленыя права голасу.

У адрозьненьні ад АБСЭ, місія назіральнікаў ад СНД у цэлым пазытыўна ацаніла украінскія выбары.

Прадстаўнікі блёку Віктара Юшчанкі і Сацпартыі Ўкраіны ўжо заявілі пра фальсыфікацыю вынікаў выбараў уладамі.

Выбары прэзыдэнта Украіны, якія адбыліся ўчора, не былі азмрочаныя гвалтам і кровапраліцьцямі, пра што напярэдадні цалкам сур’ёзна папярэджвалі ўлады. Тым ня менш і апазыцыя, і ўлады гавораць пра масавыя парушэньні выбарчага закону. Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК на гэты час два асноўныя канкурэнты прэм’ер-міністар Віктар Януковіч і кандыдат ад апазыцыйнай кааліцыі “Сіла народу” Віктар Юшчанка маюць каля 40% галасоў і рыхтуюцца да другога туру 21 лістапада.

Апазыцыйная кааліцыя “Сіла народу” адразу завіла, што ўлады сфальсыфікавалі вынікі выбараў, што іхны кандыдат Віктар Юшчанка мог перамагчы ўжо ў першым туры, але яму перашкодзілі масавыя парушэньні з боку ўладаў.

Аляксандр Зінчанка, кіраўнік перадвыбарчай кампаніі Віктара Юшчанкі, заявіў, што ягоны кандыдат страціў ад 12 да 15 адсоткаў галасоў з-за таго, што ўлады наўмысна дапусьцілі памылкі ў сьпісах выбарцаў, і значная частка людзей не змагла прагаласаваць

Спадар Зінчанка заявіў пра фактычную і маральную перавагу кандыдата ад апазыцыі Віктара Юшчанкі, нягледзячы на беспрэцэдэнтны ціск ўладаў і няроўныя ўмовы.

(Зінчанка: ) “Юшчанка выйграў, выйграў атрымаўшы вялізную фактычную і маральную перавагу... ЦВК ж разам з тэрытарыяльнымі й участковымі выбарчымі камісіямі ды ўладамі кінуліся красьці перамогу Юшчанкі яшчэ ў першым туры”.

Тым ня меней спадар Зінчанка заявіў, што Віктар Юшчанка пасьля гэтай кампаніі стаў сапраўдным палітычным лідэрам украінскай нацыі, бо яго падтрымалі 16 рэгіёнаў з 25. Большасьць зь іх на Захадзе і ў цэнтры краіны. Януковіч лідзіруе на поўдні і ў усходзе краіны, якія заселеныя больш густа.

У штабе Юшчанкі лічаць, што празьмерна доўгі падлік галасоў ЦВК сьведчыць пра тое, што сапраўдныя вынікі выбараў карэктуюцца на карысьць кандыдата ад улады. Апазыцыйны блёк Юшчанкі заявіў, што ён выкрые ўсе мэханізмы, адрасы і аўтараў фальсыфікацыяў. І гэта стане пачаткам падрыхтоўкі каманды Юшчанкі да другога туру галасаваньня.

Цягам двух дзён Юшчанка мае намер заключыць дамовы аб супрацоўніцтве з былымі кандыдатамі Аляксандрам Марозам і Пятром Сіманенкам, якія набралі істотную колькасьць галасоў.

У перадвыбарчым штабе Віктара Януковіча таксама кажуць пра масавыя парушэньні, але на карысьць Віктара Юшчакі ў Заходняй Украіне. Кіраўнік штабу Янкковіча Сяргей Цігіпка заявіў, што на Захадзе адбылася падазрона высокая яўка выбаршчыкаў і што там агітавалі ў дзень галасаваньня.

Яшчэ да другога туру Януковіч мае намер дабіцца прызнаньня ў парлямэнце асаблівага статусу расейскай мовы ва Ўкраіне і ўвесьці падвойнае грамадзянства з Расеяй,– паведаміў спадар Цігіпка.

Тым часам грамадзянская ініцыятыва “Пара” пачала кампанію масавых акцыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў па ўсёй Украіне. Першая з іх адбылася сёньня на плошчы Незалежнасьці ў Кіеве, на ёй былі пераважна студэнты, якія выступілі з адным патрабаваньнем:

(Галасы: ) “Праўду! Праўду!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG