Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аксану Новікаву выклікаюць у міліцыю, але не за ўлёткі – яе вінавацяць у падробцы дакумэнтаў


Любоў Лунёва, Менск Праваабаронца Аксана Новікава лічыць, што ўлады спрабуюць распачаць супраць яе новую крымінальную справу – гэтым разам за падробку дакумэнтаў. Паводле Аксаны Новікавай, падставай для гэтага магла стаць яе апазыцыйная дзейнасьць.

Аксану Новікаву выклікалі ў пашпартна-візавую службу Савецкага раёну Менску, каб узяць тлумачэньні наконт дакумэнтаў, якія знаходзяцца ў картатэцы. Супрацоўнікі міліцыі прад’явілі Аксане запоўненую анкету на атрыманьне пашпарта на імя Ірыны Шынгаровай, але з фотаздымкамі Аксаны Новікавай. Аксана патлумачыла, што ніякага дачыненьня да гэтага ня мае.

Нагадаем, 4 красавіка 2003 года Цэнтральны суд Менску пакараў Аксану на 2 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня за паклёп на Аляксандра Лукашэнку. 9 чэрвеня 2004 года Фрунзенскі суд пакараў праваабаронцу на два з паловай гады абмежаваньня волі. На той момант Аксана Новікава была цяжарная, а паводле заканадаўства, да яе не можа быць ужытая такая мера пакараньня.

Аксана Новікава лічыць, што выклік ў пашпартна-візавую службу – працяг перасьледу за яе грамадзкую дзейнасьць.

(Новікава: ) “Я лічу выклік у пашпартна-візавую службу савецкага раёну пачаткам нейкай правакацыі супраць мяне. Можна цяпер распачаць крымінальную справу паводле таго, што я карысталася несапраўдным дакумэнтам. Але мне пайсьці ў пашпартна-візавую службы і атрымаць такі дакумэнт немагчыма. Не з маімі магчымасьцямі. Гэта могуць зрабіць толькі нейкія спэцслужбы. Я лічу гэта помстай за тое, што нічога ня могуць зрабіць у маёй крымінальнай справе за паклёп на Лукашэнку”.

У Савецкім упраўленьні міліцыі патлумачылі, што крымінальнай справы пакуль няма. Супрацоўнікі пашпартна-візавай службы зьбіраюцца правесьці праверку і потым вызначацца, што рабіць далей.
XS
SM
MD
LG