Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад 1 лістапада ў Беларусі падвысяцца заробкі, пэнсіі, стыпэндыі, а таксама дзяржаўныя пошліны і штрафы


Галіна Абакунчык, Менск Пэнсіі вырасьлі на 9%: калі раней сярэдняя пэнсія складала 165, то цяпер 180 тысяч рублёў. Заробкі ў бюджэтнай сфэры й на дзяржаўнай службе вырасьлі прыкладна на 23%, а стыпэндыі студэнтам і навучэнцам ПТВ — у паўтара разу, гэта прыкладна на 30 тысяч рублёў. Акрамя таго, тарыфная стаўка першага разраду павялічаная з 38 да 48 тысяч рублёў, а мінімальная базавая велічыня з 19 да 24 тысяч рублёў. Адпаведна павялічыліся ўсе віды штрафаў і дзяржаўных пошлінаў, якія наўпрост залежаць ад памеру базавай велічыні.

Незалежныя эканамісты й палітыкі кажуць пра тое, што падвышэньне заробкаў і пэнсіяў павінна быць эканамічна абгрунтаваным. У цяперашняй беларускай сытуацыі павелічэньне бюджэтных выдаткаў можа нэгатыўна паўплываць на фінансавы рынак краіны, — заявіў у інтэрвію Свабодзе колішні прэм’ер ураду Міхаіл Чыгір.

(Чыгір: ) “Тое, што падвысілі заробак, гэта вельмі добра, але, каб гэта не прывяло да павелічэньня тэмпаў інфляцыі. Калі б у нас былі дадатковыя інвэстыцыі, новыя й высокаэфэктыўныя працоўныя месцы, то павелічэньне заробку было б апраўдана і мы былі б ўпэўненыя, што гэта добра й назаўсёды”.

Адмыслоўцы таксама заяўляюць, што павелічэньне выплатаў у Беларусі наўпрост зьвязанае з высокім коштам на нафту ў Расеі: гэта дае добры прыбытак усходнім суседзям, якія, набываючы беларускую прадукцыю, фінансуюць айчынны бюджэт. Але гэта не ўплывае на фінансавы стан прадпрыемстваў, для якіх адміністрацыйнае рашэньне ўраду можа мець разбуральныя наступствы, — кажа эканаміст Яраслаў Раманчук.

(Раманчук: ) “У прадпрыемстваў не запыталіся, ці дазваляе прадукцыйнасьць працы падвялічваць стандарты аплаты працы. Таму я лічу, што гэта ёсьць праяданьнем грошай, якія добрая кан’юнктура зьнешняга рынку стварыла й пагроза таго, што мы наўпрост за Расеяй паляцім на дно крызысу — яна існуе. І тады ўсе гэтыя сацыяльныя стандарты ня будуць мець ніякага значэньня”.

Тое, што падвышэньне выплатаў ня мае пад сабой эканамічнага падмурку, а прадыктавана палітычнымі меркаваньнямі, перакананы былы кіраўнік Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч.

(Багданкевіч: ) “Папярэдне мусіць адбывацца рост вытворчасьці працы, павелічэньне аб’ёмаў прадукцыі, а затым падвялічваецца заробак. Я пакуль гэтага ня бачу. Думаю, што гэта адгалоскі мінулай кампаніі па выбарах і рэфэрэндуму: спроба не дапусьціць незадаволенасьці ў зьвязку з фальсыфікацыямі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG