Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Панядзелак – апошні дзень, калі Буш і Кэры могуць праводзіць агітацыю – да пачатку выбараў засталося некалькі гадзінаў


Сяргей Навумчык, Нью-Ёрк Некалькі гадзінаў застаецца да пачатку выбараў прэзыдэнта Злучаных Штатаў. Сёньня – апошні дзень, калі кандыдат ад Рэспубліканскай партыі Джордж Буш і кандыдат ад Дэмакратычнай партыі Джон Кэры могуць праводзіць сустрэчы з выбаршчыкамі і весьці агітацыю. Выбарчая кампанія праходзіць зь лёзунгамі змаганьня зь міжнародным тэрарызмам, аднак міністар унутранай бясьпекі Том Рыдж заявіў, што спэцслужбы ня маюць зьвестак, якія маглі б сьведчыць пра магчымасьць нападаў на тэрыторыі ЗША ў дзень выбараў.

Яшчэ суткі таму казалі пра перавагу Буша – у адзін-два адсоткі. Але вось самыя апошнія зьвесткі выяўляюць невялікую перавагу Джона Кэры ў некаторых штатах, прычым сярод гэтых штатаў – два ключавыя.

Нагадаем, паводле закону, той кандыдат, які перамог у нейкім канкрэтным штаце, атрымлівае усе галасы гэтага штата. А галасаваць за прэзыдэнта будуць 538 выбарцаў. Загадзя вядома, што ў такіх традыцыйна “рэспубліканскіх штатах”, як Арызона, Тэхас, Аклахома, Джорджыя, Вірджынія – найхутчэй, пераможа Буш. У Нью-Ёрку, Масачусэтсы, Каліфорніі й Ілінойсе – перавага традыцыйна ў дэмакратаў, і тут пераможцам верагодна будзе Джон Кэры.

Вызначаць вынікі выбараў будзе галасаваньне ў тых штатах, дзе рэспубліканцы і дэмакраты ня маюць відавочнай перавагі. Гэта – Фларыда, Пэнсыльванія, Мічыган. Нэвада, Нью-Мэксыка, Мінэсота, Вісконсін, Нью-Гэмпшыр, Айова і Агаё. (Дарэчы, у Агаё, як вядома, вялікая прысутнасьць беларускай дыяспары.) Графік сустрэчаў Буша і Кэры з выбарцамі ў гэтыя апошнія дні разьмеркаваны менавіта па гэтых штатах.

У некаторых з гэтых штатаў праведзенае апытаньне тых, хто галасуе датэрмінова (гэта дазваляецца законам), так званы экзыт-пол – апытаньне на выхадзе з участкаў. Вось жа ў Агаё, па апошніх зьвестках, Кэры набірае 50%, а Буш – 47%. Гэткая ж сытуацыя і ў Фларыдзе. Але вось ў Вісконсіне за Буша – 55% выбаршчыкаў, а за Кэры – 47%.

Паводле апытаньня, зробленага на замову агенцтва Ройтэр па ўсіх ЗША, за Кэры гатовыя прагаласаваць 47%, а за Буша – 48% выбарцаў. Яшчэ два дні таму лічбы былі на карысьць Буша.
XS
SM
MD
LG