Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1 лістапада – Дзень памяці продкаў і Дзень усіх сьвятых у каталікоў


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 31 кастрычніка і 1 лістапада

Сьпярша – пра каляндар учорашняе нядзелі.

31 кастрычніка ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваецца Лука. Як паведамляе этнограф Уладзімер Васілевіч, у гэты дзень паўсюль спраўлялі восеньскія вясельлі, і шчасьлівыя сваты задаволена канстатавалі: “На Лукаша дзеўка наша”.

31 кастрычніка 1905 году ў Менску адбылася трагедыя, што ўвайшла ў падручнікі пад назваю “Курлоўскі расстрэл”. У гэты дзень каля вакзала – цяпер цэнтральнага чыгуначнага, а тады ён называўся Віленскім – сабраўся 20-тысячны мітынг менчукоў, якія выступалі супраць манархіі, за дэмакратычную рэспубліку. На загад губэрнатара Курлова супраць дэманстрантаў былі кінутыя паліцыя й войска. Пачалася страляніна, у выніку якой 100 чалавек былі забітыя і каля 300 параненыя.

31 кастрычніка 1937 году карнікамі НКВД быў расстраляны Антон Баліцкі – дзяржаўны дзеяч, адзін з завадатараў і праваднікоў палітыкі беларусізацыі ў БССР.

31 кастрычніка 1961 году цела Сталіна вынесьлі з маўзалею на Краснай плошчы ў Маскве. Разам зь Ленінам Сталін праляжаў там восем гадоў.

31 кастрычніка 1968 году Аркадзю Куляшову і Максіму Танку прысвоілі званьне народных паэтаў Беларусі.

І цяпер – пра сёньняшні каляндар.

Сёньня Дзяды, Дзень памяці продкаў і Дзень усіх сьвятых у каталікоў.

1 лістапада 1868 году нарадзіўся Зьміцер Даўгяла – беларускі гісторык старое школы. Прыйшоў на сьвет Даўгяла ў Казьянах пад Шумілінам.

Таксама 1 лістапада, але ў 1873 годзе нарадзіўся Іван Замоцін, літаратуразнавец, які шмат зрабіў дзеля станаўленьня беларускай літаратурнай навукі ў часы беларусізацыі. Стаў акадэмікам, выдаў Збор твораў Максіма Багдановіча, распрацоўваў мэтодыкі выкладаньня літаратуры.

Таксама ў гэты дзень прыйшлі на сьвет Уладзімер Крыловіч, які стаў легендай беларускага тэатру, археоляг і антраполяг Глеб Бонч-Асмалоўскі, які першым на тэрыторыі Беларусі выявіў парэшткі нэандэртальца, і пісьменьнік Вячаслаў Адамчык.
XS
SM
MD
LG