Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раманчук: "Чаму не параўноўваецца сытуацыя з Польшчай, дзе беспрацоўныя атрымоўваюць па $150 даляраў, а сярэдні заробак складае $610, ці з Эстоніяй, дзе пэнсіянэры атрымоўваюць па $200?"


Галіна Абакунчык, Менск Ад 1 лістапада ў Беларусі падвышаюцца ўсе віды заробкаў, пэнсіяў і стыпэндыяў. Заробкі дзяржчыноўнікаў вырастуць на 22%, супрацоўнікаў бюджэтнай сфэры на 27%, на гэтулькі ж павялічваецца тарыфная стаўка першага разраду. Пэнсіі будуць падвышаныя на 18%, а працоўныя пераразьлічаныя ў сярэднім на 9%. Стыпэндыі стануць большымі ў паўтара разы.

Як гэты факт камэнтуюць незалежныя эканамісты? Перадусім дадам, што паводле афіцыйнай інфармацыі, пасьля падвышэньня, тарыфная стаўка першага разраду будзе 48 тысячаў рублёў, сярэдні памер заробкаў у бюджэтнікаў складзе 175 даляраў, а колькі ў чыноўнікаў – не паведамляецца. Студэнты будуць атрымоўваць на 20 тысячаў больш – гэта 60-80 тысячаў беларускіх рублёў. А пэнсія па ўзросту складзе 180 тысячаў рублёў. І, як падкрэсьліваюць чыноўнікі, гэта ёсьць найвышэйшай сумай сярод усіх краінаў СНД. Гэтыя заявы пра выключныя даходы беларускіх пэнсіянэраў ў інтэрвію Свабодзе пракамэнтаваў эканаміст Яраслаў Раманчук:

(Раманчук: ) “Сёньня Лукашэнка гаворыць пра СНД, але ён не гаворыць, што Пуцін заявіў пра падвышэньне пэнсіяў на 40%. Альбо чаму, да прыкладу, не параўноўваецца сытуацыя з Польшчай, дзе беспрацоўныя атрымоўваюць па 150 даляраў, а сярэдні заробак складае 610 даляраў, ці з Эстоніяй, дзе пэнсіянэры атрымоўваюць па 200 даляраў? То бок, параўнальная шкала ёсьць зусім іншая. І калі ў Расеі яшчэ ёсьць нафта й газ і там ёсьць што прадаваць, дык у Беларусі намінальныя пэнсіі могуць і павялічвацца, але ў рэальнасьці зьменьшацца так, што людзі на свае пэнсіі й заробкі будуць у стане набываць значна менш”.

Дадам, што сёньня нават шараговыя грамадзяне кажуць, што кожнае падвышэньне выплатаў цягне за сабой рост коштаў на прадукты й тавары, камунальныя й іншыя паслугі. Эканамісты папярэджваюць таксама, што з наступнага году будзе даражэць электраэнэргія, паліва й газ, а зь 1 студзеня ўрад плянуе падвышаць мыту на імпарт спажывецкіх тавараў дзеля абароны ўнутранага рынку. Таму рост коштаў для жыхароў краіны гарантаваны, які цяперашнія даплаты зьвядзе ў нішто.

Як вядома, падчас адмысловай нарады з урадоўцамі, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што падвышэньне выплатаў праводзіцца не з прычыны нейкай палітычнай падзеі, а паводле дзяржаўнага графіка падвышэньня заробкаў, якія ў наступным годзе мусяць адпавядаць эквіваленту 250 амэрыканскіх даляраў.

Што на гэта кажуць палітыкі? Незалежныя палітыкі ўсе гэтыя заявы й захады называюць спробай стварыць у электарату ўражаньне сапраўднага клопату ўладаў пра народны дабрабыт, што вельмі важна падчас такой сур’ёзнай палітычнай кампаніі, як прэзыдэнцкія выбары, якія не так далёка. Да прыкладу, вось што ў інтэрвію Свабодзе сказаў адзін зь лідэраў Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Дабравольскі:

(Дабравольскі: ) “У нас былі такія падвышэньні, якія выкарыстоўваліся для таго, каб прадэкляраваць, што быццам бы ў эканоміцы ўсё добра, а дзяржава клапоціцца пра народ. Насамрэч, кожны раз пацьвярджалася, што гэта ня праўда. Адзіна што попыт з боку Расеі, якая мае дадатковыя грошы ад продажу нафты, некаторы час можа пратрымаць і Беларусь. Але рана ці позна мы яшчэ зьведаем нялёгкія часы”.

Акрамя таго, зь 1 лістапада падвышаюцца кошты на харчаваньне школьнікаў: цяпер школьныя абеды будуць каштаваць 960 рублёў на дзень. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка загадаў кантрольным службам адсочваць, каб прадукты набываліся выключна ў дзяржаўных структурах.

Гл. таксама • Ад 1 лістапада ў Беларусі падвысяцца заробкі, пэнсіі, стыпэндыі, а таксама дзяржаўныя пошліны і штрафы
XS
SM
MD
LG