Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выдавецтва “Мастацкая літаратура” адмовілася выдаваць васьмітомнік Васіля Быкава


Валянціна Аксак, Менск Такі лёс задуманаму сябрамі выданьню Васіль Быкаў прадказваў ад самага пачатку працы над першым томам яшчэ тры гады таму. У тое, што дзяржаўнае выдавецтва у цяперашніх умовах выдасьць збор ягоных твораў, аўтар ня верыў – і не памыліўся.

Заплянаваны васьмітомнік дырэктар “Мастацкай літаратуры” Уладзіслаў Мачульскі рэклямаваў у прысутнасьці Васіля Быкава на міжнародным кніжным кірмашы ў Франкфурце-на-Майне яшчэ ў 2002 годзе, аднак выданьне першага тому неаднаразова пераносілася. Год таму ўсе прэтэнзіі выдаўцоў былі палагоджаныя, гаворыць укладальнік і аўтар прадмовы да выданьня доктар філялёгіі Міхась Тычына.

(Тычына: ) “У тым верасьні мы ўжо вычыталі карэктуру. Том быў зьвярстаны. Прадмову да яго разы тры мянялі, бо кожны, хто чытаў, меў нейкія прэтэнзіі, – у асноўным чыста палітычныя моманты”.

Тым ня менш, і сёлета цалкам падрыхтаваны да друку першы том ня выйшаў. Ня ўнесены ён у выдавецкія пляны і на 2005 год. На маё пытаньне, чаму, галоўны рэдактар выдавецтва Віктар Праўдзін адказаў наступнае.

(Праўдзін: ) “На ўсіх імпрэзах задаюць нейкія дзікія пытаньні: чаго мы Караткевіча не выдаём, чаго мы таго не выдаём, чаго мы Быкава не выдаём? Божа мой, у нас чатырыста выдавецтваў! Дык выдавайце, людзі, калі вы лічыце, што тут яны ня выходзяць, ну!”

Укладальнік васьмітомніку Міхась Тычына са шкадаваньнем гаворыць пра няспраўджаныя абяцаньні дзяржаўных выдаўцоў.

(Тычына: ) “Карацей, змарнавалі час, працу, дый усё… Атрымалася зусім ня тое, што плянавалі. А пляны былі выдатныя: так, як робіцца ў акадэмічнай навуцы – тэксталёгію па ўсіх правілах навукі мы рыхтавалі, з камэнтарамі, храналягічна… Быкаў у гэтым выданьні сапраўды быў бы Быкавым”.
XS
SM
MD
LG