Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскія каталікі ўшанавалі памяць расстралянага бальшавікамі ксяндза Сьвятаполка Мірскага


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Да дня памінаньня продкаў была прымеркаваная падзея, якая адбылася ў Магілёве. На каталіцкіх могілках прайшла ўрачыстая цырымонія асьвячэньня новага помніка на магіле ксяндза Сьвятаполка Мірскага, якога бальшавікі расстралялі ў 1918 годзе. Магілёўскія каталікі ўшанавалі яго памяць.

Дэкана Магілёўскага катэдральнага касьцёлу князя Сьвятаполка Мірскага лічаць у абласным цэнтры першым палітычным рэпрэсаваным савецкай уладай. Яго згадваюць як вялікага сьвятара, які меў аўтарытэт сярод вернікаў усіх канфэсіяў і шмат дапамагаў бедным. Бальшавікі абвінавацілі ксяндза ў змове і расстралялі. Гаворыць цяперашні дэкан магілёўскі Раман Факсіньскі:

(Факсіньскі: ) “Рэвалюцыя прынесла з сабой ня скажам, што добрае — прынесла таксама нянавісьць, злосьць. Ён стаў ахвярай гэтай злосьці”.

Сьвятаполк Мірскі быў пахаваны разам з двума міліцыянтамі, якія, паводле сьведчаньняў старых магілёўцаў, адмовіліся выконваць загад расстраляць ксяндза і былі пакараныя за гэта сьмерцю разам зь ім.

Днямі на магіле пакутнікаў быў усталяваны новы прыгожы помнік, зроблены на грошы вернікаў, польскай амбасады, шэрагу фондаў, у тым ліку і замежных. Сёньня помнік урачыста асьвяцілі. Магілёўскія каталікі гавораць, што Сьвятаполк Мірскі застанецца ў іх сэрцах як сымбаль адданасьці Богу і людзям.
XS
SM
MD
LG