Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Роўна год таму ў Беларусі была створана Эўрапейская кааліцыя “Свабодная Беларусь”


Уладзімер Глод, Менск 1 лістапада 2003 году ў Беларусі была створаная Эўрапейская кааліцыя. У кааліцыю, якая ўзяла сабе назоў “Свабодная Беларусь”, увайшлі 22 арганізацыі. Сярод іх – Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада) Міколы Статкевіча й жаночая партыя “Надзея” Валянціны Матусевіч, а таксама блёк “Свабодная Беларусь”, касьцяк якога складаюць актывісты “Хартыі’97”, грамадзкія арганізацыі – “Беларуская жаночая ліга”, “Адраджэньне Айчыны”, грамадзянскія ініцыятывы “Мы памятаем!”, “Беларуская салідарнасьць”, “Прыватная ўласнасьць” ды іншыя.

На ўстаноўчым сходзе Эўрапейскай кааліцыі яе стваральнікі казалі, што галоўная мэта кааліцыі – вельмі шляхетная й высакародная: даць эўрапейскую будучыню народу Беларусі. Зразумела, што гэта калясальная задача, і перамога будзе тады, калі людзі, якія раней стаялі на іншых пазыцыях, падтрымаюць ідэю адзінай Эўропы. Наколькі кіраўніцтва кааліцыя задаволенае сваёй працай? Вось як адказаў на маё пытаньне адзін з сустаршыняў “Свабоднай Беларусі” Андрэй Саньнікаў:

(Саньнікаў: ) “Калі браць пад увагу тыя мэты й задачы, якія мы ставілі, то даволі шмат было зроблена. Перадусім, былі распаўсюджаныя дзесяткі тысячаў інфармацыйных матэрыялаў не толькі пра Эўрапейскую кааліцыю, але й пра Эўразьвяз з сымболікай нашай кааліцыі. Падчас парлямэнцкіх выбараў усе суб''екты кааліцыі ў сваіх улётках казалі пра Эўразьвяз, пра неабходнасьць інтэграцыі з Эўропай як адзіны шлях Беларусі да вяртаньня ў Эўропу”.

Але ж калі сыходзіць з афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў, то яны не сьведчаць пра тое, што ідэя вяртаньня ў Эўропу мае на Беларусі шмат прыхільнікаў... Але ж, перадусім, афіцыйныя дадзеныя часта істотна разыходзяцца з сапраўднымі вынікамі. А па-другое, падчас выбарчай кампаніі эўрапейская кааліцыя змагла давесьці да значнай аўдыторыі эўрапейскія каштоўнасьці. Вось што гаворыць пра гэта спадар Саньнікаў:

(Саньнікаў: ) “Калі казаць пра выбары, то было дзесьці 64 кандыдаты. Але ж я лічу, што з Эўрапейскай кааліцыяй улады найбольш жорстка абыходзіліся. Напрыклад, два сябры, Валеры Леванеўскі й Аляксандар Васільеў, атрымалі па два гады турмы. Яшчэ два чалавекі – Валеры Шчукін і Зьміцер Бародка – іх здымалі з выбарчай гонкі, а Шчукіна перад выбарамі таксама кінулі за краты. Але ж мы не разьлічвалі, што выбары ў Беларусі пройдуць як сапраўдныя выбары. Таму мы выкарыстоўвалі выбарчую кампанію як магчымасьць распаўсюджваць інфармацыю, каб прыцягнуць увагу людзей да эўрапейскага шляху. І я лічу, што мы гэта зрабілі”.

Шмат спадзяваньняў на станоўчыя зрухі беларусаў на карысьць эўрапейскага выбару было зьвязана з пашырэньнем агульнай эўрапейскай сям’і за кошт непасрэдных суседзяў Беларусі. Ці спраўдзіліся гэтыя спадзяваньні? Як мне падаецца – толькі ў невялікай ступені. І гэта зразумела, паколькі тое, што бачыць на экранах беларускі глядач далёка не супадае з рэчаіснасьцю. Вось як камэнтуе гэта сустаршыня Эўрапейскай кааліцыі Андрэй Саньнікаў:

(Саньнікаў: ) “Я лічу, што станоўчае стаўленьне да аб’яднанай Эўропы ў Беларусі зрабілася пасьля таго, як нашы непасрэдныя суседзі ўвайшлі ў Эўразьвяз і адразу пасьля гэтага. Але ж мы ведаем, што ніякай праўды пра жыцьцё ў Польшчы, Літве, Латвіі па беларускаму тэлебачаньню, у афіцыйных газэтах ня знойдзеш. Таму больш важкай становіцца й нашая інфармацыйная праца пра Эўразьвяз”.
XS
SM
MD
LG