Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладыя творцы прадставілі менскай публіцы музычную й паэтычную спадчыну Фрыдрыха Ніцшэ


Валянціна Аксак, Менск У суботу ў менскім музэі Ваньковічаў маладыя музыкі зладзілі канцэрт з твораў нямецкага філёзафа й паэта Фрыдрыха Ніцшэ. Піяніст Іван Лічко, скрыпач Кірыл Крысьця ды вакалістка Вольга Падгайская адкрылі беларускай публіцы яшчэ адзін бок таленту гэтага неадназначнага мысьляра, вершы якога ў перакладах Васіля Сёмухі таксама прагучалі на вечарыне. З адным зь ейных арганізатараў паэтам Андрэем Хадановічам, гутарыла наша карэспандэнтка.

(Аксак: ) “Спадар Андрэй, каму прыйшла да галавы ідэя зладзіць канцэрт з твораў Фрыдрыха Ніцшэ?”

(Хадановіч: ) “Такая шчасьлівая ідэя нарадзілася на стыку музыкі й філязофіі – можа гэта й дарэчна ў выпадку зь Ніцшэ. Малады філёзаф Макс Вэльвэтаў колісь набыў рэдкія партытуры музычных твораў Ніцшэ, а пасьля зацікавіў некалькіх, мне здаецца, вельмі пэрспэктыўных і таленавітых музыкаў. Апошнім пра ідэю паўтары гады таму пачуў я, грэшны, але таксама загарэўся жаданьнем стварыць такое вось сынтэтычнае дзейства да 160-годзьдзя Фрыдрыха Ніцшэ, тут і цяпер. Неяк так атрымалася, што больш моцныя бакі – філязофскі й паэтычны – крышачку засланілі сабою вельмі сымпатычнага, мне здаецца, кампазытара й музыку. Мы для сябе вырашылі выратаваць музычную спадчыну Ніцшэ”.

(Аксак: ) “А ці трэба гэта беларускаму слухачу, ці трэба гэта беларускай культуры?”

(Хадановіч: ) “Калі мы верым у тое, што жывем у цэнтры Эўропы ня толькі геаграфічна, калі мы верым у нашых інтэлектуалаў, у нашую краіну паэтаў, філёзафаў, музыкаў – я думаю, гэта неабходна як паветра. Тым больш што падзеі такога кшталту, як магчымасьць пачуць жывую музыку Ніцшэ, тым больш у перапляценьні зь ягонымі ж вершамі, мне здаецца, ня толькі ў Беларусі, але й на шырэйшай прасторы здараюцца не штодзённа.

Ніцшэ нібыта аказаўся закладнікам уласных бліскучых мэтафараў, колісь кінутых у творах, аказаўся закладнікам таго, хто яго чытаў пасьля, каму ён падабаўся пасьля. Таму абсалютна незаслужана існуе, і нават у адукаваных колах, такі стэрэатып. Мы, канечне, зробім усё магчымае, каб разбураць такія недарэчныя, на пустым месцы створаныя стэрэатыпы”.
XS
SM
MD
LG