Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле барысаўскага таксіста, толькі два пасажыры з 67 апытаных галасавалі на рэфэрэндуме ў падтрымку ініцыятывы Лукашэнкі


Падрыхтаваў Міхал Стэльмак Агляд незалежнага друку

“Кур’ер з Барысава” паведамляе ў сьвежым нумары пра падзеі ў ва Ўкраіне. Напярэдадні галасаваньня журналісты гэтага выданьня наведалі ўкраінскі горад Луцк і распавялі пра грамадзка-палітычныя настроі яго жыхароў. Як вынікае з публікацыі, большасьць лучанаў хацелі б бачыць на пасадзе прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанку. Гэткі выбар яны тлумачаць спадзяваньнямі на перамены. Менавіта з асобай спадара Юшчанкі суразмоўцы карэспандэнтаў барысаўскага “Кур’еру” зьвязваюць дэмакратызацыю палітычнага жыцьця Ўкраіны й ажыцьцяўленьне тут эканамічных рэформ. І наадварот, абраньне новым прэзыдэнтам Украіны Віктара Януковіча, паводле украінцаў з Луцку, падоўжыць іхняе зьбядненьне. Паколькі якраз пры старшыні ўраду Януковічы, як даведаюцца чытачы барысаўскай газэты, некалі танныя украінскія тавары (у прыватнасьці, алей і сала) падаражэлі амаль удвая.

Зьвяртаецца “Кур’ер з Барысава” і да тэмы беларускіх выбараў і рэфэрэндуму, што адбыліся 17 кастрычніка. Свой погляд на вынікі гэтых падзеяў выказвае на старонках газэты шараговы жыхар Барысава Аляксандр, які працуе тут таксістам. Аляксандр падчас галасаваньня апытваў сваіх пасажыраў, якіх абслугоўваў на таксі. Дык вось, паводле таксіста, толькі два пасажыры з 67 апытаных галасавалі ў падтрымку ініцыятывы Лукашэнкі. Мізэрная колькасьць чалавек ухваліла ягонае жаданьне трэці раз балятавацца на пасаду прэзыдэнта Беларусі і ў калектыве, дзе працуе жонка барысаўскага таксіста. Гэтыя сацыялягічныя зьвесткі, паводле Аляксандра, супярэчаць афіцыйным лічбам галасаваньня, што выклікае ў яго абгрунтаваны сумнеў наконт праўдзівасьці перамогі Лукашэнкі на рэфэрэндуме.

Сумнеў у абгрунтаванасьці дзеяньняў беларускіх уладаў выказвае на сваіх старонках і яшчэ выданьне – “Беларускі рынак”. Карэспандэнт штотыднёвіка зрабіў спробу высьветліць у супрацоўнікаў КГБ прычыны затрыманьня амэрыканскага грамадзяніна Ільлі Мафтэра, які вось ужо два тыдні знаходзіцца ў сьледчым ізалятары. Як вынікае з тлумачэньня “чэкістаў”, спадар Мафтэр нібыта парушыў беларускае заканадаўства ў сфэры сувязі. А менавіта, пры яго ўдзеле тэлефанаваньні паміж Беларусьсю і Амэрыкай ажыцьцяўляліся праз інтэрнэт, а не праз каналы сувязі прадпрыемства “Белтэлекам”. Тым самым, паводле спэцслужбаў, амэрыканскі грамадзянін нанёс эканамічную шкоду прадпрыемству “Белтэлекам”, якое не атрымала магчымага прыбытку. “Беларускі рынак”, аднак, сьцьвярджае, што даказаць злачынны характар дзеяньняў Ільлі Мафтэра праваахоўным органам будзе складана – у прыватнасьці таму, што ў Злучаных Штатах такія дзеяньні ня ёсьць злачыннымі.

Дарэчы, у той час як КГБ прыкладае шмат намаганьняў каб засьцерагчы беларускую эканоміку ад “капеечных” фінансавых стратаў, народнагаспадарчы комплекс краіны пакутуе ад буйных стратаў з прычыны нядбайнага кіраваньня, за якое ніхто не нясе пакараньня. “Віцебскі кур’ер”, напрыклад, распавядае пра банкруцтва Віцебскага кансэрвавага заводу. Хто вінаваты ў яго заняпадзе – праваахоўныя органы не цікавіць. А між тым, завод ня мае ні прадукцыі, ні грошай на рахунку. Таму зараз за даўгі распрадаюць яго маёмасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG